Ціханоўская: «Рэжым Лукашэнкі — крэсла на трох ножках: грошы, рэпрэсіі і Расія»

Падчас візіту на Кіпр нацыянальная лідарка патлумачыла, чаму ўлада ў Беларусі не такая ўстойлівая, як здаецца.

— Рэжым значна больш уразлівы, чым здаецца. Ён падобны на крэсла на трох ножках: грошы, рэпрэсіі і Расія. Калі ўпадзе адна ножка, разваліцца і ўсё крэсла, — заявіла Святлана Ціханоўская на Кіпры падчас брыфінгу для амбасадараў у пасольстве Польшчы.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Нацыянальная лідарка заклікала падтрымаць намаганні па вызваленні палітвязняў на міжнародным узроўні.

— Пакуль мы размаўляем, тысячы палітзняволеных знаходзяцца за кратамі. Людзей у турмах ізалююць і катуюць, утрымліваюць у вельмі цяжкіх умовах. Прынамсі пяць чалавек ужо памерлі, — нагадала палітык. — Падтрымайце наш заклік да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў. Патрабуйце доступу да іх. Настойвайце на тым, каб інстытуты ААН звярнулі ўвагу на крызіс. Без ціску і міжнароднай увагі рэжым будзе працягваць разбураць нашае грамадства і забіваць нашых людзей за кратамі.

Яна таксама заклікала палітыкаў дапамагчы вырашэнню праблемаў беларусаў з легалізацыяй за мяжой, мабільнасцю і выдачай візаў.

— Я ўпэўненая, што змены ў Беларусі адбудуцца раней, чым у Расіі. У Беларусі няма падтрымкі дыктатуры. Няма падтрымкі ўдзелу ў вайне. Беларусы — глыбока еўрапейская нацыя, якая, як і Украіна, стала ахвярай імперскіх амбіцыяў Расіі, — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)