Общество
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Зьміцер і Наста Дашкевічы ўпершыню спаткаліся ў турме пасьля шлюбу

Наста Дашкевіч (да шлюбу Палажанка) атрымала першае спатканьне з мужам, палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам.

Спатканьне адбылося ў першай палове дня 9 студзеня ў Гарадзенскай турме і доўжылася 2 гадзіны.

Размаўлялі муж і жонка Дашкевічы праз шкло ў пакоі для кароткатэрміновых спатканьняў, у прысутнасьці міліцыянтаў і іншых зьняволеных зь іхнімі сваякамі.

«Але гэта нам не перашкаджала. Нават калі б побач нешта сьвідравалі, я нічога ня чула, акрамя голасу Зьмітра», — падзялілася Наста Дашкевіч сваёй радасьцю са «Свабодай».

Пра Зьмітра Дашкевіча Наста паведаміла, што ён цяпер у той жа адзіночнай камэры, куды трапіў адразу пасьля пераводу з мазырскай калёніі, на ўмовы ня скардзіцца, на паслабленьне рэжыму ці на датэрміновае вызваленьне не спадзяецца.

«Больш за тое, ён ня ўпэўнены, што выйдзе на волю ў жніўні, калі скончыцца ягоны тэрмін. Бо можа што заўгодна здарыцца, ад гэтага нельга засьцерагчыся. Але Зьміцер ня траціць добрага настрою, ён паўтарае, што трэба спадзявацца на лепшае. У тым ліку мы абмяркоўвалі наша будучае вянчаньне, якое, безумоўна, у турме немагчыма правесьці, а трэба чакаць вызваленьня», — сказала «Свабодзе» Наста Дашкевіч.

У канцы сьнежня мінулага году ў гарадзенскай турме адбыўся шлюб паміж палітвязьнем, кіраўніком Маладога фронту Зьмітром Дашкевічам і актывісткай Настай Палажанкай. Тады яны бачыліся ўсяго 10 хвілін. З часу зьняволеньня Зьмітра Дашкевіча 18 сьнежня 2010 году сёньняшняе спатканьне было іх першым спатканьнем як мужа і жонкі.

«Але гэта і апошняе спатканьне. Вязьням на строгім рэжыме дазваляюць толькі адно спатканьне на год, і атрымліваецца, што мы яго ўжо выкарысталі. Незразумела, навошта такая жорсткасьць да людзей? Пасьля спатканьня, калі ўсіх вязьняў вывелі з пакою, я бачыла вочы прысутных: гэта былі вочы людзей, якія цяжка пакутуюць ад таго, што цэлы год больш ня ўбачаць сваякоў. Калі гаворка пра перавыхаваньне злачынцаў, то якое можа быць перавыхаваньне, калі людзей штучна адрываюць ад сем’яў!» — мяркуе Наста Дашкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)