Зміцер Хведарук прынёс весткі з Акрэсціна
Са спецпрыёмніка на Акрэсціна 5 жніўня выйшаў моладзевы актывіст Зміцер Хведарук. Ён быў затрыманы напярэдадні акцыі 27 ліпеня і адседзеў 10 сутак. За кратамі яшчэ застаюцца Павел Севярынец, Аляксей Шэін, Аляксандр Чарнышоў (яны выйдуць на волю 7 жніўня) і Аляксей Шыдлоўскі (вызваліцца 9 жніўня).
“Еўрарадыё” датэлефанавалася да Змітра Хведарука і распытала яго пра тое, як адчуваюць сябе “палітычныя” на Акрэсціна.
Паводле яго словаў, адносіны супрацоўнікаў спецпрыёмніка былі рознымі. Адныя з ім гаварылі па-беларуску і цытавалі вершы Купалы, іншыя — лаяліся.
“Самае цяжкае цяпер у новых правілах, што нельга перадаваць перадачы. Ад харчоў акрэсцінскіх, у якія невядома што дадаюць, проста “косіць” страўнік. У кожнага другога зараз там альбо нейкае раздражненне скуры, альбо як з Сержуком Клюевым здарылася, што ён атруціўся”, кажа Хведарук.
Моладзевы актывіст сядзеў у адной камеры з Аляксеем Шэіным. Севярынца не бачыў, але аднойчы пачуў яго голас. Пабачыў Яраслава Грышчэню, якога праводзілі каля яго камеры.
Нагадаем, адвакатка Грышчэні напісала скаргу і яго тэрмін з 15 сутак скарацілі да 7, і ў пятніцу хлопец ужо быў на волі.
Дарэчы, на Акрэсціна зрабілі невялічкі рамонт. Там памянялі душавыя кабінкі.
Читайте еще
Избранное