Журналіст «Салідарнасці» Сямён Печанко стаў лаўрэатам прэміі «Вольнае слова». Плюс імёны іншых пераможцаў

Гэта самая прэстыжная прэмія ў беларускай журналістыцы.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» абвясціла лаўрэатаў конкурсу. Цырымонія адбылася 10 снежня ў Сусветны дзень правоў чалавека ў Вільні падчас журналісцкага форуму.

Наш калега Сямён Печанко атрымаў другое месца ў намінацыі «Аналітычныя жанры» за матэрыял Почему БелАЭС к моменту пуска стала ядерным чемоданом без ручки.

Таксама ў гэтай намінацыі адзначаныя працы Станіслава Івашкевіча за цыкл пра людзей, якіх прымушалі фальсфікаваць выбары (тэлеканал «Бел***»), і матэрыял Віталя Цыганкова «Рызыкоўная гульня Лукашэнкі з каранавірусам» («Радыё Свабода»).

Сярод сёлетніх пераможцаў «Вольнага слова» ў намінацыі «Інфармацыйныя жанры» — журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава), якая зараз знаходзіцца за кратамі (тэлеканал «Бел***»), Павел Свярдлоў («Еўра***ё»), каманда «Прэс-клуба» — Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Пётр Слуцкі.

У намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры» перамаглі калектыў журналістаў тэлеканала «Бел***», прызнаны ўладамі экстрэмісцкім, Адар’я Гуштын за цыкл «Жены врагов народа», які выйшаў на партале T*T.BY, Ганна Галёта з матэрыялам «Дзе мой сцяг?» (гісторыя барацьбы вядомай беларускай апазіцыйнай актывісткі Ніны Багінскай з дзеючай уладай), а таксама журналістка часопіса «Имена» Ларыса Малахава за інтэрв’ю з трактарыстам, які стаў блогерам, каб змяніць жыццё ў роднай вёсцы.

У намінацыі «Журналісцкае расследаванне» першае месца атрымала Ксенія Ельяшэвіч, T*T.BY за матэрыял «Месяц после гибели Романа Бондаренко. Что мы выяснили за это время?». Пераможцамі таксама сталі Вольга Ратмірава («Бел***»),, Таццяна Януцэвіч і Таццяна Мельнічук (Бі-Бі-Сі).

Кадры з відэатрансляцыі

Старшыня журы «Вольнага слова» Юрась Карманаў назваў і пераможцаў у намінацыі «Дэбют». Поўны спіс лаўрэатаў конкурсу і спасылкі на іх матэрыялы — на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Юрась Карманаў адзначыў, што такім ўзроўнем журналістыкі можа ганарыцца любая еўрапейская краіна. Па яго словах, сёлетні конкурс стаў аднім з самых моцных за апошні час – было даслана каля 300 матэрыялаў ад 60 журналістаў.

Ён дадаў, што дзе б беларускія журналісты ні знаходзіліся – у краіне, ці за яе межамі, яны адстойваюць прынцыпы свабоды слова.

У гэты ж дзень Літоўскі саюз журналістаў узнагародзіў прэміяй «Надзея на свабоду» Андрэя Аляксандрава, Таццяну Каравенкаву, Дар’ю Чульцову, Кацярыну Барысевіч і Алену Талкачову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)