Общество
Анастасія Зелянкова

«Звар’яцелы партызан выхапіў пісталет і два разы стрэліў у Фаню...»

Пабачыла свет кніга Іллі Копыла «Нябышына. Вайна». Гэта аповед пра акупацыю асобна ўзятай вёскі ў перыяд другой сусветнай вайны. Аўтар, які ў час вайны быў падлеткам, дзеліцца сваімі ўспамінамі пра тое, што чынілі партызаны з мірным насельніцтвам, як паводзілі сябе немцы і якія міфы пра вайну і партызанскі рух былі створаны савецкай прапагандай.

“Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ведаюць праўду, з кожным годам застаецца менш. Тыя, хто яшчэ з намі, не жадаюць адкрыць акопную праўду. Міфы аб вайне: пра ўсенародны ўздым, пра масавы патрыятызм, пра “За Радзіму, за Сталіна” – ім больш даспадобы, — адзначае Ілля Копыл. — У адрозненне ад ветэранаў я жадаю, каб аб другой сусветнай вайне была напісана праўда, якой бы горкай яна не была”.

На пачатак вайны Іллі Копылу было сем год. Ягоная вёска Нябышына, месцілася у шасці кіламетрах ад савецка-польскай мяжы (зараз Докшыцкі раён) і ўсю вайну знаходзілася пад акупацыяй. Таму тое, што адбывалася ў тыя часы, аўтар пабачыў на ўласныя вочы. І гэтыя ягоны ўспаміны вельмі розняцца ад таго, што можна прачытаць у сённяшніх школьных падручніках або пачуць па радыё і тэлебачанні.

— Гэтая кніга – яшчэ адзін абразок праўды, — лічыць выдавец Віктар Хурсік. — Тыя, хто, як Ілля Копыл, нарадзіліся ў 30-я гады, маглі б шмат расказаць пра вайну. Але такіх успамінаў чамусьці з’яўляецца вельмі мала. Гэта прыклад для тых, каму ёсць што сказаць.

У кнізе аўтар падае факты, якія часам могуць здзівіць і нават выклікаць абурэнне. Тут і пра тое, як партызаны правакавалі немцаў да расправы над мірным насельніцтвам, як самі паступалі з вяскоўцамі (як напрыклад, з дзяўчынай Фаняй, якую застрэліў партызан толькі за тое, што яна адмовілася з ім танцаваць), успамінае, як салдаты падбухторвалі яго, дзесяцігадовага хлопчыка, стрэліць у чалавека. Ёсць у кнізе і расповед пра брата Мікалая, які загінуў проста па недарэчнасці ў партызанскім атрадзе і магілу якога потым, ужо пасля вайны, ускрылі, каб перазахаваць дзеля святкавання чарговай гадавіны Перамогі.

— А вы Лукашэнку яшчэ не паслалі такую кнігу? — запыталіся падчас прэзентацыі ў аўтара. — Прэзідэнт жа казаў: “Пакладзіце мне на стол нашу “Вайну і мір”!” Вось яму і “мір”, вось яму і “вайна”. Толькі наўрад ці ён стане чытаць пра такую вайну.

Прапануем вашай увазе некаторыя ўрыўкі з кнігі Іллі Копыла “Нябышына. Вайна”.

Пачатак вайны

... Хоць мяжа была ліквідавана, нашым вяскоўцам яшчэ доўгі час не дазвалялася наведаць сваіх сваякоў і знаёмых у Восаве, Докшыцах і ў іншых месцах Заходняй Беларусі. Калі мы, мой тата і я, у першы раз наведаліся ў Восава, то аслупянелі. Мы ўбачылі там чыстую роўную вуліцу, светлыя, добрыя хаты, двары, агароджаныя штакетнікам і прыгожа пафарбаваныя, стрэхі хат, пакрытыя чарапіцай ці ацынкаванай бляхай. У нашай савецкай вёсцы Нябышына стрэхі былі саламяныя, двары агароджаны як папала.

Мяне больш за ўсё ўразіла тое, што на вуліцы Восава я не ўбачыў кароў і іх ляпёшак. Вуліца ў нашай вёсцы была цалкам забруджана, асабліва раніцай, калі кароў выганялі ў поле. Убачыўшы ўсё гэта мой бацька, сам сабе, тады прамовіў: “Вось табе і польскі прыгнёт”.

А тое, што заходніх беларусаў нкусаўцы пагналі на расстрэл у Катынь і Курапаты, што заходніх беларусаў эшалонамі адпраўлялі ў савецкі ГУЛАГ за Урал і ў Запаляр'е, ні мой бацька, ні я не ведалі.

Другая сусветная вайна для беларусаў пачалася 1 верасня 1939 года, але мы, усходнія беларусы, гэтага не заўважылі і не адчулі.

Першы раз у першы клас

1-га верасня 1941 года я пайшоў у першы клас. Ніякай нацысцкай прапаганды ў школе не вялося. Настаўніца ні разу не называла ўслых прозвішчы фашысцкіх правадыроў Гітлера, Гебельса, Герынга. Яна нас проста вучыла чытаць, пісаць і лічыць. Прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі ні разу не наведалі школу, каб пракантраляваць навучальны працэс.

Але вучыцца нам давялося нядоўга. У лістападзе (зямля ўжо была падмарожана, але снег яшчэ не выпаў) да школы падышла група ўзброеных людзей...

Гэта былі чырвонаармейцы, якія адсталі ад фронту. Іх шмат блыталася ў навакольных лясах. Яны былі брудныя, абадраныя, няголеныя; навялі на нас жах. Магчыма, яны шукалі ежу.

У клас увайшлі трое, астатнія засталіся на вуліцы. Яны былі вельмі здзіўлены — ідзе вайна, немцы пад Масквою, а тут, як ні ў чым не бывала, у школе ідуць заняткі! Такое дапусціць нельга.

Адзін з іх, магчыма старэйшы, схапіў настаўніцу загрудкі і закрычаў ёй у твар: “Ты фашысцкая прыслужніца, здрадніца", — і штосьці яшчэ. Потым ён успомніў пра нас і па-драпежніцку закрычаў: “А вы, фашысцкія ўблюдкі, марш дадому і каб вашага духу тут больш не было!"

Яны размаўлялі па-руску. Можна сказаць, што гэта быў для нас першы ўрок рускай мовы і апошні ўрок заняткаў у школе.

Мы, напалоханыя, пабеглі дадому, кінуўшы ў школе сваё адзенне, буквары, пісьмовыя прылады. Больш мы ў школу не пайшлі, было небяспечна.

Наша вёска ва ўмовах акупацыі

Я дакладна не ведаю памер падаткаў, якія здаваў мой бацька немцам, але добра памятаю, што для сябе заставалася значна больш, падаткі нельга было назваць рабаўніцкімі...

Трэба прызнаць, што нямецкая адміністрацыя не кантралявала, якое ў гаспадарцы гадуецца пагалоўе жывёлы. Так акрамя свіней мы гадавалі 15-20 авечак. Калі да акупацыі мы маглі дазволіць сабе мяса толькі па вялікіх святах, на Каляды. Вялікдзень, Тройцу, Дзяды, то ва ўмовах акупацыі мы маглі дазволіць сабе мяса кожны дзень.

Немцы да нас у вёску амаль не наведваліся. Мы — дзеці — не адчувалі таго, што жывём пад акупацыяй. У вёсцы быў ўсяго адзін паліцай, 18-гадовы хлопец з мясцовых, бяскрыўдны. Калі немцы і прыязджалі ў вёску, то да старасты. Але такое здаралася не так і часта.

Начны візіт

У снежаньскую ноч 1942 года мы пачулі грукат у шыбу, а затым у дзверы. Бацька запаліў лямпу, запытаў: “Хто там?” — “Свае, адчыняй”, — пачулася з вуліцы.

У хату ўвайшло 10-12 чалавек, іх выгляд быў бандыцкі. Я напалохаўся і пачаў моцна плакаць. “Заткніце яму рот”, — сказаў адзін з іх.

Потым яны запыталіся, ці ёсць у вёсцы немцы? Бацька адказаў, што іх няма і не бывае, можа адзін-два разы на месяц праедзе патруль у дзённы час і ўсё.

Старэйшы сказаў: “Нам патрэбны адзенне, абутак, харч”. Мама хутка падрыхтавала яешню, парэзала сала, каўбасу, хлеб, паставіла на стол салёныя грыбы, капусту — усё, што было. Ці то ў жарт, ці ў сур'ёз адзін запытаўся: “А дзе самагонка?”

Але самагонкі ў нас не было. Пасля "трапезы" бацька аддаў ім боты, ватоўку, штосьці яшчэ. Але партызанам гэтага было мала: убачылі бацькаў кажух — забралі, сушыліся каля печкі валёнкі — забралі.

Бацька ўпрошваў не забіраць кажух і валёнкі, селяніну без іх зімой вельмі цяжка пражыць. Старэйшы са злосцю прамовіў: “Зараз я цябе прыстрэлю і не патрэбны табе будуць ні кажух, ні валёнкі”.

Настрой у партызан сапсаваўся. “Дзе харчы?” — звярнуўся да мамы адзін з партызан. “Дык я ж вас пакарміла”, — адказала яна. Пачуўшы гэты, як ім здалося, наіўны адказ, партызаны раз’юшыліся. Яны патрабавалі адчыніць клець, забралі сала, каўбасы, кумпякі — усё, што можна было несці і колькі можна было панесці.

Гэта было звычайнае рабаўніцтва. Нам пашчасціла, што ў іх не было транспарту і нават рэчавых мяшкоў. У нас засталося збожжа, бульба, у хляве стаяла жывёла.

Пасля гэтага здарэння прадукты харчавання мы трымалі ў розных месцах, у тайніках. I вопратку навідавоку не трымалі. Мой бацька вельмі шкадаваў кажух і валёнкі.

Для параўнання хачу сказаць, што за ўвесь час акупацыі ў нашу хату ўсяго аднойчы зайшоў немец. Гэта было ў студзені 1942 года. Ён пераступіў парог і прамовіў: “Матка, яйка”, — і чакаў, стоячы на палавіку ля дзвярэй.

Са спалоху мама схапіла кошык з яйкамі і паднесла немцу. “Найн, найн”, — сказаў ён і паказаў пяць пальцаў. Мама паклала на яго далонь 5 яек, ён сказаў: “Данке”, — і выйшаў з хаты.

Першая ахвяра вайны

...Вечарамі партызаны ладзілі танцы Аднойчы адзін з гэтых партызанаў, будучы п’яным, запрасіў на танец дзяўчыну Фаню Пашкевіч. Яна адмовіла яму, сказала: “Я з п’янымі не танцую”.

— Сука, закрычаў ён, — а з п’янымі немцамі ты танцуеш?!

— Я іх ні разу не бачыла, немцы ў нас танцы ніколі не ладзілі, — спакойна адказала Фаня.

Звар’яцелы партызан выхапіў пісталет і два разы стрэліў у Фаню. Гэта адбылося ў хаце, на вачах вяскоўцаў і іншых партызан. Праз некалькі гадзін яна памерла.

Фаня была самая прыгожая дзяўчына нашай вёскі. Гэта была першая ахвяра вайны ў нашай вёсцы. I адкрылі крывавы лік партызаны.

Злачынцу не пакаралі. “Гэта мой лепшы кулямётчык”, — сказаў камандзір атрада Мядзведзеў. I дадаў: “На вайне ахвяры непазбежныя”. Але ж гордую дзяўчыну Фаню забілі не ў баі.

Я адмовіўся помсціць

Праз некалькі тыдняў, калі фронт быў ужо далёка на захадзе, праз нашу вёску рухалася невялікае армейскае падраздзяленне, чалавек у 20-25 на 8-10 павозках. На нашым гумне яны спыніліся на прывал, распалілі паходную кухню, сталі рыхтаваць сабе абед.

Я тут жа падключыўся да іх, стаў збіраць і падносіць дровы. За гэта атрымаў чарпак супу, які налілі ў салдацкі кацялок, а ў накрыўку ад кацялка паклалі кашу. Ежа была смачная.

Сярод салдат быў палонны немец. Ён атрымаў на абед такую ж порцыю, як і ўсе.

Пасля абеду камандзір стаў са мной размаўляць — колькі мне гадоў, дзе мой бацька. Потым запытаўся, ці ёсць у нашай сям'і загінуўшыя ў часы акупацыі. Я адказаў: “Так, ёсць”, — і пералічыў усіх загінуўшых сваякоў.

Ён сказаў, што наша сям'я моцна пацярпела ад акупантаў. Запытаўся, ці ўмею я страляць. Я адказаў, што ўмею. Афіцэр даў мне карабін і сказаў, што я за ўсё магу адпомсціць, магу застрэліць палоннага немца.

Немец насцярожыўся, магчыма ён зразумеў, аб чым ідзе гаворка. Я зірнуў на яго, а ён глядзеў на мяне шырока расплюшчанымі вачамі.

Мне не хацелася помсціць ні гэтаму немцу, ні любому іншаму. Я сказаў афіцэру, што маіх сваякоў забілі паліцаі. Я хацеў яшчэ дадаць, што брата Мікалая забілі партызаны, але ён мяне спыніў і ўдакладніў, што немцы і паліцаі — усе яны фашысты.

Мне стала не па сабе, заныла пад лыжачкай. Я паклаў карабін на зямлю, кінуўся на ўцёкі і прасядзеў у кустах, пакуль салдаты не пакінулі наша гумно.

Міты пра партызанскі рух у Беларусі

Пра партызан, пра партызанскі рух складзена, прыдумана шмат міфаў. Тыя міфы прыдумалі самі ж партызанскія начальнікі і камісары. Потым гэтыя міфы падхапілі, выказваючыся сённяшнім жаргонам, "чэсныя" журналісты і пісьменнікі.

Міт першы, быццам бы партызаны нанеслі немцам велізарны ўрон. Насамрэч, калі страты і былі нанесены, дык хутчэй за ўсё не немцам, а мірнаму насельніцтву. Я ўжо прыпамінаў мост цераз раку Поню. А такіх жа мастоў і масткоў у Беларусі была не адна тысяча. Разбуры кладкі цераз ручэй і адсылай наверх данясенне, што знішчаны яшчэ адзін мост, яшчэ адзін стратэгічны аб'ект.

Прачытаў неяк мемуары камбрыга Ціткова "Брыгада Жалязняк". З іх я даведаўся, што партызаны ў маёй роднай вёсцы двойчы разграмілі нямецкі гарнізон. Але ж у вёсцы Нябышына за ўсю вайну ніколі не было нямецкага гарнізона. Як можна двойчы разграміць тое, чаго ўвогуле не існавала? Часова ў нас размяшчаліся "радзіёнаўцы", але супраць іх партызаны нават пікнуць баяліся.

Міф другі, быццам бы партызаны абаранялі насельніцтва ад немцаў. Гэта хлусня. Калі немцы і паліцаі забівалі людзей у вёсках Шуняўка, Вітунічы, Нябышына, партызаны спакойна назіралі са сваіх сховішчаў, як адбываецца працэс. Яны пальцам аб палец не ўдарылі, каб абараніць людзей. Ніхто з іх не праявіў геройства і самаахвярнасці, не выступіў са зброяй у абарону вяскоўцаў. А ведалі ж, што будзе тварыцца, інфармаваныя былі.

Самай надзейнай абаронай ад акупантаў было б тое, каб партызан увогуле не было. Яны стваралі небяспечныя ўмовы для жыцця мірнага насельніцтва і стваралі іх свядома і наўмысна. Партызаны — саўдзельнікі ў злачынствах. Але самі спраўна складалі акты, пратаколы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адпраўлялі іх у Крэмль...

Міф трэці, быццам бы партызанскі рух у Беларусі быў масавым, усенародным. I тут, мякка кажучы, да праўды вельмі далёка...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)