Замест калідора мігрантаў на Захад — адстойнік. Чаму праваліўся амбітны плян Лукашэнкі

Калі б усё задуманае менскімі ўладнымі стратэгамі ажыцьцявілася, Беларусь гэтым летам магла б ператварыцца, верагодна, у галоўны сусьветны калідор, празь які сотні тысяч мігрантаў з Блізкага Ўсходу, Афрыкі і Азіі атрымалі б найбольш даступны і просты спосаб перапраўкі ў заможную Эўропу, піша Валянцін Жданко на Радыё Свабода.

І паспрабаваў бы тады Захад не лічыцца і не таргавацца з тымі, хто кантралюе гэты калідор. Але нешта пайшло ня так.

Мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы, 20 жніўня 2021

Спробы нелегальна трапіць на Захад празь беларускі калідор, атакаваць балтыйскую і польскую мяжу малымі і вялікімі мігранцкімі групамі не спыняюцца і цяпер.

Напрыклад, толькі за адзін дзень 9 верасьня прарвацца ў Польшчу зь беларускага боку спрабавалі больш за 200 разоў. Усяго з пачатку месяца такіх спробаў — звыш 1300... Але ўсё больш відавочна, што гэтыя атакі выдыхаюцца. Пасьпяховых прарываў — адзінкі. Вялікія групы мігрантаў, якім быў абяцаны хуткі і камфортны шлях у Эўропу, вымушаныя суткамі качаваць уздоўж агароджы з калючага дроту, мерзнуць і начаваць у намётах, абы-як харчавацца і цярпець ад побытавай неўладкаванасьці і хваробаў. На тым баку мяжы — рэжым надзвычайнай сытуацыі, уздоўж усяго пэрымэтру ня проста адзінкавыя памежныя нарады, а рэгулярныя, добра ўзброеныя і аснашчаныя войскі.

«Турысты» з квіткамі ў адзін канец

Сутнасьць усёй апэрацыі была відавочная яшчэ на пачатку лета, калі беларускія ўлады раптам гасьцінна адчынілі дзьверы перад дзясяткамі тысяч «турыстаў» з Іраку і іншых паўднёвых і ўсходніх краін, якія дагэтуль на працягу дзесяцігодзьдзяў беларускімі турыстычнымі адметнасьцямі ўвогуле не цікавіліся. «Турысты» затрымліваліся ў менскіх гатэлях на дзень-два, а потым дружна ператвараліся ў няшчасных і абяздоленых уцекачоў бяз грошай і дакумэнтаў дзе-небудзь у раёне Беняконяў, Радуні, Бераставіцы і Берасьця.

Разьлік, відавочна, быў на тое, што лібэральная Эўропа не наважыцца адступіць ад уласных гуманістычных прынцыпаў і вымушана будзе прымаць, карміць і ўладкоўваць усіх, каго б ёй ні закінулі. Эўрабюракраты ж, ва ўяўленьні стратэгаў аўтарытарнага рэжыму, — слабакі, гуманісты і закладнікі ўласных прынцыпаў. Калі нехта зь іх наважыцца жорстка спыніць гэтую плынь мігрантаў, дык там імгненна ўзьнімецца апазыцыя, абаронцы правоў чалавека, мэдыя, грамадзкая думка.

Меркаваны вынік: мігранцкая плынь вырасьце ў геамэтрычнай прагрэсіі, Захад сутыкнецца з маштабным гуманітарным крызісам на сваіх межах і ўсьлед за гэтым сам папросіць аб перамовах з афіцыйным Менскам. Ну, а тады ўжо можна будзе патаргавацца — і аб адмене санкцыяў, і аб прызнаньні рэжыму.

Плян выглядаў пераканаўчым. І напачатку ўсё пайшло менавіта так, як задумвалася. Масавыя пераходы мяжы, перапоўненыя лягеры для мігрантаў, роспачная рэакцыя мясцовых уладаў, не гатовых да гэтага. Мігранцкая праблема тут жа пачала выкарыстоўвацца ва ўнутрыпалітычных разборках. У Польшчы, напрыклад, і апазыцыйныя дэпутаты на мяжу выяжджалі з дэманстратыўнай падтрымкай мігрантаў, і група пратэстоўцаў спрабавала бурыць агароджу на беларуска-польскай мяжы. І была спроба арганізаваць масавыя пратэсты ў падтрымку абяздоленых і супраць жорсткіх захадаў улады на мяжы. Але вялікага посьпеху ўсё гэта ня мела, і перамог у выніку іншы падыход.

Як бы паступіў у падобнай сытуацыі сам Лукашэнка?

Паспрабуем уявіць, што нешта падобнае спрабавала б ажыцьцявіць якая-небудзь суседняя краіна ў дачыненьні да Беларусі. Што б адбылося ў выпадку, калі б мігранты паспрабавалі прабівацца на беларускую тэрыторыю, парушаючы мяжу?

Рубяжы савецкай дзяржавы, як ведаў любы грамадзянін СССР, — «сьвяшчэнныя і недатыкальныя», а дзяржаўная мяжа — на замку. Нам, савецкім школьнікам, убівалі гэта ў галовы з маленства — кнігамі і фільмамі пра тое, як дывэрсанты і шпіёны на казьліных капытах (каб перахітрыць памежнікаў) цішком прабіраюцца праз кантрольна-сьледавую паласу, але нашы пільныя вартавыя мяжы іх даганяюць і абясшкоджваюць.

Вайсковы статут, які, дарэчы, асабліва не зьмяняўся ў Беларусі з часоў СССР, прадпісвае: выявіў вартавы парушальніка — папераджальны вокрык «Стой, хто ідзе?», папераджальны стрэл, а далей — стрэл «на паражэньне». І ці нехта сумняецца, што ў сёньняшняй Беларусі было б інакш?

Калі нехта сумняецца, то варта нагадаць хаця б лёс расстраляных у небе Беларусі 12 верасьня 1995 году безабаронных пілётаў паветранага шара, якія незнарок заляцелі на беларускую тэрыторыю і разьлічыліся за гэта ўласнымі жыцьцямі. Лукашэнка на той час быў маладым прэзыдэнтам — другі год пры ўладзе.

Яму было з каго браць прыклад. Савецкія ўлады паступалі аналягічным чынам. Для людзей майго пакаленьня памятная трагедыя — зьнішчэньне савецкімі вайскоўцамі карэйскага пасажырскага Боінга з 269 пасажырамі на борце, які выпадкова заляцеў у неба над Сахалінам 1 верасьня 1983 году. Увесь сьвет жахнуўся — а савецкім людзям у тыя дні няспынна даводзілі пра непарушнасьць межаў і правакацыю амэрыканскай ваеншчыны. Пілёты, якія зьбілі пасажырскі самалёт, не панесьлі ніякага пакараньня. Зрэшты, як і тыя беларускія лётчыкі, якія зьбілі амэрыканскі паветраны шар над Бярозай у 1995 годзе.

Міграцыйны крызіс? Не, гібрыдная спэцапэрацыя

Лукашэнка заўсёды выйграваў, калі ў канфлікце ці спрэчцы з палітычнымі апанэнтамі першым наносіў удар, не зважаючы ні на якія законы і прынцыпы. У той час як ягоныя праціўнікі апэлявалі да агульнапрынятых нормаў права і маралі, сам ён гэтыя нормы ігнараваў, а часта дзейнічаў насуперак ім — і перамога, як правіла, была на ягоным баку.

Дэпутаты яму — галадоўку пратэсту ў залі Вярхоўнага Савету, а ён — загад гвалтам вывесьці іх адтуль з заламанымі рукамі, не зважаючы ні на які іхны статус.

Апазыцыя яму — апэляцыі да закону, Канстытуцыі, суду і міжнароднага права, а ён у адказ мяняе Канстытуцыю пад сябе, праводзіць выбары пад поўным уласным кантролем і лічыць галасы так, як захоча.

Абураныя несправядлівымі выбарамі людзі выйшлі на вуліцу з кветкамі і паветранымі шарыкамі, а ён іх — дубінамі і скрозь строй амонаўцаў, на калені і мордай аб асфальт.

Зь ім спрабуюць гуляць у шахматы, а ён зь першых хадоў прымерваецца, як бы агрэць праціўніка шахматнай дошкай па галаве.

Гэта спрацоўвала безадмоўна практычна заўсёды.

Схема перастае дзейнічаць толькі тады, калі ў адказ на яе ўжываюць адэкватныя сродкі і захады. Гэта ня значыць, што прымяняюць ягоныя ж мэтады, не, але — прымяняюць тое, што здольна рэальна супрацьстаяць грубай сіле і цынічнаму ігнараваньню міжнародных нормаў.

Калі б Латвія, Літва і Польшча, выконваючы нормы і дырэктывы Эўразьвязу, працягвалі пакорліва прымаць усіх мігрантаў, якія хлынулі зь беларускай тэрыторыі, цяпер бы ўжо Лукашэнка, напэўна, дасягнуў сваёй мэты. Але на сёньня ўсе тры гэтыя краіны ўвялі надзвычайнае становішча ў памежнай зоне і фактычна закрылі межы для нелегальных мігрантаў. Эўрапейскае заканадаўства дазваляе адступаць ад звыклых нормаў і дырэктываў у выпадку пагрозы нацыянальнай бясьпецы.

Штодня людзям у гэтых краінах тлумачаць відавочнае: гэта — не міграцыйны крызіс, як спрабуе падаць беларуская ўлада, а — гібрыдная палітычная апэрацыя, мэта якой — прымусіць аб’яднаную Эўропу пайсьці на саступкі Лукашэнку, адцягнуць увагу ад маштабных палітычных рэпрэсіяў, на якія пайшоў рэжым у Беларусі.

Як на гэта рэагуюць людзі ў саміх гэтых краінах? Па-рознаму. Але тых, хто падтрымлівае жорсткія дзеяньні ўлады, накіраваныя на поўны кантроль над уласнай мяжой, — большасьць. У Польшчы пра гэта сьведчаць, напрыклад, апошнія вынікі апытаньня, праведзенага сацыялягічнай службай IBRiS. Пры гэтым дзеяньні апазыцыі, якая абвінавачвае ўлады ў празьмерна жорсткім стаўленьні да мігрантаў і парушэньні эўрапейскіх нормаў, крытыкуюць 64 працэнты апытаных.

Грамадзяне разважаюць пераважна так: чаму мы абавязаныя прымаць на сваёй тэрыторыі гэтых дзіўных людзей, якія прыляцелі за тысячы кілямэтраў зь невядомымі мэтамі, і пры гэтым не гавораць на нашай мове і не падзяляюць нашых каштоўнасьцяў?

І гэта прынцыповы момант — чым заклапочаны і ўстрывожаны эўрапейскі абываталь: тым, што няшчасныя і галодныя людзі з Усходу ня могуць прарвацца на Захад, альбо — тым, які хаос у Эўропе спрабуе пасеяць Лукашэнка гэтым сваім закідваньнем мігрантаў. Усё паказвае на тое, што людзі выдатна арыентуюцца ў сытуацыі. І гэта — кепская навіна для Лукашэнкі. Грамадзкая думка ў свабодным сьвеце важыць вельмі многа.

У выніку для беларускага рэжыму ўсё можа скончыцца тым, што Беларусь, замест таго каб стаць для мігрантаў калідорам на Захад, стане адстойнікам. І гэта будзе вялізнай праблемай найперш для самой беларускай дзяржавы.

Досыць сьмешна, калі лукашэнкаўская прапаганда пачынае папракаць Захад у адступленьні ад нормаў гуманізму і дэфіцыце міласэрнасьці. Альбо раптам пачынае сьцьвярджаць, што Беларусь увогуле «ня мае нічога агульнага з сапраўднымі прычынамі росту патокаў міграцыі з праблемных рэгіёнаў» (словы ўзятыя з заявы афіцыйнага прадстаўніка МЗС Беларусі 9 верасьня).

Часам для таго, каб прымусіць сябе слухаць, дастаткова назваць рэчы сваімі імёнамі і прызнаць, што дабро і справядлівасьць павінны быць з кулакамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(43)