Звычайны дармаед
Каго наша дзяржава лічыць дармаедамі і ці апраўдваюць яны сваю мянушку? Мы пагаварылі з шасцю маладымі героямі, якія атрымалі «лісты шчасця», пра тое, за што іх падатковая сістэма ўзяла ў абарот.
Жэня, 28 гадоў, былы прадпрымальнік
– У мяне была свая кропка на рынку ў 2012-м: вазіў адзенне на продаж, справы ішлі нядрэнна. Улетку 2014 года продажы ўпалі, а тут яшчэ новы закон увялі, па якім мне трэба было і бухгалтарскі ўлік весці самому, уяўляеш? У рэшце рэшт я закрыў ІП і застаўся без працы. У гандлёвым цэнтры «Эвіком» у Віцебску 14-ы шэраг, дзе я стаяў, цяпер увесь пусты, ды і на ўсім рынку пакупнікоў амаль няма, а прадаўцы, што засталіся, днямі сядзяць у тэлефоне. Тыя, хто быў у гандлі ўжо даўно, змаглі ўтрымацца. А я не змог. Трэба было раней пачынаць, а то зайшоў у аўтобус на апошнім прыпынку.
Працы цяпер асабліва няма, з чаго падатак плаціць? Вось збіраюся шукаць вакансіі на біржы, хоць не асабліва ўпэўнены, што там можна знайсці нешта талковае.
Каця, 27 гадоў, маркетолаг
– Я была ў шоку, калі атрымала ліст, бо ў 2015-м я афіцыйна працавала ў кампаніі, і мой дырэктар сам адпраўляў дакументы ў падатковую, я ведала пра гэта. Але здарылася непаразуменне: мае дакументы згубіліся. Прыйшлося самой ехаць да інспектара. Відаць было, што самі працаўнікі інспекцыі не ведалі, што са мной рабіць, – мяне адпраўлялі з аднаго кабінета ў другі. І так пяць разоў. Дакументы ў рэшце рэшт знайшліся, падатак не прыйшлося плаціць.
Мабыць, сістэма яшчэ не адпрацаваная: многія мае сябры таксама па памылцы атрымалі лісты, у іх ліку і сяброўка з Італіі, якая ўжо шмат гадоў не жыве ў Беларусі, і іншыя працуючыя сябры.
Таміла, 25 гадоў, былая студэнтка
– Я скончыла ўніверсітэт летам 2015-га, і за гэты год мне таксама прыйшоў ліст пра «дармаедства». Пералічыла дні – атрымалася роўна паўгода пасля завяршэння вучобы. Вельмі нервавалася і перажывала, цэлы дзень была без настрою, дрэнна спала. Так складана знайсці працу адразу пасля ўнівера, а тут яшчэ і падатак трэба плаціць. Вырашыла даведацца пра ўсё, паехала ў падатковую, паказала даведку аб дыпломе. Там на мяне паглядзелі са здзіўленнем: «Навошта прыйшла?» Узялі даведку, сказалі напісаць заяву і вызвалілі ад выплаты падатку.
Улад, 25 гадоў, беспрацоўны
– Мне прыйшоў ліст у снежні 2016-га, я ўжо аплаціў падатак. З аднаго боку, я разумею дзяржаву: у нас і медыцына бясплатная, і іншыя выдаткі, якія трэба аплачваць. З іншага – такі падыход вельмі абмяжоўвае маладых людзей, якія хочуць стварыць нешта новае і карыснае. Для бізнэсу патрэбныя і час, і грошы, каб раскруціцца. А цяпер атрымліваецца, калі паўгода не працуеш – плаці падатак.
Сёння шматлікія думаюць, як бы хутчэй уладкавацца на «нармальную» працу з 9 да 6, толькі каб у дармаеды не залічылі. Мне здаецца, гэта так сабе для развіцця як творчасці, так і бізнэсу.
Працяг тут
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное