Общество

«Жыхары Мінску і рэгіёнаў усё часцей жывуць у розных сусветах»

Дырэктар «Цэнтра новых ідэй» Антон Раднянкоў – пра вынікі штогадовага даследавання рэгіянальных праблем.

– На фоне вайны ва Украіне, глабальнай канфрантацыі і лакальных рэпрэсій, рэгіёны ўсё мацней сыходзяць у цень, – піша Раднянкоў. – Жаданне і магчымасці дзяржавы займацца гэтай тэмай таксама знікаюць.

Жыхары Мінску і рэгіёнаў усё часцей жывуць у розных сусветах. Галоўная праблема рэгіёнаў – адсутнасць добрай працы – не ўвайшла нават у дзясятку праблем мінчукоў. Нізкія заробкі – на восьмым месцы сярод праблем жыхароў сталіцы.

Восем з дзесяці жыхароў райцэнтраў упэўнены, што ў іх горадзе складана знайсці добрую працу. Кожны пяты апытаны па краіне і кожны трэці з рэгіёнаў ездзіць на працу ў іншы горад.

Эміграцыя і магчымая мабілізацыя наадварот хвалююць Мінск, але мала цікавы за яго межамі.

Старонка перагортваецца з цяжкасцю. Сярод пратэстных беларусаў давер да дзяржавы не вяртаецца, ад яе чакаюць толькі праблемаў. Апытаныя моцна сумняюцца, што могуць адстойваць свае інтарэсы ў дзяржаўных інстытутах.

Сацыяльны сектар застаецца ўстойлівым. Толькі медыцына і дарогі рэзка хвалююць пратэстных беларусаў. Пры гэтым жыхарам рэгіёнаў недзе праводзіць вольны час. Не хапае ўсяго: кавярняў і рэстаранаў, спартовых аб’ектаў, культурных мерапрыемстваў.

Яшчэ складаней беларусам выехаць з краіны. Толькі кожны дзясяты апытаны мае візу, за межы краіны ў 2022 выязджала 17% апытаных мінчукоў і 11% з рэгіёнаў.

Адсутнасць планавання і пачуццё дэпрэсіі. Каля 70% прызнаюцца, што адбываецца нешта экстраардынарнае. Больш 85% упэўнена, што грамадства знаходзіцца ў стане дэпрэсіі. Каля 40% будуе планы на будучыню ад некалькіх дзён да пару тыдняў, 26% не будуе планаў увогуле. Гэты эмацыйны фон аб’ядноўвае ўсіх апытаных, тут няма рэгіянальных адрозненняў.

Так бачыцца рэгіянальнае жыццё ў канцы 2022. Беларусы спрабуюць выжываць паміж вайной, дзяржавай і складанай эканамічнай сітуацыяй. Цяжка чакаць, што далей сітуацыя выправіцца. А гэта значыць незадаволенасць жыццём у Беларусі будзе захоўвацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(20)