Общество

За ўдзел у жнівеньскіх акцыях асудзілі двух братоў – былога следчага і былога чыноўніка

Аляксея і Юрыя Сяньковых абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту.

Аляксей Сянькоў. Фота: «Магілёўская праўда»

5 кастрычніка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынеслі прысуд 43-гадоваму Аляксею Сянькову, паведамляе «Вясна». Яго прызналі вінаватым паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Мужчына — падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы, з ліпеня 2012-га да 2020-га ён працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце, пасля падзей 2020-га яго звольнілі па пагадненні бакоў. 5 ліпеня 2021 года яго затрымалі. Мае ордэны і медалі, а таксама граматы за бездакорную службу.

Юрый Сянькоў, скрыншот з передачы тэлеканала «Мир»

Ягоны малодшы брат Юрый Сянькоў — былы начальнік фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Яго затрымалі 30 красавіка 2021-га і пяць разоў асудзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён атрымаў 50 сутак арышту.

Затым перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе. Яго абвінавацілі па арт.342 КК — за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 года, і па арт. 368 КК — за рэпост у тэлеграме. Мужчына атрымаў тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прызнаны праваабаронцамі палітвязнем.

Справу Аляксея Сянькова разглядзела суддзя Наталля Бугук. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка.

У судзе былы следчы патлумачыў, што 16 жніўня сустрэўся з братам Юрыем у гандлёвым цэнтры «Карона», яны вырашылі паглядзець, колькі людзей выйшла. Не даходзячы да Стэлы, яны сфатаграфаваліся разам, у руках яны не мелі сімволікі, на фоне былі сцягі БЧБ.

Пасля 19 гадзін яны разыйшліся. Аляксей прызнаў, што мела месца быць абмежаванне руху транспарта, але ён не бачыў, каб яно было побач з імі. Таксама ён прызнаў, што пляскаў у далоні і крычаў «Жыве Беларусь!»

Пра падзеі 23 жніўня Аляксей расказаў наступнае: прыйшлі з братам паглядзець на колькасць людзей, сфатаграфаваліся недалёк ад калоны і разыйшліся. Бліжэй не падыходзілі, бо бачылі тэхніку і ваенных. Ён адзначыў, што ў той дзень не выкрыкваў лозунгаў і не пляскаў у далоні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(27)