Общество

Гарбунова: «Мы павінны зноў і зноў звяртаць увагу сусветных лідараў на тое, што ў XXI стагоддзі адбываецца ў Беларусі»

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Гарбунова пракаментавала смерць Аляксандра Кулініча ў брэсцкім СІЗА.

Вольга Гарбунова

— У СІЗА не прымаюць лекі, там практычна немагчыма атрымаць прафесійную медычную дапамогу. Для таго каб убачыць сапраўдных медыкаў і патрапіць у шпіталь з СІЗА, трэба ледзь не паміраць.

У СІЗА людзі пакінутыя ўвогуле без самых элементарных сродкаў, каб паклапаціцца пра сябе. У СІЗА ёсць карцар, недастатковае харчаванне і ніякай медычнай дапамогі. 

Смерць Аляксандра Кулініча — яшчэ адно сведчанне таго, што рэжым без разбору кідае людзей за краты, і што сілавікам Лукашэнкі пляваць, якія хваробы ў чалавека, колькі яму гадоў, ці ёсць у яго інваліднасць.

Пакаранне іншадумцаў у Беларусі пераўтварылася ў бессэнсоўны садысцкі канвеер, які перамолвае і перамолвае чалавечыя жыцці, і рэжым не бачыць у гэтым ніякай праблемы. 

І на вялікі жаль, высілкі міжнароднай супольнасці ўсё яшчэ не дастатковыя, каб гэты канвеер спыніць. Так не павінна быць! Мы павінны зноў і зноў звяртаць увагу сусветных лідараў на тое, што ў XXI стагоддзі адбываецца ў Беларусі, краіне амаль у цэнтры Еўропы.

І прымаць усе магчымыя і немагчымыя меры, каб палітвязні выйшлі на свабоду. Гэта ўжо шостая смерць за кратамі чалавека, змешчанага туды па абсалютна надуманым абвінавачанні паводле палітычных матываў. Колькі іх патрэбна, каб спыніць рэпрэсіўны апарат?

Вольга Гарбунова выказала самыя шчырыя спачуванні родным і блізкім Аляксандра Кулініча, адзначыўшы, што гэта «яшчэ адна незагойная рана на сэрцы вольнай і дэмакратычнай Беларусі, якую ўсе мы імкнёмся пабудаваць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(6)