Политика
Даша Форман, Еврорадио

Зянон Пазьняк прэзентаваў у Варшаве 4 новыя кнігі (фота)

А таксама распавёў пра перспектывы Беларусі, яшчэ раз патлумачыў, чаму байкатуе выбары, а таксама выказаў сваю версію наконт смерці Алега Бябеніна.

Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк прэзентаваў 9 верасня ў Варшаве 4 новыя кнігі.

“Першая кніга называецца “Дэпутаты незалежнасці”, гэта кніга пра дэпутатаў апазіцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце XII склікання. Пра людзей, якія здабылі незалежнасць для Беларусі. У кніжцы ёсць партрэты, біяграфіі і апісанне кожнага ўдзельніка. Акрамя таго ў ёй змешчаны артыкулы майго аўтарства і аўтарства Сяргея Навумчыка пра дзейнасць апазіцыі ў 1990-х гадах, пра барацьбу за беларускае нацыянальнае войска, за беларускія грошы, грамадзянства. Гэтыя падзеі цяпер замоўчваюцца рэжымам.

Друга кніга – гэта дэкларацыя “Першы крок да незалежнасці”, дзе апісаны падзеі прыняцця дэкларацыі. І яшчэ дзве кнігі, якія з’яўляюцца першым і другім томам канцэпцыі Новага Беларускага Адраджэння. Першая называецца “Развагі”, другая – “Цяжкі час”. Усяго будзе чатыры тамы. У іх сабрана шмат дакументаў, артыкулаў і фатаграфій з 1990-х па 2002 год”, – распавёў прысутным Зянон Пазьняк.

Пасля прэзентацыі ён адказваў на пытанні пра перспектывы Беларусі: “Наша грамадства пачынае бачыць шкоднасць палітыкі Лукашэнкі і гэтыя незадавальненні выльюцца ў грамадскія дзеянні і вылучаць новых людзей. Ёсць новыя людзі, але яны яшчэ не праявілі сябе. Трэба верыць і спадзявацца. Далейшыя крокі будуць тады, калі зменяцца адносіны грамадства да рэжыму, і ўжо гэтыя адносіны крытычныя. Калі людзі пачнуць пазбаўляцца страху, тады з'явяцца лідары, якія павядуць людзей”.

Таксама ён распавёў, чаму выступае за байкот прэзідэнцкіх выбараў:

– У гэтых выбарах у нас канцэпцыя байкоту, паколькі іх выйграць немагчыма. Падзеі могуць павярнуцца так, як не плануюць у Мінску і Маскве. Гэта можа быць і плошча, але плошча можа быць рознай. Масы людзей больш не будзе, яны не выйдуць. Але можа быць плошча з некалькіх соцень, дзе палова будзе пераапранутых, палова з Масквы.

У сітуацыі гэтай фальсіфікацыйнай машыны, калі людзі адлучаны ад уплыву ў галасаванні, калі не магчыма ні кантраляваць, ні змяніць заканадаўства і ўплываць на падлік галасоў – хаджэнне на выбары бессэнсоўная справа. У тых выбарах, дзе не будзе ўдзельнічаць Лукашэнка, буду ўдзельнічаць я. Выбары хутчэй за ўсе адбудуцца ў снежні, і Лукашэнка ў чацверты раз зробіць сябе прэзідэнтам, і гэта адбудзецца пры дапамозе Масквы.

Таксама Зянон Пазьняк выказаў сваё меркаванне па сітуацыі, якая склалася вакол гібелі журналіста Алега Бябеніна:

– Я думаю, што гэта смерць ненатуральна, па тых звестках, якія паддаюцца аналізу, не выходзіць, што гэты чалавек скончыў жыццё самагубствам. З другога боку, ён не быў ані палітычным дзеячам, ані публічным журналістам, які некага разаблачаў альбо камусьці залез у косці і таму ўзнікае пытанне, чаму яго забілі. Ведаючы, як працуюць былыя савецкія спецслужбы, цалкам можна дапусціць, што гэтая смерць была зроблена для таго, каб абвастрыць становішча і на некага павесіць гэтую смерць. Выглядае, што хацелі павесіць на Лукашэнку, а можа і наадварот, таму я тут бачу подлую барацьбу спецслужбаў і з усходу і з захаду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)