За тыдзень аўтамабілі падаражэлі на 1000 долараў

Кошты паднялі як афіцыйныя дылеры, так і гандляры на другасным рынку. Прычына – навіна пра рост мыта на ўвезеныя аўтамабілі, які чакаецца ў ліпені. Апроч таго, з’явілася інфармацыя, што абмяжуюць імпарт аўтаў. Гэта прадугледжвае сумесная пастанова Савету Міністраў і Нацыянальнага банку «Аб разліках у імпарце некаторых тавараў» ад 25 лютага 2011 г.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Саўміну, у спіс тавараў, для якіх уводзяць істотныя абмежаванні ў аплаце замежнаю валютаю, трапілі і аўтамабілі. “Абмежаванні пераважна закрануць камерцыйныя аўтамабілі, прызначаныя для перавозу грузаў або пасажыраў. Так званыя “бусы”, дзе ёсць ад дзесяці месцаў. Абмежаванні неабходныя, каб стабілізаваць плацежны баланс краіны”, – адзначылі ў размове супрацоўнікі прэс-цэнтру.

Эксперты ж прагназуюць рэзкае скарачэнне імпарту легкавых аўтаў і, як вынік, дэфіцыт прапановы і рост цэнаў.

“За апошні тыдзень аўтамабілі даражэлі тройчы. Найбольш гэта закранула так званыя бюджэтныя і сямейныя аўты – мінівэны дзесяцігадовай даўнасці выпуску. Аднак і новыя аўтамабілі падаражэлі. Падобную сітуацыю мы назіралі летась, калі чуткі пра мыта ўжо распаўсюджваліся. Сёлета пра павышэнне заявілі канкрэтна. Таму хутчэй за ўсё, мыта ўсё ж падымуць. Людзі гэта разумеюць, праз гэта ідзе і масавы закуп патрыманых аўтаў у Польшчы і Літве, а таксама падвышэнне коштаў”, – адзначыў аўтааглядальнік Валер Глухоўскі. Аднак аўтааматары яшчэ спадзяюцца, што пастанову пра абмежаванне імпарту адменяць або прыбяруць з яе пункт пра аўтамабілі. Калі ж гэтага не адбудзецца, запас камерцыйных аўтаў пры звыклым попыце можа задаволіць патрэбы рынку толькі да сярэдзіны красавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)