Общество
Сямён Печанко

Звольненая з Гродзенскага ўніверсітэта гісторык Іна Соркіна атрымала прэмію імя Льва Сапегі

Узнагарода даецца за выдатны ўнёсак у фармаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці і пабудову незалежнай, дэмакратычнай Беларусі.

Фота «Гарадзенская бібліятэка»

Гісторык з Гродна Іна Соркіна стала лаўрэатам прэміі імя Льва Сапегі ў 2014 годзе. Цырымонія ўручэння прайшла 4 красавіка ў Варшаўскім універсітэце.

Кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна да 2014 года працавала выкладчыцай на факультэце гісторыі, турызму і камунікацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яе спецыялізацыя — малыя гарады і мястэчкі Беларусі. У студзені Іну Соркіну звольнілі. Гісторык лічыць прычынай звальнення сваю актыўную грамадскую пазіцыю. Працуючы ва ўніверсітэце, яна падтрымала звольненых раней калег — Андрэя Чарнякевіча, Ігара Кузьмініча, Вячаслава Шведа.

Прэмія імя Льва Сапегі

Заснаванне прэміі ў 2006 годзе ініцыявалі Студыюм усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта і Уроцлаўскі Калегіюм Усходняй Еўропы. Фундатарамі прэміі з’яўляюцца польскія ўніверсітэты Варшавы, Кракава, Познані, Уроцлава і Беластока. Узнагароджанне адбываецца пад патранатам прэзідэнта Польшчы.

У год заснавання лаўрэатам прэміі стаў гісторык і палітык Валянцін Голубеў. Пазней узнагароду атрымлівалі Язэп Янушкевіч, Сяргей Токць, Аляксандр Жлутка, Уладзімір Ляхоўскі, Андрэй Ляховіч, Пётра Рудкоўскі і Алесь Лагвінец.

Пераможца атрымлівае магчымасць цягам навучальнага года займацца даследаваннямі і чытаць лекцыі ў вядомых універсітэтах Польшчы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)