Политика
Сяргей Навумчык, ”Радыё Свабода”

Зянон Пазьняк: "У мяне пацяклі сьлёзы"

15 гадоў таму Бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня” сталі дзяржаўнымі сымбалямі. У верасьні 1991 году, празь некалькі дзён пасьля правалу маскоўскага путчу і наданьня на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету “Дэклярацыі аб сувэрэнітэце” статусу канстытуцыйнага закону, на патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ была скліканая яшчэ адна сэсія. У парадак дня было ўключана і пытаньне аб назове краіны і дзяржаўных сымбалях.

Аднак настроі большасьці дэпутатаў у сярэдзіне верасьня істотна розьніліся ад жнівеньскіх, “пасьляпутчаўскіх”. Дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая, але ва ўрадавых кабінэтах заставаліся тыя ж самыя чыноўнікі, якія былі прызначаныя партыяй. Вячаслаў Кебіч, які ў грамадзкай сьвядомасьці ўвасабляў намэнклятуру, заявіў пра намер заняць пасаду старшыні Вярхоўнага Савету (у верасьні 1991-га ён саступіць толькі некалькі галасоў Станіславу Шушкевічу).

Калі 25 жніўня 1991 г. канстытуцыйнасьць “Дэклярацыі аб сувэрэнітэце” набрала дзьве траціны галасоў, дык праз тры тыдні атрымаць галасы паловы дэпутатаў, неабходных для прыняцьця дзяржаўнай сымболікі, выглядала праблематычна.

Акрамя таго, трэба было тэрмінова зрабіць эталён дзяржаўных сьцяга і гербу (як вядома, у розных крыніцах існавалі розныя (у дэталях) выявы “Пагоні”). На просьбу Зянона Пазьняка, групу мастакоў узначаліў Яўген Кулік, яму дапамагалі Лявон Бартлаў і Мікола Купава. Эталён гербу і сьцягу імі быў створаны.

У Доме ўраду, у фае перад Авальнай заляй была зроблена выстава, прысьвечаная гісторыі Бел-чырвона-белага сьцягу і “Пагоні”. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у прыватных гутарках тлумачылі калегам па парлямэнце эпізоды беларускай гісторыі; некаторыя дэпутаты-ветэраны толькі ў тыя дні ўпершыню пачулі пра Грунвальд.

19 верасьня, калі падышоў час абмеркаваньня і галасаваньня, па настроях значнай часткі дэпутатаў зрабілася відавочна, што рашэньне можа і не прайсьці. Тады Зянон Пазьняк патэлефанаваў акадэміку-матэматыку Уладзімеру Платонаву, папрасіў яго тэрмінова прыехаць і зачытаць афіцыйнае заключэньне навукоўцаў-гісторыкаў. Для “намэнклятурных” дэпутатаў пасада Платонава – прэзыдэнт Акадэміі Навук – мела аўтарытэт. Яшчэ большы аўтарытэт у намэнклятуры меў Георгій Таразевіч – былы Старшыня Прэзыдыюму ВС БССР, а ў той момант – старшыня камісіі і член Прэзыдыюму ВС СССР, якога таксама папрасілі выступіць у падтрымку нацыянальных сымбаляў.

Прыгадвае Старшыня Апазыцыі БНФ у ВС 12-га скліканьня Зянон Пазьняк:

(Пазьняк: ) “...Ужо апошняе галасаваньне, і зноў не набярэм адзін-два галасы. І гэта ўжо будзе канец. І тады я падышоў да аднаго намэнклятурнага камуніста, нашага ворага, я бачыў, што ён галасаваў "супраць". Узяў яго за руку і, гледзячы ў вочы, сказаў: "Я Вас вельмі прашу, прагаласуйце за Сьцяг, дзеля нашай будучыні. Мы ж – беларусы!". Ён быў ашаломлены. Але гэта быў прыстойны чалавек, і ён сказаў: "Добра. Я прагаласую". І прагаласаваў. Трэба было набраць 231 голас. І калі на табло зьявілася лічба 231, я страціў прытомнасьць. Я проста ўпаў на стол галавой...

Павінен сказаць, што за ўсё жыцьцё, у цяжкіх фізычных і маральных абставінах, я ніколі не губляў прытомнасьці, ніколі не "адключаўся". Прыняцьце сьцягу нагэтулькі было цяжкім, нагэтулькі вымучыла усіх нас, “фронтаўцаў”, у Вярхоўным Савеце, і нагэтулькі вісела на валаску, што калі сьцяг быў прыняты, я адключыўся на нейкі час.

Прыйшоў у сябе хутка, сэрца было ў вельмі дрэнным стане, трэба было адпачыць трохі, але мяне пацягнулі на плошчу. Там стаяла тысячы дзьве людзей, можа, тысяча, трэба было выступаць. І калі я прыйшоў на плошчу, я яшчэ не адышоў ад вобмараку, і ня мог выступаць. Я пачаў нешта лепятаць, і ў мяне пацяклі сьлёзы. Цякуць сьлёзы перад усімі, я думаю: "Ну ўсё, канец палітыку Пазьняку. Плача, як баба. Усё". І як ні дзіўна, гэтага ніхто не заўважыў. Проста ўсе жылі гэтай падзеяй. Плакалі многія, гэта здавалася натуральным, і многія проста не заўважылі майго стану. Вось як запомнілася мне псыхалягічна гэта ўсё”.

У той жа дзень, 19 верасьня 1991 г., быў зьменены назоў краіны – замест Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі яна стала называцца Рэспубліка Беларусь.

Вясной 1995 года прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка выступіў зь ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму, які прадугледжваў, сярод іншага, скасаваньне Бел-чырвона-белага сьцягу і “Пагоні” як дзяржаўных сымбаляў і наданьне расейскай мове роўнага статусу зь беларускай. Праект “новай” сымболікі распрацоўваў кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын. Дэпутаты Апазыцыі БНФ заявілі пра неканстытуцыйнасьць рэфэрэндуму і на знак пратэсту абвясьцілі галадоўку, але былі зьбітыя ў залі парлямэнту спецпадразьдзяленьнем КДБ “Альфа”.

Адразу пасьля рэфэрэндуму (травень 1995 г.) кіраўнік справаў адміністрацыі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў узьняўся на дах адміністрацыі і перад відэакамэрай разадраў Бел-чырвона-белае палотнішча на кавалкі, паставіўшы на іх свае аўтографы. Аднак прыкметна, што Вярхоўны Савет 12-га скліканьня так і не зацьвердзіў вынікі рэфэрэндуму – гэта зрабіў толькі Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ў 1996 годзе.

Нагадаем, што падчас рэфэрэндуму назіральнікі зафіксавалі парушэньні “Закону аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)” – апанэнты ўлады не маглі данесьці альтэрнатыўную пазыцыю праз СМІ, на шмат якіх ўчастках зарэгістравалі фальсыфікацыі. На думку былога члена Канстытуцыйнага Суду, доктара юрыдычных навук, прафэсара Міхаіла Пастухова, “калi прызнаць, што пытаньнi аб мове i замене сымболiкi не маглi, паводле дзейнага заканадаўства, выносiцца на галасаваньне, тады «пераможныя» вынiкi страчваюць сваю прававую сiлу i ня цягнуць за сабою нiякiх прававых наступстваў. Iх папросту належыць забыць i аднавiць ранейшае становiшча”.

(Пазьняк: ) “Нацыянальны дзяржаўны сьцяг і герб – гэта сымбалі дзяржавы і нацыі. Але ня толькі сымбалі. Сьцяг і герб ёсьць эквівалентам дзяржавы і эквівалентам нацыі. Прытым рэальным эквівалентам, так як, скажам, грошы ёсьць эквівалент пэўнай затрачанай працы. Калі ёсьць дзяржава, дык ёсьць і сьцяг. А калі няма сьцяга – дык нават карабля на моры ня будзеш мець, прыйдзецца хадзіць пад чужым сьцягам. Таму сьцяг – гэта найважнейшая каштоўнасьць, якая сьцьвярджаецца ў першую чаргу. Як толькі сьцьвярджаецца нацыянальная дзяржава, тут жа прымаецца нацыянальны сьцяг. Гэта – мэта ўсёй нацыі. Які сьцяг – такая і дзяржава.

Мы маем цяпер фальшывы сьцяг, мы маем цяпер фальшывы рэжым. Гэта карэлюецца, і гэта зьвязана. Таму барацьба за сьяг – гэта ёсьць барацьба за свабоду, за нацыю, за будучыню. Гэта ёсьць, паўтараю, найважнейшая каштоўнасьць у дзяржаўным будаўніцтве. Тры ёсьць важныя для нас каштоўнасьці – для ўсіх нас, аб'ектыўна, незалежна ад палітычных разыходжаньняў. Гэта наша дзяржава незалежная, гэта наша мова беларуская, і гэта наш Бел-чырвона-белы сьцяг і наш герб "Пагоня".

Вось гэтыя сымбалі для нас ёсьць найважнейшыя. Яны прарастаюць з глыбіні, з глыбіні нашай Вялікай Літвы, іх ніхто не прыдумаў, ніякі дыктатар. Іх прыдумаў наш народ, наша культура, на іх кроў нашых продкаў. І таму мы павінны гэты сьцяг берагчы як сьвятое. Ён дапаможа нам вярнуцца да нашай велічы, да нашай Вялікай Літвы".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)