Брухан: «Лукашэнка будзе сумяшчаць дзве пасады, каб цалкам кантраляваць сітуацыю на наступныя пяць год»

Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан — пра ролю Усебеларускага народнага сходу.

— Усебеларускі народны сход — гэта новы орган, які фактычна дэманструе нам палітычную трансфармацыю рэжыму, — кажа Арцём Брухан у эфіры Еўрарадыё. — У 2020 годзе пасля пратэстаў было меркаванне, што Расея ці Пуцін асабіста прапаноўвалі Лукашэнку сысці і вырашыць палітычны крызіс праз транзіт улады. Выглядае, што Лукашэнка пагадзіўся.

Арцём Брухан. Фота: скрышот з эфіру Еўрарадыё/Youtube

І для гэтага транзіту трэба было нешта пабудаваць, Лукашэнка ж не можа проста так сысці. І вось ён падумаў, што заўсёды збіраў УНС, паглядзеў на прыклады іншых краін. Цікава, што ў Казахстане такую функцыю транзіту ўлады спрабаваў выкарыстаць Савет бяспекі, а ў Туркменістане створаны орган вельмі падобны на УНС.

Але, мяркуе Брухан, пачалася поўнамаштабная вайна, Лукашэнка зразумеў, што зацэментаваў сітуацыю, кантралюе яе, а грамадства «задушана». Таму паўстала пытанне, навошта наогул транзіт і навошта тады Усебеларускі народны сход.

— Таму зараз УСН выконвае функцыю зацэментавання яго «элітаў» — Лукашэнка хоча зацэментаваць сваіх паплечнікаў і паказаць маналітнасць улады, што ўвесь народ у выглядзе гэтых 1200 чалавек за ім і за яго.

То бок спачатку орган быў створаны для транзіту, а зараз ён сядзіць і думае, навошта ён яму. Але ж у Канстытуцыі ён ужо прапісаны і нікуды яго не дзець. Ён сядзіць і хістаецца на сваіх нарадах: трэба прыдумаць, чым будзе займацца народны сход. Прайшло колькі часу, ужо Канстытуцыю змянілі, а ён задае пытанні.

Трансфармацыя ішла ў бок транзіту, але потым Лукашэнка звярнуў яе назад. І адзінае, што ён можа зараз зрабіць, гэта узначаліць УНС і зноў пайсці на прэзідэнцкія выбары. То бок гэтую маналітную сістэму яшчэ больш маналітазаваць і зрабіць моцнай таталітарнай сістэмай, якая будзе выпрацоўваць нейкую ідэалогію.

Эксперт таксама зазначае, што ўлады не хаваюць: у Беларусі зрасліся тры галіны ўлады.

— Калі раней Лукашэнка казаў, што ў нас ёсць прадстаўнічая ўлада, заканадаўчая, судовая. То зараз ужо паказваюць, што ёсць орган, дзе сабраныя ўсе галіны ўлады, і ўзначальвае гэта хто...?

Канешне, УНС — гэта фікцыя. Ужо выверана, хто туды едзе, гэтыя людзі прайшлі ўсе праверкі КДБ.

Я думаю, што Лукашэнка будзе сумяшчаць дзве пасады: прэзідэнта і кіраўніка УНС, каб цалкам кантраляваць сітуацыю на наступныя пяць год, таму што як можа быць дзве ўлады ў краіне?

Тым больш парламенцкія выбары даюць наступную думку: была створана нібыта партыя ўлады «Белая Русь». Калі паглядзець мінулы сход палаты прадстаўнікоў, то «Белая Русь» як грамадская арганізацыя была прадстаўлена 60%, зараз — 43%, то бок прадстаўнікоў партыі ўлады стала менш, чым было дагэтуль.

Лукашэнка не захацеў ці забаяўся даць бальшыню сваёй партыі, таму што ён пакуль не кіраўнік гэтай партыі. Думаю, першы сігнал таго, што ён будзе спрабаваць пайсці на транзіт, калі ў палаце прадстаўнікоў будзе большасць «Белай Русі», а ён будзе яе ўзначальваць. Гэта будзе адзін з сігналаў таго, што ён, хутчэй за ўсё, не пойдзе на прэзідэнцкую пасаду. А зараз так не выглядае, — заключае Арцём Брухан.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(4)