Политика

Затрыманыя маладафронтаўцы абвясьцілі галадоўку

Супрацоўнікі міліцыі Маскоўскага РУУС Менску затрымалі 7 актывістаў дэмакратычнага руху, пераважная большасьць якіх -- сябры незарэгістраванай арганізацыі Малады фронт. Затрыманыя Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч абвясьцілі галадоўку

Супрацоўнікі міліцыі ўламаліся ў кватэру, дзе былі маладафронтаўцы, выбіўшы двое дзьвярэй, і патлумачылі, што ў іх ёсьць інфармацыя, што ў гэтай кватэры знаходзіцца труп. Трупа не знайшлі, але затрымалі тых, хто быў у кватэры, і адвезьлі ў міліцыю Маскоўскага раёну Менску. Сярод затрыманых апынуліся трое непаўнагадовых, а таксама лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, ягоны намесьнік Артур Фінькевіч, актывісты Кася Галіцкая і Павал Кур’яновіч.

У выніку Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч зьмешчаныя ў турму, каб адбываць пакараньне, якое ім вынесьлі яшчэ тры месяцы таму за ўдзел у акцыі 1 траўня. У знак пратэсту яны абвясьцілі галадоўку. Сем дзён маладафронтаўцы будуць толькі піць звычайную ваду. Ад мінэральнай вады і сокаў хлопцы адмовіліся, паведамляе сайт mfront.net. Актывіст кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Павал Кур’яновіч асуджаны судом Маскоўскага раёну Менска на 15 сутак за “дробнае хуліганства”. Пра гэта ”БелаПАН” паведаміў адзін зь ініцыятараў стварэньня беларускага камітэту ў абарону правоў зьняволеных "Над бар'ерам" Цімафей Дранчук.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)