Зьміцер Дашкевіч абвясьціў галадоўку

Зьміцер Дашкевіч паведаміў адвакату, што з 13 верасьня распачынае галадоўку, якая будзе цягнуцца, пакуль адміністрацыя калёніі ня выканае шэраг ягоных патрабаваньняў.

Адвакат сустрэўся з Дашкевічам сёньня ў калёніі № 9. Адвакат прыехаў у суд, каб удзельнічаць у судовым працэсе па зьмене месца адбыцьця пакараньня з калёніі на турму закрытага тыпу. Аднак высьветлілася, што суд не адбудзецца, бо такой справы не існуе. Гэты факт застаўся абароне незразумелым. Сам Дашкевіч ня ведаў пра маючы адбыцца суд. Гутарка вязьня з абаронаю адбывалася праз шкло па тэлефоне. Дашкевічу забаранілі браць з сабою на гэтую сустрэчу паперу і асадку.

Абвясьціўшы галадоўку, Зьміцер Дашкевіч патрабуе забясьпечыць нармальныя побытавыя ўмовы ў ШЫЗА, дзе ён апынуўся адразу пасьля выхаду з памяшканьня камэрнага тыпу 10 верасьня і дзе прабудзе да 17 верасьня. Дашкевіч вымушаны кругласуткава знаходзіцца ў камэры, тэмпэратура ў якой такая ж, як і на вуліцы. Хлопцу забаранілі браць у ШЫЗА што-колечы, апроч турэмнай робы, што на ім, так што яму няма чым укрыцца на ноч. Дашкевіч таксама патрабуе вярнуць яму Біблію. Галадоўка можа нанесьці сур’ёзную шкоду здароўю маладафронтаўца, які мае шэраг хранічных хваробаў, паведамляе прэс-служба «Маладога фронту».

Зьміцер Дашкевіч распавёў, што не атрымліваў ніякай паштовай карэспандэнцыі, у тым ліку і паведамленьняў ад свайго адваката. Яго азнаёмілі з пратаколам зьнішчэньня лістоў, якія не прайшлі цэнзуру — усе гэтыя лісты былі спалены. Стала вядома і тое, што 10 верасьня Дашкевічу прапаноўвалі пісаць заяву на памілаваньне, але ён адмовіўся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)