Жонка Бяляцкага: «Даслала Алесю тэлеграму ў СІЗА, але не я вырашаю, дойдзе яна ці не. Будзем спадзявацца»
Наталля Пінчук — пра тое, як даведалася пра Нобеля свайго мужа і пра першыя эмоцыі ад гэтай навіны.
– Ці атрымлівалі вы званок ад Нобелеўскага камітэту наконт Алесевай узнагароды? Ці ведаеце, што будзе далей, якая далейшая працэдура для лаўрэатаў?
– Па праўдзе кажучы, званок я, верагодна, прапусціла. Можа быць, яны і тэлефанавалі, але паколькі я была на вуліцы, то нічога не пачула. Хутчэй за ўсё, са мной яшчэ будуць звязвацца пазней.
Таму тое, што тычыцца самой працэдуры і далейшага працэсу, мне пра гэта, пакуль яшчэ, нічога не тлумачылі. Спадзяюся, гэта справа не бліжэйшых дзён, час яшчэ церпіць, і гэта ўсё будзе наперадзе.
– А як вы даведаліся пра ўзнагароду?
– Ад сяброўкі, якая была самай упартай, бо яе званок я пачула.
– Якімі былі вашыя першыя эмоцыі?
– Ведаеце, такія нечаканыя навіны першапачаткова збіваюць з панталыку. З аднаго боку, ты ўспрымаеш тое, пра што табе кажуць, а з іншага, ў гэта вельмі цяжка паверыць. Таму гэта досыць супярэчлівыя эмоцыі.
Ты думаеш, праўда гэта або не, але ж паколькі чалавек быў вельмі надзейны, то ўсё ўспрымаецца на веру, а далей ужо пачынае ісці асэнсаванне таго, што адбылося.
– Вы паведамілі Алесю пра ўзнагароду?
– Так, я даслала тэлеграму. Але ж не я вырашаю, дойдзе яна ці не. Будзем спадзявацца, што так.
– Хто вас ужо паспеў павіншаваць, акрамя сяброўкі, якая паведаміла пра ўзнагароду?
– Самымі першымі званілі самыя блізкія. Напэўна, мне тэлефанавалі і незнаёмыя людзі, але, на жаль, шмат тэлефанаванняў я прапусціла.
Прабачце, зараз столькі эмоцый, таму, здаецца, што ўсе віншаванні падобныя, але ж усе віншуюць з тым, што ў нас ёсць. Усе просяць перадаць Алесю словы падтрымкі і, зразумела, яго віншуюць.
– На вашу думку, ці надасць пэўны імунітэт спадару Алесю такое сур’ёзнае міжнароднае прызнанне і такая падтрымка яго дзейнасці?
– Гэта вельмі добрае пытанне, але ў кантэксце маёй сітуацыі, мне не хацелася б яго каментаваць.
– Якая сітуацыя з ліставаннем? Ці атрымлівае Алесь лісты ад знаёмых і сяброў, бо жонка Валянціна Стэфановіча кажа, што да яе мужа даходзяць лісты ад членаў сям’і, а ад усіх астатніх вельмі рэдка.
– У нас нават з прыватнай перапіскай была вельмі цяжкая сітуацыя. Быў перыяд, калі ні мае, ні ягоныя лісты не даходзілі. Таму мы абодва зараз займаемся, што называецца, цэнзурай. Пішам у асноўным пра тое, што не тычыцца ўмоваў утрымання і ўсяго з гэтым звязанага.
Таму я магу толькі меркаваць, што, калі ў нас была такая сітуацыя, ва ўсіх астатніх сітуацыя з атрыманнем лістоў ад Алеся мусіць быць падобнай.
– Вы ведаеце, калі атрымаецца пабачыцца з мужам наступным разам?
– Спатканні даюцца толькі пасля суда.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное