За што Масква дасьць грошы Беларусі?

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Валер Карбалевіч. Па выніках паседжаньня вышэйшай дзяржаўнай рады саюзнай дзяржавы пытаньне наконт крэдыту так і засталося без адказу.

Але ўжо на наступны дзень, 26 лютага, на тэлеканале «Беларусь-1» пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што адносна расейскага крэдыту «рашэньне зараз дасягнутае канчаткова і беспаваротна», і на заключэньне крэдытнай дамовы спатрэбіцца некалькі дзён.

Тым ня менш, застаюцца пытаньні. Калі рашэньне, паводле інфармацыі Сурыкава, прынятае, то чаму б прэзыдэнтам было не абвясьціць гэта публічна па выніках перамоваў у Менску? Гэта стала б заключным акордам менскага саміту, які надаў бы хоць нейкі зьмястоўны сэнс гэтаму ваяжу ўсяго расейскага кіраўніцтва ў беларускую сталіцу. Маўляў, вось, глядзіце, нездарма прыяжджалі, ёсьць рэальны плён брацкай інтэграцыі. І з пункту гледжаньня піяру абнародаваньне гэтага рашэньня было б выгадна абодвум бакам.

Уладзімер Пуцін мог бы лішні раз укалоць ЗША і ЭЗ, маўляў, пакуль Захад у асобе МВФ выстаўляе ўмовы, мы, як сапраўдныя саюзьнікі, у цяжкую хвіліну хутка прыйшлі на дапамогу Беларусі. І Лукашэнка меў бы падставы апавясьціць і супакоіць свой добры народ: вось глядзіце, я ўсё ж такі выбіў гэты крэдыт, пра які казаў пасьля сочынскіх перамоў, ніхто ня ўмее так таленавіта выбіваць грошы ў Масквы. Але прэзыдэнты па выніках менскага саміту казалі пра што заўгодна, але пра самае галоўнае прамаўчалі.

Больш за тое, увечары 25 лютага намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Старчак паведаміў журналістам, што хоць Пуцін і Лукашэнка на перамовах у Менску вялі размову пра гэтую пазыку, «дыскусія па пытаньні будзе працягнутая». І, у рэшце рэшт, гаворка ж цяпер ідзе не пра расейскі крэдыт, а аб пазыцы Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР). Яго заснавальнікамі зьяўляюцца краіны-ўдзельніцы Эўразійскай саюзу. Нават чыста фармальна неабходна правесьці гэтае рашэньне праз ЭФСР. Баюся, што некалькіх дзён, як запэўнівае Сурыкаў, будзе мала.

Таму магу прапанаваць вэрсіяю, што рашэньне аб крэдыце Пуціным сапраўды прынятае, але перамовы аб умовах яго вылучэньня яшчэ працягваюцца.

І тут цікава, якія палітычныя наступствы будзе мець атрыманьне Менскам гэтага крэдыту. Магу выказаць два прагнозы. Па-першае, пазыцыя Беларусі ў перамовах з МВФ стане больш жорсткай. Маўляў, не патрабуйце рэформаў, а плаціце за геапалітычную ляяльнасьць, бо гэта вялікая каштоўнасьць, ліквідны тавар, калі не верыце, то паглядзіце, як паводзіць сябе Расея.

Па-другое, пэрспэктывы сур’ёзных эканамічных рэформаў у Беларусі адсоўваюцца, становяцца больш туманнымі. Бо ўвесь папярэдні вопыт расейскага крэдытаваньня сьведчыць аб тым, што любыя пазыкі Масквы ўмацоўвалі і кансэрвавалі беларускую сацыяльную мадэль. Вядома, што рэформы пачынаюцца тады, калі сканчаюцца грошы. А калі Расея іх дае на халяву, па палітычных прычынах, то навошта нешта мяняць?

І хай не ўводзіць у зман той факт, што ЭФСР ставіць умовы крэдытаваньня, падобныя на тыя, якія звычайна выстаўляе МВФ. Сама Масква да іх сур’ёзна ня ставіцца. Толькі адзіны раз ЭФСР стаў у позу і не выдзеліў адзін транш папярэдняга крэдыту, хоць Мінск ўвесь час ігнараваў патрабаваньні фонду.

Юры Дракахруст. Цікавая атрымалася інтрыга. Расейцы ўвесь час падкрэсьлівалі, што гэта нешта ўнікальнае, тое, што і прэзыдэнт, і прэм’ер разам паехалі ў замежжа, нават было крыху абразьлівае тлумачэньне спадара Пяскова, маўляў, гэта ж адна саюзная дзяржава, яны зь яе не выяжджалі — проста зьезьдзілі з Масквы ў Менск. Атрымалася, што ўвесь Крэмль прыехаў у Беларусь, і які вынік? Пра што дамовіліся? Публічна было сказана пра бюджэт саюзнай дзяржавы, 75 мільёнаў даляраў — ну дык гэта ж капейкі нават для Беларусі, ня кажучы пра Расею.

І тут усьлед расейскай дэлегацыі, якая ўжо ад’ехала, раптам пасол тлумачыць, што мы такое рашэньне прынялі. Прыняць прынялі, але магчыма не да самага канца. Варта сказаць, што вельмі часта гучаць такія словы: не, Расея больш нічога ня дасьць Беларусі, яны навучаныя горкім вопытам і ведаюць, што такое Лукашэнка, і колькі ж можна гэтыя мець адно пацалункі ў абмен на газ і нафту? Потым, калі Расея грошы ўсё ж дае, гавораць: усё, Лукашэнка за гэтыя грошы прадаў Беларусь. Зразумела, усё калісьці адбываецца ўпершыню. Мы памятаем, як «Белтрансгазам» гадамі вось так вадзілі, як паперкай на вяровачцы перад катом, але урэшце рэшт прадалі. Так што тут ня выключаныя якіясьці саступкі. Можа ў ваеннай сфэры, адносна той жа базы. Таксама магчыма прыватызацыя нейкіх беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам. Азот, МАЗ, МЗКТ, яшчэ шэраг беларускіх прадпрыемстваў — расейцы пра іх не забываюць.

Не выключаю, што расейцы проста перакупаюць Лукашэнку ў Захаду. Яны ведаюць, што санкцыі зьнялі, у Беларусі дарога свабодная на Захад, і каб яна ня вельмі далёка туды пайшла, Масква можа паказаць, што і з другога боку нешта ёсьць. Па меншай меры, гэта адна з магчымых вэрсіяў.

Віталь Цыганкоў. Мне здаецца, мы перабольшваем значэньне гэтага крэдыту. Што такое 2 мільярды для беларускай сытуацыі? Многія эканамісты кажуць, што яны пойдуць на прадухіленьне дэфолту, каб Беларусь выплачвала працэнты па сваіх запазычанасьцях. Магчыма, часткова гэтыя грошы пойдуць на павялічэньне золатавалютнага запасу. 2 мільярды — немаленькая для Беларусі сума, зараз яна змагаецца за крэдыт МВФ у 3 мільярды. Але не такая вялікая, каб вырашыць, куды Беларусь павернецца, на Ўсход ці на Захад.

Аляксандар Лукашэнка калісьці ацаніў Беларуськалій у 30 мільярдаў даляраў. А эканамісты ацэньвалі на той момант у 15 мільярдаў. То бок продаж 10-15% «Беларуськалія» — гэта большая сума, чым той расейскі крэдыт. Раней якія б адносіны не былі паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі, і якая б ні была сытуацыя ў РФ, Расея заўсёды давала нейкія крэдыты ці нават беззваротныя грошы. Магчыма, мы прысутнічаем пры моманце, калі гэта перастае быць аксіёмай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)