Ждановіч: «Вякамі знішчалася ўсё ваярскае, мужчынскае, усе паўстанні канчаліся, як і 2020 год»

Беларускі актор Аляксандр Ждановіч, які больш вядомы ў якасці лепшага сябра ўсіх беларускіх дзяцей Маляваныч — пра выхаванне беларускіх дзяцей і веру.

— Вельмі важна, што адбываецца ў сям’і. Можа, найважней…Зараз мы разумеем, што адбываецца ў сучаснай беларускай школе, што там ідзе знішчэнне ўсяго беларускага і ўвогуле ўсяго нармальнага. Але мая надзея на сям’ю. Мне здаецца, што калі бацькі выхоўваюць сваё дзіця ў нармальным накірунку — менавіта гэта застанецца, а не тое, што фармальнае, што навязваецца зверху.

Аляксандр Ждановіч

Зараз шмат беларускіх дзяцей і падлеткаў апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Цяжэй за ўсё, лічыць Маляваныч, менавіта беларускім падлеткам.

— Для іх досвед эміграцыі больш балючы і траўматычны. У іх на радзіме засталіся сябры, сувязі, сэрца…І яно разарвана. І мы, з’ехаўшыя беларусы, мала працуем з падлеткамі. Я іх не бачу, яны недзе па кутках. Я час ад часу чую ад бацькоў, што яны не могуць адаптавацца. І для падлеткаў мала робіцца.

Ждановіч пагаджаецца: беларусам не хапае «зубастасці».

— Нават пратэст (2020 года — С.) называлі жаночым. Гэта наша бяда. Вякамі знішчалася ўсё ваярскае, мужчынскае, усе паўстанні канчаліся, як і 2020 год. Самых актыўных вешалі ці знішчалі, менш актыўных высылалі альбо ў Сібір, або ў турмы. Вялікая колькасць з’язджала ў вымушаную эміграцыю. Гісторыя рушыцца па коле.

Таму вельмі не хапае такіх пісьменнікаў як, напрыклад, Уладзімір Караткевіч, які стварыў цудоўны міф пра Беларусь. Ён павінен быць. Не нешта пра паўрускае ці паўпольскае, а нешта з пачаткам мужчынскім, ваярскім, з пачуццём годнасці. Гэтага беларусам-мужчынам бракуе.

Акцёр таксама прызнаўся, што думаў, як бы зараз намаляваў Беларусь, які вобраз бы ў яе быў.

— У мяне ёсць два вобразы: адзін — гэта такая белая птушка. Чыстая-чыстая. З падраненымі крыламі. У 2020 годзе яна ўзляцела, але не хапіла неяк сіл. Другі вобраз — гэта зубр. Беларусь — гэта ж адна з радзім гэтай магутнай спакойнай істоты. Хацелася б, каб яна раней ці пазней стала гэтым зубрам.

Ждановіч таксама адказаў на пытанне, ці прыходзілася яму, як верніку, пытацца ў бога «за што гэта ўсё?».

— Гэта такая інтымная тэма, якую мне даволі балюча падымаць, таму што я губляю веру, насамрэч. Тады, у 2020 годзе мы, усе вернікі, маліліся. Вельмі моцна і горача. Я маю на ўвазе расчараванне ў праваслаўнай рускай царкве. Быў момант, калі я думаў, што ўвогуле звар’яцею. Гэта была частка майго жыцця, і тыя людзі, якіх я любіў і паважаў, калі я пабачыў, што яны транслююць і якую пазіцыю займаюць… Гэта быў разлом мозгу.

Сярод усіх аўтарытэтных галасоў я не ведаў, за кім ісці. Тады я неяк прыслухаўся да сабе. І мне стала троху лягчэй. Я зразумеў, што трэба слухаць голас свайго сумлення. Бо калі ўмоўна кажучы на тваіх вачах гвалтуюць жанчыну, а табе кажуць: «Не, чакай, не трэба ўмешвацца, бо невядома, да чаго гэта давядзе… Усякая ўлада ад бога і г.д.». То я скажу ідзіце вы на х*р. Ёсць зло, і гэта відавочна. І на яго трэба рэагаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(60)