Общество

Ірына Марозава

«Зараз мы — голас 9 мільёнаў»

Трыбунал для вярхушкі рэжыму, вызваленне палітвязняў і падтрымка дыяспар. Што яшчэ абмяркоўваюць на ІІ Канферэнцыі беларусаў свету.

Сёння ў Вільні распачала сваю працу ІІ Канферэнцыя беларусаў свету, удзел у якой бяруць прадстаўнікі каманды Святланы Ціханоўскай, АПК, К*ардынацыйнай Рады, беларускіх бізнес-ініцыятыў, суполак і дыяспар з розных краін.

Першае такое мерапрыемства, нагадаем, прайшло ўвосень 2021-га, сабраўшы беларусаў з 27 краін і 40 арганізацый, і мела на мэце больш блізкае знаёмства і каардынацыю паміж беларускімі ініцыятывамі і дэмакратычнымі сіламі. Што ў павестцы праз 1,5 гады?

«Мы яшчэ далёкія ад пачатку трыбуналу па Беларусі, але глебу для гэтага рыхтуем ужо сёння»

Прывітанне ўдзельнікам даслала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая адзначыла ў сваім відэазвароце:

— На ўсіх нас, хто жыве ў вольным свеце, цяпер падвойная адказнасць — мы мусім казаць пра Беларусь не толькі ад свайго імя, але і за тых, каго рэжым кінуў у турму ці каму ёй пагражае.

Ва ўнісон сказала на адкрыцці канферэнцыі пра адказнасць і лідарка дэмсілаў Святлана Ціханоўская:

— Зараз мы — голас 9 мільёнаў беларусаў. Беларусаў, якія кожны дзень жывуць у страху за свае жыцці, бо рэпрэсіі працягваюцца, якія не ведаюць, што будзе заўтра ці праз тыдзень, бо з-за стану эканомікі ў краіне людзі не жывуць, а выжываюць. Якія супраць вайны, размяшчэння ядзернай зброі, супраць дыктатуры Лукашэнкі.

Паводле палітыка, канферэнцыя стала адказам на запыт беларускай дыяспары і яшчэ адным крокам у выбудоўванні стасункаў палітычных структур і ініцыятыў беларусаў замежжа. Сярод іншых задач — распрацоўка крокаў па падтрымцы беларусаў у Беларусі (перадусім палітзняволеных і іх сем’яў), захаванне нацыянальнай культуры і ідэнтычнасці.

Святлана Ціханоўская абазначыла чатыры галоўныя прыярытэты працы Оф*са і АПК:

Адбудоўванне суб’ектнасці. Каб весці дыялог з міжнароднай супольнасцю і каб увага да беларускага пытання не згасла, палітычныя арганізацыі і грамадства мусяць дзейнічаць як адзіны арганізм, які мае і адстойвае свае нацыянальныя інтарэсы, падкрэсліла Ціханоўская. Яна распавяла, што ўвосень гэтага года плануецца «запуск стратэгічнага дыялогу» з ЗША.

Павелічэнне ўплыву дыяспар на падзеі ў Беларусі. Так, на думку Святланы Ціханоўскай, менавіта дыяспары, якія маюць сувязь са сваімі роднымі і сябрамі ў краіне, могуць эфектыўна супрацьстаяць наратывам расейскай прапаганды і дзяржаўнай дэзінфармацыі, тлумачыць пытанні бяспекі, а таксама даваць культурніцкую альтэрнатыву «рускаму свету»;

Прыцягненне рэжыму да адказнасці і ціск. Ва ўмовах адсутнасці незалежнай судовай улады ў Беларусі вельмі важна запускаць міжнародныя механізмы, зрушыць з месца справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, падтрымаць ініцыятыву Літвы па працягненні рэжыму да адказнасці праз Міжнародны суд ААН за арганізацыю міграцыйнага крызісу, адзначыла Святлана Ціханоўская.

— Мы яшчэ далёкія ад пачатку трыбуналу па Беларусі для Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму, але глебу для гэтага рыхтуем ужо сёння.

Таксама, паводле яе слоў, новыя магчымасці для запуску працэсу ў Міжнародным крымінальным судзе можа даць даклад у межах Маскоўскага механізму АБСЕ.

Палітзняволеныя. Вызваленне палітвязняў — ад цяжкахворых і прадстаўнікоў уразлівых груп да кожнага, хто бязвінна асуджаны, падтрымка сем’яў, рэабілітацыя вязняў, якія выйшлі на волю, — застаецца адным з самых балючых і разам з тым самых важных пытанняў для дэмсілаў: «Трэба шукаць спосабы вызваляць людзей ужо зараз».

«Няма хуткай «таблеткі»

Спікер К*ардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў адзначыў, што ўздым, які ахапіў беларускія дыяспары ў 2020-м і атрымаў працяг пасля пачатку вайны ва Украіне, на сёння шмат дзе натуральным чынам змяняецца трэндамі палітычнай дэмабілізацыі, стомленасці і расчаравання. Часта адбываецца падзел на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся, тых, для каго лейтматывам ад’езду стала палітыка, і ў каго былі іншыя прычыны, і г.д.

— Няма хуткай «таблеткі», — зазначыў прадстаўнік беларускай суполкі ў Польшчы, — але многія знаходзяцца ў ілюзіях, мяркуючы: вось, мы выйдзем на вуліцы — рэжым спалохаецца і збяжыць, сфарміруем армію — і пойдзем вызваляць Беларусь, падціснем санкцыямі — Лукашэнка і ягоны рэжым устануць і выйдуць… Але ж ёсць мноства сцэнароў і бачання сітуацыі, і як іх прывесці ў агульную стратэгію, дзе будзе месца кожнаму з нас — гэта вялікае пытанне, якое трэба абмяркоўваць у дыскусіях і прыйсці да нечага разам.

Толькі пераадолеўшы рознагалоссі, захоўваючы канструктыў у крытыцы і ўзаемную падтрымку, гаворыць Андрэй Ягораў, можна рухацца далей. Гатовых адказаў, як гэта рабіць, кансалідаваць і ўзмацняць голас беларусаў замежжа, пакуль няма — але КР вуснамі спікера заяўляе аб гатоўнасці да супрацы. Акрамя таго, анансавана, што наступныя выбары ў Раду будуць прамымі і адкрытымі — меркавана да канца бягучага года будзе выпрацаваны механізм.

Ідэю адкрытых выбараў у КР, які мусіць стаць «прадстаўнічым органам беларускага народа», падтрымаў і Павел Латушка. Аднак, на яго думку, сёння ўсё ж менавіта беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, у адноснай бяспецы — самая матываваная сіла, якая можа супрацьстаяць рэжыму. Палітык агучыў сваё бачанне — так званую «стратэгію трох сілаў»:

— стварэнне падпольнага руху ўнутры Беларусі;

— максімальная падтрымка беларускіх добраахвотніцкіх структур ва Украіне;

— знешні ціск на рэжым у двух накірунках: санкцыйным і прававым.

— Мы павінны дыктаваць павестку рэжыму, — падкрэсліў Павел Латушка.

«Беларусы — гэта не пра разрозненасць, гэта пра талаку»

Якім палітычныя структуры бачаць узаемадзеянне з беларускімі ініцыятывамі замежжа? Неўзабаве К*ардынацыйная Рада мяркуе зладзіць сустрэчы з актыўнымі дыяспарамі ў розных гарадах, каб наладзіць больш шчыльную сувязь, пачуць праблемы і прапанаваць свае напрацоўкі. Але некаторыя набалелыя пытанні прадстаўнікі суполак агучылі ўжо цяпер.

Так, нават праз некалькі гадоў застаецца складаным пытанне камунікацыі: з камандай Ціханоўскай, з медыя, з суайчыннікамі ў іншых краінах. Адным нестае досведу арганізацыі, каб прасоўваць беларускую павестку, другім — агульнага медыйнага поля, сувязі з папулярнымі блогерамі, каб распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што яны робяць, і г.д.

Прыкладам, у Лондане акцыі беларускай дыяспары праходзяць штотыдня, але звесткі пра тое даходзяць да іншых суполак, а тым больш да беларусаў у Беларусі, значна радзей — і гэта дэматывуе абодва бакі, бо адны не атрымліваюць зваротнай сувязі, а другія лічаць, што за мяжой «наш 20220-ы даўно забыўся».

Не менш востра стаіць пытанне легалізацыі беларусаў, вымушаных з’ехаць з Радзімы, бо гэтая плыня не спыняецца, а пазіцыю «народ не роўна рэжым» даводзіцца сцвярджаць зноў і зноў, і чым далей ад Беларусі, тым больш складана гэта рабіць.

— Калі мы кажам пра тое, якія ёсць рэсурсы і як іх прыцягваць, трэба разумець: акрамя беларусаў, у нас больш нікога няма. Асабліва сёння, калі мы сталі закладнікамі сініх пашпартоў, бо яны такія ж, як і ў тых, хто падтрымлівае вайну, — адзначыў праваабаронца, кіраўнік дабрачынных фондаў дапамогі беларусам Андрэй Стрыжак.

Да гэтага трэба быць гатовым: аб’ём падтрымкі беларусаў будзе змяншацца, і чым далей ад Беларусі, тым больш складана з кожным днём патлумачыць розніцу паміж «беларусы» і «дзяржава-суагрэсар». Таму трэба аб’ядноўвацца самім. Беларусы — гэта не пра разрозненасць, гэта пра талаку, і разам мы можам больш.

Сярод іншых праблем, якія агучвалі на канферэнцыі актывісты з розных краін, — адрыў ад беларусаў унутры краіны і разыходжанне беларускіх ініцыятыў у мэтах і кірунках дзейнасці; цэнтралізацыя, каб размаўляць з палітыкамі ў сваіх краінах не з пазіцыі адзіночак, а як частка беларускай грамадзянскай структуры; праблема адукацыі, перадусім у галіне беларускай гісторыі, якую ўлады «перапісваюць» проста на вачах і выкладаюць у падручніках наноў; арганізацыйна-кансультацыйная падтрымка маладых аб’яднанняў, якія паўсталі нядаўна і не ведаюць, з чаго пачаць; перспектывы прызнання Беларусі акупаванай тэрыторыяй, і г.д.

Канферэнцыя беларусаў свету працягне сваю працу заўтра, 23 красавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(17)