Политика
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Звольнены намеснік міністра ЖКГ напрыканцы 1990-х быў сакратаром управы БНФ

Учора стала вядома, што намесніка міністра ЖКГ Анатоля Шагуна знялі з пасады «ў сувязі з учыненнем праступка, несумяшчальнага са знаходжаннем на дзяржаўнай службе».

Цяпер высвятляюцца дастаткова цікавыя падрабязнасці біяграфіі спадара Шагуна. Аказваецца, што напрыканцы 1990-х ён нейкі час займаў пасаду сакратара ўправы БНФ.

«Гэта было дзесьці ў 1997—1999 гадах, увесь час быў у сядзібе на Варвашэні, — узгадвае фронтавец Аляксей Кавалец. – Ён швагер Вячаславу Сіўчыку. Калі адбыўся раскол у БНФ, то ён адышоў ад справаў. Шагун сімпатызаваў Пазняку і, магчыма, быў сябрам КХП-БНФ, але гэтага дакладна я сказаць не магу».

«Спакойны, нармальны хлопец. Мне здаецца, што хутчэй за ўсё яго падставілі. Калі езджу ў машыне, то слухаю радыё, дык неаднаразова чуў інтэрв’ю Анатоля Шагуна — даваў іх заўсёды на беларускай мове», — дзеліцца сваімі думкамі спадар Кавалец.

Памятае Шагуна па БНФ і перакладчык, педагог Лявон Баршчэўскі. «Гэта дысцыплінаваны і адказны чалавек — не дзіва, што ён выбіўся ў намеснікі міністра, бо надзвычай добры выканаўца. Ён стараўся не свяціцца, але размаўляў на мове, дапамагаў, чым мог», — кажа Баршчэўскі.

У «Моладзевай фракцыі БНФ» з Анатолем Шагуном перасякаўся і сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец. «Гэта надзвычай прафесійны чалавек, сціплы, беларускі. Інтарэсы дзяржавы ён ставіць вышэй за свае асабістыя інтарэсы», — лічыць Павел Севярынец.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)