Общество

Сямён Печанко

«Знаёмы габрэй з ЗША прачытаў пра новую кавярню ў Навагрудку. І напісаў, што мусіць сюды прыехаць»

Краязнаўца Тамара Вяршыцкая расказала «Салідарнасці», ці можа Навагрудчына прыцягнуць тысячы турыстаў.

Тамара Вяршыцкая, фота са старонкі ў фэйсбуку

Тамара Вяршыцкая — супрацоўніца Навагрудскага краязнаўчага музея, стваральніца Музея габрэйскага супраціву, краязнаўца.

У красавіку з ёй і яе калегай Галінай Кавальчук не будзе працягнуты працоўны кантракт. На яе думку, прычынай сталі музейныя экскурсіі па горадзе, якія праходзілі па нядзелях і выклікалі павышаную цікавасць сілавікоў.

— За тое, што мы не выконваем загады накшталт — выгнаць з музея людзей, якія прыйшлі паглядзець фільм або на экскурсію... Цярпенне іхняе дайшло да апошняга. Зараз яны пазбаўляюцца ад людзей, якія іх не баяцца. Я ведаю, за што, бо я не прагінаюся, — падзялілася думкамі пра магчымыя прычыны звальнення у каментары Радыё Свабода супрацоўніца музея.

Для пачатку Тамара Вяршыцкая расказала «Салiдарнасцi», чым старажытны Навагрудак унікальны не толькі для Беларусі, але і для нашых суседзяў.

— Калі паглядзець ад пачатку, гістарычным момантам для Навагрудка былі ХІ-ХІІ стагоддзі. Ён узлятае эканамічна, робіцца аб’яднаўчым цэнтрам для навакольных зямель. Тут адбылася каранацыя Міндоўга. Горад прыцягвае ўвагу сваім багаццем, палітычным статусам.

І раптам усё скончылася. Вінаватыя, як заўсёды, кіраўнікі. Што робіць Міндоўг, каб атрымаць карону? Ён аддае ўсё, чым ён валодаў, Рыму праз Лівонскі ордэн.

Фота: Антон Сурапін

Але колішняя слава Навагрудка не знікла бясследна, тлумачыць краязнаўца. Больш за тое, тая спадчына на працягу наступных стагоддзяў працягвала ўплываць на лёс горада:

— Аднойчы заявіўшы пра сябе, горад працягваў знаходзіцца ў полі ўвагі вялікіх князёў. Ён заўсёды належаў вялікім князям, ім ніколі ніхто не валодаў прыватна.

Князь Вітаўт запусціў працэс перабудовы навагрудскага замка, які расцягнуўся да канца XVI ст. Горад ужо не меў былога палітычнага значэння, але тут адбываліся паседжанні Галоўнага Трыбуналу ВКЛ, вальныя соймы і мясцовыя соймікі, віравала грамадскае і культурнае жыццё.

Вайны XVII-XVIII стагоддзяў ператварылі Навагрудак і яго ваколіцы ў «мядзьвежы кут Літвы». Чарговы ўзлёт здарыўся ў часе знаходжання горада ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай, у савецкія часы тут доўгі час не было нават уласнага краязнаўчага музея.

Пра ролю Адама Міцкевіча

Навагрудчына часоў аўтара «Пана Тадэвуша» была ўнікальная канцэнтрацыяй шляхетных родаў, што тут жылі.

— Шляхта — носьбіт культуры. Тут, на Навагрудчыне, яна аб’ядноўвала заходнюю і мясцовую культуры.

Адам Міцкевіч зразумеў гэтую зямлю, людзей, якія тут жылі. Паводле Чэслава Мілаша, у «Пана Тадэвушы» Міцкевіч стварыў вобраз чыстага, вельмі шчырага быцця на зямлі. Міцкевіч тым і вялікі, што зразумеў вартасць гэтай зямлі ў людзях, якія былі шчырымі.

Па словах Вяршыцкай, вялікую ролю ў развіцці краю адыгралі мясцовыя асветнікі і мецэнаты, што мела працяг у ХХ ст.

— Людзі імкнуліся да адукацыі, у Навагрудку ўзнікае беларуская гімназія. І адукацыю беларусаў падтрымліваюць габрэі, сярод якіх ніколі не было няграматных людзей. Яны дзялілі з беларусамі свой будынак.

Даследчыца Навагрудчыны прыводзіць цікавы факт: феномен прыязных узаемаадносінаў мясцовых жыхароў і габрэйскай грамады апошні старшыня юдэнрату ў навагрудскім гета Даніэль Асташынскі пасля вайны звязаў з асобай Міцкевіча: «Усе габрэі, якія нарадзіліся ў Наваградку й былі адукаваныя, падобна да мяне, у прыватнасьці моладзь, бачылі ў гэтым горадзе частку Эрэц Ісраэль <…> і я з упэўненасьцю магу сказаць, што ўвесь Наваградак жыў у цені вялікага лібэральнага польскага паэта, які любіў габрэяў <…> ня важна, былі ў яго габрэйскія продкі ці не, фактам застаецца тое, што ён вельмі любіў габрэйскі народ, і гэта прывяло да таго, што палякі ставіліся да габрэяў адпаведна».

«Навагрудак — горад-прывід»

Ці выкарыстоўвае свой патэнцыял горад, маючы такое багатае мінулае? Тамара Вяршыцкая сумняваецца ў гэтым. І расказвае пра прычыны:

— Я лічу, што горад мае сваю аўру сёння дзякуючы мінуўшчыне. І гэтую аўру адчуваюць людзі, якія настроеныя адчуць месца, у якое яны прыязджаюць. І ўсе кажуць: «Які ў вас горад! Як тут дыхаецца па-іншаму».

Тут ёсць гісторыя, якую не бачна. Можна сцвярджаць, што Навагрудак — гэта горад-прывід. Людзі, што тут жывуць, не заўважаюць гэтага, не цікавяцца мінуўшчынай.

У 2000-м у горадзе адбыўся першы фестываль сярэднявечнай культуры. Па словах Тамары Рыгораўны, за год да гэтага яе дачка-першакурсніца пазнаёмілася з удзельнікамі рыцарскіх клубаў у часе вандроўкі у Чэхію. Вярнуўшыся, падзялілася ўбачаным. Так і нарадзілася ідэя зладзіць фэст у Навагрудку.

Святкаванне 970-годдзя Навагрудка, верасень 2014-га

Суразмоўца прывяла ў прыклад невялікае французскае мястэчка Пюі-дэ-Фу, якое збірае на выходныя ў сезон дзясяткі тысяч гасцей.

— Там амаль нічога няма, руіны замка, але жыхары мястэчка здолелі арганізаваць цэлы тэматычны парк, які прываблівае не толькі французаў, але і замежнікаў з усяго свету. Навагрудак таксама мог бы стаць папулярным у турыстаў, калі б мы пайшлі па такому шляху развіцця. Але…

Па словах Вяршыцкай, улады не былі супраць правядзення фестываля ў 2000-м, але арганізатары не адчулі з іх боку неабходнай падтрымкі. Адзін са стваральнікаў фестывалю ў Наваградку Ігар Міхно пасля некалькі гадоў вяртаў пазыкі.

— Ніколі не было з боку ўладаў зацікаўленасці дапамагчы, калі хтосьці праяўляў ініцыятыву. Вось захацеў мастак Кастусь Качан пабудаваць галерэю ў нашым горадзе. Казаў, што гэта будзе падарунак гораду. Ён хацеў так зрабіць, падараваць яе Навагрудку. І што горад? Не дапамог яму нават з нейкімі дазволамі. Качан мучыўся гадамі, пакуль не стварыў тую галерэю.

Падобная гісторыя ў 2006-м здарылася з ураджэнцам горада Аляксандрам Поткіным, які разам з бацькам вырашыў аднавіць будынак колішняга гатэля «Еўропа». У нагрузку ягонай фірме давялося аднавіць за свой кошт яшчэ паўвуліцы.

Ёсць і такі прыклад. Дырэктар вядомага мясцовага прадпрыемства «Леор Пластык» Барыс Кроцін адчыніў у горадзе рэстаран «Валерыя». Проста таму, што ў Навагрудку не было прыстойнага месца, куды б можна было зайсці турысту, ці мясцоваму жыхару. Рэстаран працаваў да таго моманту, пакуль бізнэсовец не падарыў яго свайму ўнуку. 

«Былі кіраўнікі, якія хацелі пакінуць свой след у гісторыі»

Колькі год таму ў Навагрудку з’явілася алея ліхтароў, кожны з якіх быў зроблены адным з мясцовых прадпрыемстваў ці ўстаноў.

Наша суразмоўца падзялілася здагадкай пра тое, адкуль магла з’явіцца такая ідэя.

— У свой час у Брэсце з’явілася алея «літаратурных» ліхтароў, прысвечаных героям твораў Мікалая Гогаля. І вось нехта з нашых чыноўнікаў, пэўна пабачыў гэта і прапанаваў: «А няхай і нашыя прадпрыемствы зробяць свае ліхтары».

Такая адсутнасць уласнай фантазіі, напэўна, і прывяла да таго, што сёння беларускія паселішчы выглядаюць як адзін суцэльны аграгарадок.

— За той час, што я тут жыву, у Навагрудку былі кіраўнікі, якія хацелі «пакінуць след», ставілі помнікі, нешта рабілі. Былі людзі, якія нічога не хацелі. Проста перасядзець і рушыць далей. Але не было ніводнага, хто б запрасіў сюды кампетэнтнага эксперта, каб у горадзе з’явіўся добры архітэктар. Каб усё рабілася прафесійна, адпаведна месту, ягонай гісторыі, у гэтым праблема. Немагчыма ва ўсім самому разбірацца, — кажа краязнаўца.

Тонкасці габрэйскай тэмы

Тамара Вяршыцкая не адзін год падтрымлівае кантакты з нашчадкамі навагрудскіх габрэяў па ўсім свеце, у свой час суправаджала сваякоў Дональда Трампа, калі тыя прыяжджалі ў Беларусь — род Джарэда Кушнера, зяця былога прэзідэнта ЗША, паходзіць з Навагрудка.

У 2019-м Тамара Вяршыцкая сабрала на сустрэчу ў Налібацкай пушчы больш за 100 удзельнікаў найбуйнейшага ў Еўропе габрэйскага партызанскага атрада, а таксама іхных нашчадкаў з усяго свету.

Тамара Рыгораўна перакананая, што тэму габрэйскага супраціву на Навагрудчыне ў часы вайны безумоўна трэба развіваць. Але падыходзіць да гэтага трэба вельмі асцярожна.

У якасці прыклада, як не трэба рабіць, яна прыводзіць рэканструкцыю партызанскага лагера ў Станькава: «Гэта такая бутафорыя, не трэба так».

— Я была ў Бухенвальдзе. У немцаў хапае грошай, каб адбудаваць гэты канцлагер, але яны гэтага не робяць. І не будуць рабіць ніколі. Там засталося некалькі пабудоў, вышкі, уваход на тэрыторыю. І пазначаныя чорнымі камянямі контуры баракаў. І гэтага дастаткова, каб несці тую жудасную энергетыку гэтага месца.

«Навагрудак мусіць стаць прыярытэтам»

Разважаючы пра перспектывы горада і цікавасць да яго з боку замежнікаў, Тамара Рыгораўна расказала гісторыю. Нядаўна на гарадской плошчы адчынілася новая кавярня.

— Добрая кава, цікавы інтэр’ер. Туды адразу ж пацягнуліся людзі. На старонку кавярні ў фэйсбуку падпісаўся мой знаёмы з Амерыкі. Ён габрэй, ягоныя карані адсюль. Ён рэгулярна прыязджае да нас, любіць Беларусь. І вось ён піша мне пра новую кавярню: «О, у вас там з’явіліся мафіны з салёнай карамеллю. Я павінен прыехаць!»

Разумееце, маленькая дробязь, якая знаходзіць водгук.

На думку Тамары Вяршыцкай, займацца пераўтварэннем Навагрудка ў паўнавартасны турыстычны горад можна было ва ўсе часы: «Год дваццаць ужо можна было гэта рабіць».

Найбольш жа спрыяльным быў шанец, ён ёсць і цяпер, калі пачалі дзейнічаць транспамежныя праекты — Аўгустоўскі канал, Мірскі замак і г.д.

Шанец у горада ёсць, лічыць наша суразмоўца. Ёсць і людзі, што распрацоўваюць адпаведныя праекты, знаёмяць з імі ўлады. Але сітуцыя з каронавірусам, палітычная нестабільнасць адкладаюць рэалізацыю гэтый ідэй на няпэўны час.

Навагрудскія ўзгоркі

— Павінна быць дзяржаўная праграма развіцця малых гарадоў. І не толькі на словах. І Навагрудак у ёй мусіць быць у прыярытэце. У нас шмат патэнцыялу, нават той жа рэльеф узгорысты. Нам не трэба адбудоўваць замак, рабіць там музей. Яго трэба захаваць, але не такімі метадамі, як гэта робіцца. Тое, што зрабілі з касцёльнай вежай, гэта знішчыла атмасферу замка, яго вартасць.

Гэта не першы такі вопыт. Тое самае з Барыса-Глебскай царквой. Калі б не тое, што з ёй зрабілі пачынаючы з 90-х, яна была б ужо ў спісе помнікаў сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Перш за ўсё, каб нейкае гістарычнае месца ажыло, трэба ідэя. Ідэя, якой гэтае месца будзе служыць.

Вид сверху: «Работаю и получаю пенсию, но хватает лишь на еду и лекарства. А хочется и платье»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(34)