Политика

Ірына Марозава

Карбалевіч: «Вырашана вырваць Беларусь з еўрапейскага цывілізацыйнага асяродку і штучна далучыць да Усходу і Поўдню»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра тое, што дасць Беларусі ўступленне ў ШАС і чаму ў пераарыентацыі на Усход больш піяру, чым практычнага сэнсу.

На летнім саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) Беларусь будзе прынятая ў склад аб’яднання. Аб гэтым заявіў у эфіры БТ дзяржсакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч. Паводле яго словаў, усе дзяржавы-удзельніцы падпісалі адпаведныя пратакольныя дакументы, і кропка будзе пастаўленая 4 ліпеня.

— Уступленне Беларусі ў ШАС яшчэ болей умацуе бяспеку і эканамічныя магчымасці Беларусі, — з пафасам адзначыў Вальфовіч.

Нагадаем, Беларусь з 2015 года мае статус назіральніка ў ШАС, а з 2022 года афіцыйна папрасілася ў склад арганізацыі (сёння ў яе ўваходзяць 9 краін: Індыя, Іран, Казахстан, Кыргызстан, КНР, Расія, Пакістан, Таджыкістан і Узбекістан). Аднак, падобна, працэдура разгляду заяўкі зацягнулася, на што міжволі і ўказаў Аляксандр Вальфовіч.

Гэтаксама не спяшаецца распахнуць сяброўскія абдымкі для Беларусі і міжнароднае аб’яднанне БРІКС, куды летась Мінск перадаў ноту аб намеры стаць паўнапраўным чальцом.

Зрэшты, мяркуе Валер Карбалевіч, нічога надзвычайнага ў такім зацягванні тэрмінаў няма: бюракратычныя працэдуры ўзгаднення цягнуцца доўга. Іншая справа, які плён дасць Беларусі ўваходжанне ў тую ж ШАС ці БРІКС, акрамя імітацыі насычанай знешнепалітычнай дзейнасці?

— Уступленне ў ШАС і БРІКС, на маю думку, трэба падзяляць, — зазначае эксперт у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Працэдура ўступлення ў ШАС запушчаная, і, у прынцыпе, рашэнне прынятае, і гэтым годам Беларусь сапраўды стане чальцом ШАС. Наколькі я разумею, рэч у тым, што такое рашэнне павінна быць прынятае на саміце, а саміты адбываюцца раз на год, таму тут чыста працэдурны момант.

З БРІКС сітуацыя іншая, і там увогуле няма нейкіх зразумелых правіл і працэдура прыёму непразрыстая. Бо БРІКС — у пэўным сэнсе клуб, дзе раз на год збіраюцца прадстаўнікі краін-чальцоў і нешта абмяркоўваюць, то ШАС — больш прасунутая арганізацыя, дзе існуюць наднацыянальныя органы.

Чальцы БРІКС — краіны, якія маюць нейкую міжнародную вагу. Беларусь такой вагі не мае, таму і пытанне пра яе прыём адсунутае, прэтэнзія на ўваходжанне ўш БРІКС падвісае.

Наогул, цяпер толькі ідзе працэс станаўлення гэтай арганізацыі, вызначаецца стратэгія дзейнасці, з’яўляюцца новыя чальцы (цяпер іх таксама 9: Бразілія, Расія, Індыя, КНР, Паўднёвая Афрыка, ААЭ, Іран, Егіпет і Эфіопія — С), і ў што гэта выльецца далей, пакуль незразумела.

Прыняццё краіны ў падобнага роду арганізацыі, адзначае Валер Карбалевіч, не варта перабольшваць, бо рэальнага ўплыву на рэалізацыю яе міжнародных інтарэсаў гэта не аказвае:

— Тая ж ШАС, у якую Беларусь збіраецца ўвайсці — гэта рэгіянальная арганізацыя, якая павінна вырашаць праблемы бяспекі, эканамічнага, энергетычнага, гуманітарнага, тэхнічнага супрацоўніцтва. Але туды ўваходзяць вельмі розныя краіны, паміж якімі існуюць моцныя супярэчнасці — скажам, Індыя і Кітай, Індыя і Пакістан. Таму дамагчыся вырашэння агульных праблем уяўляецца вельмі складаным, калі ўвогуле магчымым.

Таму, хоць ШАС і мае пэўныя супольныя, наднацыянальныя органы, усё ж збольшага гэта нагадвае дыскусійны клуб кшталту СНД, дзе лідары збіраюцца раз на год (і тое не заўсёды офлайн, часта саміты адбываюцца па відэасувязі) і абмяркоўваюць нейкія праблемы, не больш за тое.

У гэтым плане Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, гаворыць палітолаг, моцна адрозніваецца ад таго ж НАТО, чальцы якога аб’яднаныя на падставе агульных каштоўнасцяў і ўяўленняў пра існуючыя праблемы і пагрозы бяспецы, маюць агульную мадэль развіцця і г.д.

У той час як у ШАС уваходзяць краіны з рознымі культурамі, рэлігійнымі і цывілізацыйнымі асаблівасцямі — не кажучы ўжо пра тое, што арганізацыя аб’ядноўвае азіяцкія краіны, а Беларусь — еўрапейская:

— І аб’яднаць іх у структуру з агульнымі мэтамі і інтарэсамі вельмі цяжка. Якія, скажам, агульныя інтарэсы ў Беларусі і Пакістана?

— То-бок, словы Вальфовіча пра ўмацаванне бяспекі і эканамічныя магчымасці — гэта збольшага спроба выдаць жаданае за рэальнае, паказаць, што вось і ў нас яшчэ ёсць міжнародная вага?

— Гэта, хутчэй, палітыка піяраўская, чым рэальная. Уступленне Беларусі ў ШАС не паўплывае ні на эканамічныя адносіны з краінамі-чальцамі, ні на пытанні бяспекі і іншыя магчымасці супрацоўніцтва.

Калі браць апошнія крокі Беларусі на знешнепалітычным фронце, там пераважаюць менавіта піяраўскія чыннікі. Узяць паездку Лукашэнкі ў краіны Афрыкі — што гэта рэальна дае Беларусі ў эканамічным, у геапалітычным плане, у пытаннях бяспекі? Вельмі цяжка сфармуляваць.

І ўваходжанне ў ШАС — з таго ж шэрагу. Пасля 2020 года адбываецца глабальны паварот у замежнай палітыцы Беларусі: следам за Расіяй яна разрывае адносіны з Захадам і шукае іншыя варыянты — Усход, глабальны Поўдзень.

Прынята палітычнае рашэнне вырваць Беларусь з таго еўрапейскага цывілізацыйнага асяродку, у якім яна развівалася стагоддзямі, і штучна далучыць да Усходу і Поўдню, да краін з вельмі далёкімі ад Беларусі культурнымі і цывілізацыйнымі нормамі.

У існага рэжыму няма іншага выйсця, дзеля выжывання яму даводзіцца ладзіць такія абсалютна штучныя палітычныя павароты. Аднак, думаю, калі ў Беларусі ў будучым нешта памяняецца, яна вернецца ў Еўропу.

Пры тым само па сабе супрацоўніцтва з краінамі Усходу і Поўдню, дыверсіфікацыя знешняга гандлю (калісьці Лукашэнка паставіў задачу, пераарыентаваць трэць беларускага гандлю на краіны так званай дальняй дугі — С) — рэч добрая, дадае эксперт:

— Развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, дыверсіфікацыя — тут пастаноўка пытання слушная. Бо калі супрацоўніцтва цалкам завязанае на адной краіне, на Расеі, гэта вялікая праблема для бяспекі ва ўсіх планах. Але, калі пытанне ставіцца «альбо-альбо», альбо Еўропа, альбо Поўдзень, што было рэалізавана пасля 2020 года — гэта якраз памылка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(13)