Общество
Ганна Трубачова, Таццяна Смаленская, budzma.org

Зміцер Навіцкі: «Язда па Беларусі — быццам у клей трапіў»

Якая сувязь паміж дэфіцытам ёду ў арганізме і бессістэмнай яздой? Што будзе, калі прыбраць хуткасныя абмежаванні, і як правільна паводзіць сябе ў заторы — пра гэта распавядае Зміцер Навіцкі — аўтамабільны журналіст, рэдактар газеты «Аўтабізнэс» і партала abw.by, падарожнік і нястомны змагар за культурнае кіраванне аўтамабілем.

— У кожнай краіны свой стыль кіравання, што тлумачыцца сацыяльнымі, антрапалагічнымі, эканамічнымі, палітычнымі і іншымі прычынамі. Напрыклад, у Іспаніі ў людзей зусім іншы рытм жыцця, чым у беларусаў. Многія іспанцы выпіваюць не менш за бутэльку віна ў дзень, што прыкметна на дарогах: ездзяць яны вельмі задуменна і расслаблена. Даведаўшыся, чым жыве чалавек, яго рэжым дня, эканамічныя ўмовы жыцця, кліматычныя фактары, у якіх ён жыве, можна абсалютна дакладна сказаць, як ён будзе ездзіць. Зразумела, што людзі ў вялікіх гарадах і вёсках ездзяць абсалютна па-рознаму — гэта тыпова для ўсіх краін.

У Беларусі, я лічу, усё ў парадку. Людзі ездзяць адэкватна, вельмі карэктна і, у цэлым, добра, — мне ёсць з чым параўноўваць.

— Давайце паспрабуем параўнаць.

— У Расіі, на поўдні Італіі і поўдні Францыі культура кіравання ў разы горш за нашую: сумбурная, хаатычная. У паводзінах беларусаў на дарозе таксама ёсць нюансы, але яны звязаныя з унутранай узлаванасцю: калі ў цябе заробак 250 даляраў, а дома сям’я, якую трэба карміць, зразумела, што ты будзеш напружаны ўнутры. У Расіі свае праблемы — там цяпер час хуткіх рашэнняў, вялікіх грошай, барацьбы і, як вынік, яны там не ездзяць, а змагаюцца. Таму беларускія кіроўцы на фоне ўсходніх суседзяў выглядаюць анёламі.

— Сказанае адносіцца да Масквы або да ўсёй Расіі ў цэлым?

— Да ўсёй Расіі: у любым рэгіёне, дзе я пабываў, была асцярога, што вось-вось збоку ўдарыць «шасцёрка» з дагестанскімі нумарамі. Немцы, напрыклад, іншыя. Іх можна назваць сістэмнымі людзьмі — у іх сістэмная мова, сістэмнае мысленне, яны ўмеюць рабіць высокатэхналагічныя, якасныя механізмы, і самі ездзяць як механізмы, як робаты. Таму менавіта немцам, толькі адной нацыі ў свеце, можна даверыць такую з’яву як «безлімітны аўтабан». Можа быць, яшчэ японцам… Упэўнены, калі ў Расіі хоць бы на гадзіну ўключыць на дарогах рэжым «без абмежавання хуткасці», яе насельніцтва паменшыцца на траціну.

— Гэта значыць, культура кіравання нашай краіны абумоўленая ў першую чаргу сацыяльнымі аспектамі?

— «Быццё вызначае свядомасць, роўна як і свядомасць вызначае быццё». У агульным і цэлым беларусы — вельмі нядрэнныя людзі, проста стаміліся ад адсутнасці грошай і стабільнасці. Тое, што ў галовах у людзей, — тое і на дарозе.

— Паспрабуйце перадаць характэрныя рысы таго, што ўяўляе сабой наша культура кіравання.

— Я ўжо казаў, што ўсё добра: з улікам усіх нюансаў, у тым ліку эканамічных, — людзі ездзяць у нас добра, ветліва. Але ёсць і недахопы. Першы: «Агульная млявасць», усе працэсы праходзяць занадта млява і бессістэмна, хаатычна. Мы не можам згуртавана «думаць» камандай — кожны сам за сябе. Адсюль і заторы ў бяскрыўдных сітуацыях: беларусы да гэтага часу не ўмеюць аб’язджаць аварыі «праз аднаго» і выпускаць суграмадзян з другасных дарог. Пешаходы кідаюцца пад колы, а ціхаходы плятуцца 50 км / г па левым шэрагу — кожны думае не пра сітуацыю ў цэлым, а пра сябе. Таму каманднага духу, каманднага мыслення ў нас няма — мы крыўдлівыя індывідуалісты, калі характарызаваць нацыю па стылі кіравання.

Плюс адбіваецца недахоп ёду ў арганізме: ёдадэфіцыт прыводзіць да таго, што людзі дзейнічаюць альбо занадта павольна, альбо занадта хутка. І таму вельмі рэдка рухаюцца ў сярэднім, аптымальным рэжыме. Але часцей за ўсё занадта павольна: пасля Германіі па Беларусі едзеш, быццам у клей трапіў.

Гаворачы аб Мінску, можна адзначыць, што людзі не прывыклі да вялізнай колькасці машын. Аўтамабіляў ужо шмат, а свядомасць позніцца, ездзім па-ранейшаму, нібы дарога створана для аднаго. На мірганне паваротніка машыну элементарна не прапускаюць.

Калі з’яўляецца затор, ты спрабуеш перастроіцца, і ў Мінску цябе прапусціць, напэўна, чацвёрты кіроўца. У Маскве, якую звычайна лаюць за жорсткае кіраванне, цябе прапусціць першая ж машына, а далей усё паедуць, як і сказана ў правілах, — праз аднаго. І ўсё — затор знік.

А ў нас спрацоўвае сацыяльная мадэль адзіночак: кожны пачынае нешта даказваць, у каго машына лепш, а каму сёння прэмію далі, з-за чаго ў яго ёсць права праязджаць першым… Якая розніца? Нам па сваіх справах ехаць трэба, а не даказваць нешта адзін аднаму. У Еўропе, калі ты ўліваешся ў паток трасы, па якой у правым шэрагу едзе грузавік, то ён (грузавік) абавязкова перастроіцца ў сярэдні шэраг, каб пусціць цябе на дарогу. У нас грузавік абавязкова дадасць ходу: «Хрэн ты ў мяне праскочыш!» Але я стараюся на гэта ўсё не звяртаць увагі: на дарожныя сітуацыі я даўно перастаў раздражняцца.

— Няўжо вас зусім не чапаюць нейкія пазаштатныя сітуацыі на дарогах?

— Нам усім трэба дабрацца да месца прызначэння — вось галоўная задача. Я прыязджаю ў рэдакцыю, і часта чую, як мае калегі (асабліва паненкі-журналісткі) абмяркоўваюць культуру кіравання: «Я сёння ехала…» і 10 сітуацый, у якіх яны пабывалі. Я ж такіх сітуацый проста не заўважыў, таму што ў іх не трапіў, і нават калі нешта адбылося, то не прыняў блізка да сэрца — у мяне ёсць іншыя пытанні, якія мне значна прыемней абмяркоўваць. Я кажу гэта да таго, што ў нас людзі вельмі зацыкленыя на гэтых сітуацыях. Яны не разумеюць таго, што дарога — гэта не месца для высвятлення адносін, і ва ўсіх сітуацыях прасцей за ўсё ўсміхнуцца, саступіць і як мага хутчэй пра ўсё забыць.

— Ці ёсць яшчэ нейкія характэрныя асаблівасці беларускага стылю кіравання?

— На дарозе я часта заўважаю, што людзі не адсочваюць карціну таго, што адбываецца вакол сябе: нармальны кіроўца падчас язды заўсёды кантралюе сітуацыю па люстэрках, кожныя 2–3 секунды пазіраючы, каб ведаць, што дзеецца за спіной і па баках. Я ж назіраю, што людзі проста едуць, пагружаныя ў сябе: у люстэркі не глядзяць, за сітуацыяй не сочаць. Вельмі задуменныя людзі, вельмі задуменнае кіраванне. Калі, перасякаючы мяжу, з Еўропы трапляеш да нас, то застываеш, быццам казурка ў бурштыне. Паўтаруся, асабліва гэта прыкметна ў параўнанні з Германіяй, праязджаючы якую адчуваеш, што едзеш сярод матэматыкаў з вельмі хуткім разумовым працэсам. Усе вакол пралічваюць дарожную сітуацыю на некалькі хадоў наперад, каб паток ехаў максімальна хутка і без памылак, якія ствараюць непрыемныя сітуацыі. На дробязях ніхто не зацыкліваецца: вельмі прыемная для ваджэння краіна.

— Ці адрозніваецца беларуская рэакцыя кіроўцаў на чыюсьці памылку ад заходняй?

— У Еўропе да цябе ставяцца больш лаяльна. Як паказвае мая практыка зносін з людзьмі ў розных падарожжах, гэта тлумачыцца тым, што ў заходняга чалавека няма такой колькасці праблем, як у беларуса.

Лёгка быць моцным, калі ў цябе амаль усе добра. І складана быць добрым, калі табе самому дрэнна. Калі ўзровень жыцця ў нас будзе прыкладна такі, як у Германіі, калі якасць жыццёвых працэсаў, якія суправаджаюць чалавека (пачынаючы ад паходаў у паліклініку, заканчваючы арганізацыяй яго працы) будуць такімі ж, — я ўпэўнены, праз паўгода ў нас усе будуць ўсміхацца. Прапускаць адзін аднаго і думаць больш пра агульнае дабро, чым пра тое, што хтосьці кагосьці хоча пакрыўдзіць і нешта даказаць.

Як толькі наш чалавек перастане думаць пра тое, што яму трэба, да прыкладу, напісаць яшчэ 10 артыкулаў на другой працы, каб было за што машыну заправіць, — адразу і культура кіравання стане вышэйшай. Плакатамі і заклікамі «не курыць у ложку» гэтага не даб’ешся.

— Дарэчы, як у нас з добразычлівасцю на дарогах?

— Мяне радуе, што ў прынцыпе людзі робяцца лепшымі. Напрыклад, свядома, знаходзячыся на галоўнай дарозе, усё часцей спыняюцца і прапускаюць чалавека, які выязджае з другараднай.

Але часам людзі робяцца «пярэваратнямі». Калі чалавек садзіцца за руль, ён часцяком ператвараецца. Маленькія міленькія дзяўчынкі раптам становяцца фурыямі, пачынаюць лаяцца матам, тузацца, усіх ненавідзець. Часта спакойныя ў звычайным жыцці людзі за рулём вельмі нервуюцца.

— Чаму так?

— Думаю, ад страху. На страх усе людзі рэагуюць па-рознаму. Дарога, па сутнасці, — гэта мадэляванне велізарнай колькасці стрэсавых сітуацый: хуткасць, звязаныя з ёй небяспекі і пагрозы; да таго ж, знаходзячыся ў зграі, трэба падпарадкоўвацца правілам, але не забываць, што кожны паводзіць сябе непрадказальна. Выходзіць, што язда на аўтамабілі — няспынная барацьба з пагрозамі і небяспекамі, памножаная на агрэсію, магчымую з боку іншых удзельнікаў руху. Страх усіх гэтых небяспек і пагроз стварае велізарны ціск на чалавека. Мы нават гэтага толкам усвядоміць не паспяваем, проста едзем на працу, слухаем музыку і ў цэлым — усё добра. А падсвядомасць б’е трывогу: чалавек знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі. Натуральна, што ў такія крытычныя моманты большасць вядзе сябе па-іншаму, чым у звыклых жыццёвых сітуацыях. Таму я ўсіх пакрыўджаных таксама не асуджаю: браткі, нам бы даехаць без страт. А як даедзем — я з усімі вамі з задавальненнем за кубкам кавы пагавару на любыя тэмы.

— Ці моцна нас мяняе аўтамабіль, які мы выбіраем?

— Машыны ў Беларусі вельмі добра характарызуюць нашы нацыянальныя рысы. Беларус максімальна практычны, таму ездзіць альбо на мінівэне, альбо на ўніверсале. І можна не задавацца пытаннем пра паліва — як правіла, гэта будзе дызельная машына. Альбо бензінавая, але вельмі эканамічная. Мы нацыя практыкаў, а не рамантыкаў. Але аўтамабілі, безумоўна, мяняюць чалавека: у нямецкіх ты становішся выразнейшым, больш сабраным. У магутных ездзіш хутка, у эканамічных — стараешся накатам, каб яшчэ паўлітра зэканоміць. Таму аўтапарк таксама можа быць «тварам» нацыі.

Параўнаем, да прыкладу, з тым, якім патрыманым машынам аддаюць перавагу літоўцы, жывучы пры гэтым ані не багацей за беларусаў. У Літве поўна рэдкіх, эксклюзіўных аўтамабіляў ва ўзросце. Напрыклад, Toyota MR2, якую ў пачатку 90-х ведалі адзінкі, — там яе можна знайсці ў добрым стане, як гаворыцца, чалавек купіў для душы. У Беларусі такую машыну не знойдзеш. Беларус для душы нічога не купляе, таму што душа ў яго ў выглядзе калькулятара.

— Можа, гэта каб не вылучацца?

— Гэта нацыянальны характар. За час усіх войнаў выпрацаваўся інстынкт: не вылучацца, быць як усе, зліцца з натоўпам. Беларус не эксперыментатар, хутчэй, традыцыйны па сваёй філасофіі жыцця. Як павялося з часоў утварэння Вялікага Княства Літоўскага: «Старыны не рушыць, навiны не ўводзiць», так да гэтага часу і жывём. Беларусы — вельмі кансерватыўны народ. І менавіта таму тут няма такой колькасці арыгінальных аўтамабіляў, як у Германіі, Італіі, той жа самай Расіі. Наш чалавек лепш лазню пабудуе, а пад ёй грошы закапае — на чорны дзень.

— Але ж убачыш час ад часу на дарозе цікавую машыну…

— Так, бывае, але гэта ўсё роўна дзяленне на кланы. Можна казаць пра існаванне кланаў уладальнікаў BMW і клана ўладальнікаў Volkswagen Passat В3 універсал, якія люта ненавідзяць адзін аднаго. Звычайна прадстаўнікі аднаго клана маюць зносіны паміж сабой і вітаюцца, згледзеўшы ў патоку машын такую ж: «Мы з табой адной крыві — ты і я». Але казаць пра тое, што беларусы схільныя падкрэсліваць індывідуальнасць, я б не стаў. У гэтай краіне ўжо якое дзесяцігоддзе беспаспяхова спрабуюць выжыць клубы аматараў аўтадаўніны — і не выжываюць, аматараў олдтаймераў у нас на ўсю краіну з дзясятак.

— Што б вы больш за ўсё хацелі змяніць у паводзінах беларусаў на дарозе?

— Я б дадаў адкрытасці і схільнасці да зносін. Дарога — гэта ж зносіны. А ў нас усе замкнёныя. Нават шчырыя праявы добрага настрою сустракаюцца насцярожана: што, маўляў, яму трэба?

Я перыядычна раблю кампліменты суседзям па патоку: нядаўна адкрыў акенца, сказаў чалавеку дзякуй за добра захаваны стары Jaguar. Але ён, як і ўсе, сядзеў спачатку з недаверлівым тварам. Потым памякчэў, усміхнуўся. А дзяўчатам наогул няма сэнсу нешта казаць: усе сядзяць з каменным тварам, быццам я знаёміцца з імі збіраюся.

Недаверлівыя мы, беларусы. І ўсміхаемся вельмі рэдка. А вось усмешак хацелася б больш — у тым ліку і на дарогах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)