Скандалы

«Забралі проста з аперацыі». Анэстэзіёлаг расказаў пра сваё дзіўнае затрыманне

Анестэзіёлага Дзмітрыя Каўко, які працуе ў клініцы «Новы зрок» і РНПЦ дзіцячай хірургіі, затрымалі ў чацвер, 12 лістапада, непасрэдна на працы. Ноч доктар правёў на Акрэсціна. У пятніцу яго адпусцілі, а справу адправілі на дапрацоўку, піша Наша Ніва.

Дзмітрыя забралі ў міліцыю проста з аперацыі.

«Паступіла інфармацыя, што на рэсэпшэне чакаюць тры чалавекі ў цывільным, таму я вымушаны быў спусціцца. У гэты час у аперацыйнай праходзіла агульная анестэзія. На аперацыю я ўжо не вярнуўся, паведаміў кіраўніцтву і пачаў збіраць рэчы. На аперацыі застаўся напарнік, ён рабіў падвойную працу — гэта нашмат складаней, больш рызыкі для пацыента», — распавёў доктар «Нашай Ніве».

Дзмітрыя абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі медыкаў 7 лістапада. У тую суботу ён сапраўды быў побач, працаваў у РНПЦ, але на марш не хадзіў. З унутранага дворыка толькі зняў, як калег пакуюць у аўтазак.

Ён мяркуе, што яго вылічылі па наладках тэлефона і забралі апытаць найперш у рамках крымінальнай справы, па якой у Дзмітрыя дома праходзіў ператрус 1 кастрычніка. Пасля таго ператрусу доктар пісаў ліст у РУУС, каб яму вярнулі рэчы. А калі там адказалі, што іх перадалі ў Следчы камітэт, напісаў туды.

«Калі ўчора па мяне прыйшлі, першае пытанне міліцыянта было: «Вы пісалі нам ліст у РУУС?» Кажу: пісаў. «Ну тады праедземце з намі, удакладніць усе абставіны». Допыт пераважна праводзіўся па крымінальнай справе і тым ператрусе, які ў мяне быў. А напрыканцы ўжо навесілі артыкул 23.34, таму што ўбачылі два здымкі ў тэлефоне», — падзяліўся Дзмітрый.

У пятніцу быў суд. Паседжанне вяла суддзя Савецкага раёна Алена Жуковіч. Справу ў выніку адправілі на дапрацоўку: на камерах назірання РНПЦ бачна, што анестэзіёлаг у той час знаходзіўся ва ўнутраным дворыку, а не каля праезнай часткі, як сцвярджаў сведка з міліцыі.

Суд на доктарам. Суддзя Алена Жуковіч вырашыла праводзіць працэс у сваім кабінеце, таму некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі падтрымаць медыка, пакінулі на калідоры. Людзі спрабуюць пачуць хоць нешта праз дзверы.

У якім статусе доктар праходзіць па крымінальнай справе, ён дагэтуль не ведае.

«Чаму з ператрусам прыходзілі, для мяне самога пытанне. Можа, гэта па нейкай страйкбольнай тэме, бо ў мяне забралі прылады для гульні ў страйкбол».

Заўтра Дзмітрыю на пост.

«Такі серыял: як пабываць за кратамі і патрапіць на працу без спазнення», — пажартаваў доктар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(11)