Общество
Ігар Карней, Радые Свабода

Забраць машыну са штрафстаянкі: бясплатна, зморам

Апошнім часам прыкметны розгалас набываюць выпадкі канфліктаў і непаразуменьняў паміж насельніцтвам і міліцыяй. Шмат хто з грамадзян ставіць пад сумнеў кампэтэнтнасьць міліцыянтаў, заяўляючы пра гэта як у віртуальнай прасторы, так і ў судах.

Ці рэальна аспрэчыць дзеяньні людзей у пагонах і колькі гэта будзе каштаваць у выпадку паразы?

Гвалт у сьледчых ізалятарах, паляваньне на аўтараў запісаў у сацыяльных сетках, затрыманьні тых, хто «няправільна» трактаваў побыт у спальных раенах, «крышаваньне» прастытутак за адпаведныя паслугі. Такія загалоўкі можна было сустрэць на навінных рэсурсах цягам апошніх дзен. Есьць і рэальныя прозьвішчы: памер на Валадарцы з прыкметамі фізычнага гвалту Ігар Пцічкін, аштрафавалі на 7 мільенаў рублеў за «абразу» міліцыянтаў тэатральнага дзеяча Андрэя Карэліна, асудзілі на 7 сутак аматара відэахронікі Руслана Мірзоева. Безыменным застаўся толькі лейтэнант, які спрыяў працы прастытутак.

Большасьць людзей не рызыкуе выказваць незадаволенасьць на адрас сілавікоў — маўляў, абыдзецца сабе даражэй. Таму спраўна плацяць штрафы, ідуць па тэлефонным званку ў аддзяленьні, маўчаць, калі іх там прыніжаюць. Аднак есьць і тыя, хто гатовы даводзіць сваю праўду.

Мянчук Аляксандар Ляшчэня быў пазбаўлены пасьведчаньня кіроўцы за два перавышэньні хуткасьці цягам году. Калі гнаў паказаць пакупніку машыну, якая на бліжэйшыя паўгода была ўжо непатрэбная, яго спыніў экіпаж Дзяржаўтаінспэкцыі. За язду без правоў на хлопца склалі адміністрацыйны пратакол, а аўтамабіль транспартавалі на так званую штрафстаянку. Пасьля гэтага распачалося доўгае супрацьстаяньне грамадзяніна Ляшчэні зь міліцэйскім падразьдзяленьнем:

«Паводле іхніх правілаў, калі машына трапляе на штрафстаянку, я павінен прыйсьці ў ДАІ і сплаціць штраф, што ехаў без правоў. Мне даюць паперку, я яе нясу на штрафстаянку, пасьля чаго вяртаюць машыну — з умовай, што аплачу колькасьць дзен, якія ў іх аўто прастаяла. Цягам двух тыдняў я зьбіраў грошы, бо штраф склаў ажно 2 мільены рублеў. Але трэба было яшчэ плаціць за паслугі стаянкі. Фішка ў чым: калі я туды прыйшоў, мне сказалі: ОК, давай паперку, плаці за два тыдні прастою і забірай машыну. Сума тым часам вылецела нармальная — яшчэ 2 мільены. Зразумела, мне гэта не спадабалася, і я плаціць не хацеў. За якія, уласна кажучы, паслугі? Шмат чаго начытаўся на беларускіх форумах, на расейскіх, зразумеў, што да чаго і як сябе паводзіць. І калі пачаў паглыбляцца ў нюансы, зрабіў нечаканае адкрыцьце: аказалася, што ў Беларусі такога афіцыйнага паняцьця, як штрафстаянка, няма ўвогуле!»

Насамрэч існуюць ахоўныя стаянкі, якія паводле дамоваў зь міліцыяй выкарыстоўваюцца для захаваньня арыштаваных аўтамабіляў. З улікам новых акалічнасьцяў Аляксандар цалкам зьмяніў стратэгію барацьбы:

«Кажу ім: хлопцы, вельмі добра. Паказвайце мне дамову, якую я з вамі нібыта заключыў на захаваньне транспартнага сродку, паказвайце суму, зыходзячы зь якой я нешта вам вінен, і я заплачу, няма пытаньняў. Яны ашалелі: ды ты што сабе дазваляеш? Ты парушыў правілы, тваю машыну даішнікі прывезьлі на штрафстаянку, а ты нам яшчэ нешта прад’яўляеш? У нас есьць прэйскурант, плаці па ім, і ўсе. Узялі, як кажуць, на понт. Але паколькі няма ў нас штрафстаянак і няма ў мяне зь імі ніякай дамовы, то я ім нічога і ня вінен. Так, мабыць, есьць у міліцыі дамова са стаянкай, маю машыну забрала ДАІ і адвезла на іхнюю штрафстаянку — дык няхай яны паміж сабой і разьбіраюцца! Я дазволу і згоды на гэта не даваў і плаціць за штрафстаянку, тым больш без адпаведнай дамовы, не зьбіраюся».

Наступны месяц пазбаўлены правоў кіроўца спраўна атрымліваў праз пошту лісты з патрабаваньнем аплаты штрафу, на якія, аднак, не рэагаваў. Пеня за стаянку тым часам расла, дасягнуўшы непад’емных памераў — за кожныя суткі прырастала 70 тысяч рублеў. Плюс 400 тысяч за паслугі эвакуатара. Але, як кажа Аляксандар Ляшчэня, у ягоным выпадку справа не дайшла нават да суду — штодзеннае цытаваньне пунктаў кодэксаў, законаў і ведамасных дакумэнтаў зламала апанэнтаў:

«У адзін дзень, калі наша спрэчка дасягнула апагею і калі я на іх нават выклікаў іхняе ж ДАІ, я чарговым разам пацікавіўся: ну, што, дакладна машыну ня вернеце? Не, кажуць. Але калі разьвярнуўся сыходзіць, мяне раптам дагнаў ахоўнік са словамі — трымай ключы і валі адсюль. Фактычна я іх узяў зморам, хоць усе ішло да суду. На разьвітаньне толькі сказаў: вось бачыце, усе роўна па-мойму выйшла — замест таго, каб адразу так зрабіць. Узяў машыну і зьехаў. Таму, людзі, задумайцеся, куды вы аддаяце машыну, паглядзіце прынамсі па дакумэнтах, паглядзіце на пашпарт аб’екту. Ды там нідзе нават не пазначана слова „штрафстаянка“, там фігуруе „стаянка, якая ахоўваецца“. Гэта, як кажуць, трэба ўмець чытаць дробны шрыфт, зь яго можна шмат чаго карыснага пачарпнуць».

З уласнага досьведу спадар Ляшчэня заклікае не складаць бездапаможна рукі, калі тыя ж праваахоўныя органы намагаюцца скарыстаць вашу непадрыхтаванасьць. І калі ня ўдасца, як у ягоным выпадку, узяць на змор, то ня лішне паспрабаваць дабіцца справядлівасьці праз суд:

«Можна і так, і гэтак, усе залежыць ад настойлівасьці і падрыхтаванасьці чалавека. Я шмат кантактаваў зь людзьмі, якія дакладна гэтак жа спрабавалі адстойваць свае правы, але ў некаторых не атрымлівалася толькі з-за таго, што, груба кажучы, у іхніх апанэнтаў былі занадта высокія падвязкі. То бок, хоць людзі і прывозілі ў суд дакладныя доказы, але справа адхілялася. Як тлумачылі ў кулюарах, проста чалавек вельмі высокага палету: пры ДАІ, пры судах і г.д. Але саміх па сабе спробаў супрацьстаяць сыстэме ня так і мала: хтосьці з-за няправільнай паркоўкі судзіўся, хтосьці аспрэчваў перавышэньне хуткасьці. Камусьці падфарціла і пра яго забываліся. Але насамрэч выпадкаў дастаткова шмат, калі незаслужана караюць. Дакладней, няправільна, непразрыста ў Беларусі гэта часта адбываецца, скажам так».

Селета кіроўцаў у Беларусі «абклалі» з усіх бакоў. Камэры відэа– і фотафіксацыі ўсталяваныя на галоўных аўтатрасах і на менскай кальцавой дарозе, машыны ДАІ абсталяваныя партатыўнымі прыстасаваньнямі, якія даюць магчымасьць пэленгаваць цэль проста на хаду, паўторнае парушэньне пагражае пазбаўленьнем пасьведчаньня, а штрафы ўжо дасягнулі эўрапейскіх памераў — што характэрна, пры самых нізкіх заробках у рэгіене. Да таго ж ад восені язда падшафэ абернецца канфіскацыяй транспартнага сродку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)