Забудоўнік «Бульбаш-хола» плануе стварыць мемарыял «Курапаты»

На зварот «Нашай Нівы» ў Мінскі райвыканкам з нагоды будаўніцтва побач з месцам пахавання ахвяраў масавых рэпрэсій прыйшоў нечаканы адказ.

СТАА "БелРэстІнвест", якое выступае заказчыкам будаўніцтва, "распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па стварэнні мемарыяла "Курапаты". Дадзеныя мерапрыемствы накіраваны для зацвярджэння ў Міністэрства культуры".

Праўда, у лісце не расшыфроўваецца, што мае ўваходзіць у гэты комплекс мерапрыемстваў. Уласна, мемарыял — гэта Гара Крыжоў, і ён ужо ёсць. Плітачна-асфальтавае добраўпарадкаванне толькі нашкодзіла б некропалю. Гісторыкі не раз выступалі з ідэяй стварэння побач музея ахвяраў савецкага панавання, але гэта вялікая задача, якая патрабуе адпаведнага палітычнага рашэння дзяржаўных уладаў.

Згодна з Мінскім райвыканкамам, будаўніцтва "аб’екта прыдарожнага сэрвісу" здзяйсняецца ў межах інвестыцыйнай дамовы ад 1 сакавіка 2010. А эскізны праект будаўніцтва быў ўзгоднены ў Міністэрстве культуры яшчэ ў 2006-м, задоўга да Латушкі. Але таксама як "прыдарожны сэрвіс на 51-м км МКАД".

Аднак у часе будаўніцтва ідэя перарасла ў забаўляльны комплекс.

30 кастрычніка Мінкультуры выдала прадпісанне на праверку дакументаў у забудоўніка на адпаведнасць законадаўству. Бо выявілі парушэнні: часткова работы праводзіліся ў ахоўнай зоне гісторыка-культурай каштоўнасці. І пакуль будаўніцтва спынена.

Пра ўзвядзенне рэстаранна-забаўляльнага комплексу "Бульбаш-хол" каля Курапатаў стала вядома ў кастрычніку. Пасля пратэстаў грамадскасці з будоўлі спачатку знікла рэклама комплексу, а цяпер пачаліся праверкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)