Золатавалютныя рэзервы за месяц гахнулі на 670 мільёнаў долараў

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі, разлічаныя па стандартах МВФ, за 2010 год зменшыліся на USD 621,8 мільёна (11%), пры тым што асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі быў прадугледжаны іх рост на USD 0,5–1,83 мільярда.

На 1 студзеня 2011 гады золатавалютныя рэзервы склалі USD 5030,7 мільёна супраць USD 5652,5 мільёна на 1 студзеня 2010 году, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.

Пры гэтым за снежань 2010 гады рэзервы зменшыліся на USD 674,70 мільёна (11.8%), пасля зніжэння на USD 142,8 мільёна за лістапад і USD 136,6 мільёна за кастрычнік.

Прычым актывы ў замежнай валюце скараціліся яшчэ больш катастрафічна — за месяц яны зменшыліся на траціну і склалі USD 1907,7 мільёна.

Затое на золаце Лукашэнка з Пракаповічам перад выбарамі пасядзелі.

Варта адзначыць, што ўзровень золатавалютных запасаў у Беларусі ў прапорцыі да ВУП застаецца адным з найніжэйшых у Еўропе. Ён вышэйшы нават у беднай Малдове.

Валютныя запасы — гэта свайго роду падушка бяспекі для эканомікі. МВФ рэкамендуе, каб яны складалі не менш за вартасць 3-месячнага аб’ёму імпарту краіны.

Апошні раз беднасць валютных запасаў Беларусі дала пра сябе знаць у ліпені, у часе газавага канфлікту з Расеяй, калі краіна элементарна не мела свабодных грошай, каб расплаціцца па расейскіх патрабаваннях. Тады выручыў Азербайджан, які зрабіў для нашай краіны тэрміновую пазыку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)