Политика
Алег Грузьдзіловіч, «Радыё Свабода»

«Закрыцьцё маёй справы – добры знак для Аўтуховіча і Асіпенкі»

З былога палітвязьня, ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава зьнялі ўсе абвінавачаньні і спынілі супроць яго крымінальны перасьлед. Карэспандэнт Радыё Свабода дазваніўся да Юрыя Лявонава, калі той ехаў у Ваўкавыск, дзе яго чакаюць шчасьлівыя сваякі.

Пастанову аб прыпыненьні справы адносна Юрыя Лявонава аб падпале дому міліцыянта падпісаў сьледчы з Галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю Міністэрства ўнутраных спраў Віктар Клачко. Сёньня гэтую пастанову далі на рукі Юрыю Лявонаву. З гэтай нагоды ён сказаў для “Радыё Свабода”:

“Калі шчыра, мне цяжка камэнтаваць, бо гэта было цалкам нечакана. Ніхто з нас гэтага не чакаў”.

Таксама ў міліцыі Лявонаву паведамілі, што супроць яго заводзілася справа ў сувязі з тым, што ён нібыта ведаў пра падрыхтоўку нейкага злачынства, але не паведаміў. Аднак з-за даўнасьці часу — бо ад тых падзей мінула болей за 2 гады — гэтую справу таксама закрылі.

Што да абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску, як вядома, яны ня зьнятыя з былога начальніка Лявонава ў фірме “Ніка-транс” Мікалая Аўтуховіча і былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенкі. Вось як Юры Лявонаў пракамэнтаваў пэрспэктывы далейшага расьсьледаваньня гэтай справы адносна Аўтуховіча і Асіпенкі:

“Для іх насамрэч гэта можа быць таксама добрым знакам.

Паколькі недаказанасьць удзелу ў злачынстве аднаго зь фігурантаў справы дае шанцы і астатнім на тое, што іх удзел таксама ня будзе даказаны. Але, як мне сёньня падаецца, справу ў суд усё ж перададуць. Усё ідзе да таго. Таму зараз вельмі важна, каб суд быў адкрытым. І я зраблю дзеля гэтага ўсё магчымае. Усё, што ад мяне залежыць, буду рабіць, каб працэс быў адкрытым. Што да мяне, то мой статус зьмяніўся. Ад 18 гадзіны вечара я цалкам вольны чалавек”.

Юры Лявонаў ня выключыў, што яму прыйдзецца быць на судзе над Аўтуховічам і Асіпенкам сьведкам. Паводле Юрыя Лявонава, справа можа патрапіць у суд у канцы кастрычніка.

Калі я шукаў Юрыя Лявонава, каб узяць гэтае інтэрвію, то патэлефанаваў у Ваўкавыск ягонай жонцы Яўгеніі. Яна яшчэ ня ведала, што з мужа зьнятыя ўсе абвінавачаньні, і вельмі дзякавала за навіну:

“Як добра! Ня верыцца, сапраўды ня верыцца. Як добра, дзякуй!”

Цяпер у доме Лявонавых рыхтуюцца да сустрэчы гаспадара — “цалкам вольнага чалавека”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)