Затрыманыя па справе «Сэрвалюксу» пакуль за кратамі без абвінавачаньня

Фармальна яны лічацца зьняволенымі на 72 гадзіны, якія сканчаюцца 17 сакавіка.

Пра гэта ўдалося даведацца ад сваякоў «бізнэсвязьняў». У цэлым, зрэшты, ад кантактаў з прэсай родзічы ўстрымліваюцца.

Паводле старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валерыя Вакульчыка, 14 сакавіка затрымалі 15 чалавек. Гэта службовыя асобы акцыянэрнага таварыства «Сэрвалюкс» і афіліяванай зь ім структуры «Экамол Агра». Сярод зьняволеных — і генэральны дырэктар групы кампаніяў «Сэрвалюкс» Яўген Баскін.

Як вынікае з тлумачэньняў старшыні КДБ, затрыманыя стварылі групоўку, якая займалася крадзяжом грошай. Шкода ад яе дзейнасьці, паводле Валерыя Вакульчыка, складае ня менш за 370 мільярдаў рублёў.

Пра зьняволеньне Яўгена Баскіна стала вядома ад праваабаронцаў, да якіх зьвярнуліся па кансультацыю сваякі затрыманых.

Яўгена Баскіна называюць адным з самых пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Створаная ім група кампаніяў «Сэрвалюкс» вядомая пад брэндамі «Петруха», «Братья Гриль», «Кувшинка». У яе склад уваходзяць птушкафабрыкі, мяса- і малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, камбікормавыя заводы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)