Прыгажуня дня
Марына Загорская, фота Уладзiмiра Багданава

За крок ад бессмяротнасцi

Вясковы лекар Станіслаў Нарбут, які між тым меў ступень доктара медыцыны прэстыжнага Баварскага каралеўскага універсітэта ў Мюнхене, сорак год лячыў жыхароў Браслава і яго наваколля. Змагаўся з каўтуном ды сухотамі і адначасова ствараў цудадзейную мікстуру, якая б дазволіла падоўжыць жыццё чалавека.

Азарэнне напаткала доктара на смяротным ложы. Ён папрасіў аловак і ліст паперы. Дрыжачай рукой спяшаўся занатаваць запаветны рэцэпт, але сілы пакінулі цяжка хворага Нарбута. Радкі, якія ён паспеў напісаць, ніхто не змог прачытаць. Рэцэпт пахавалі разам з доктарам.
Скептыкі не даюць веры гэтай гісторыі. Ды толькі, па ўсім відаць, сам Нарбут і без мікстуры спасціг таямніцу бессмяротнасці. Ён пайшоў з жыцця ў 1926-м, але ў навакольных вёсках дагэтуль усіх лекараў па звычцы клічуць “нарбутамі”.
— А для нас прысутнасць Станіслава Нарбута на фотаздымках, якія адлюстроў-ваюць гістарычныя падзеі, — бы лакмусавая паперка. Калі такой знакамітай асобы, як наш ганаровы лекар, на здымку няма, дык гэты матэрыял наўрад ці датычыць Браслаўшчыны, — не трымае ў сакрэце адмысловую методыку збору інфармацыі намеснік дырэктара мясцовага музея Аляксандр Панцялейка.
Адна з вуліц яшчэ пры жыцці доктара насіла яго імя. Распрацаваныя Нарбутам метады барацьбы з кашлем і галаўным болем і цяпер у пашане ў мясцовых бабулек, хоць доктар лячыў яшчэ іх бацькоў. Тутэйшая добраахвотная пажарная дружына ўзнікла таксама яго намаганнямі. Доктар “выдаваў” рукапісную газету “Дух Браслава” і быў рэжысёрам аматарскага тэатра. І галоўнае — створаная ім на пачатку XX ст. выдатная лячэбніца праіснавала ў будынку з чырвонай цэглы ажно да 1994 года.
— Але мы не можам пахваліцца вялікай колькасцю асабістых рэчаў Нарбута. У экспазіцыі ёсць толькі дзве пляшачкі з-пад лекаў, — расказваюць супрацоўнікі музея. — Праўда, некалькі год таму ўнучкі Нарбута прэзентавалі нам шыкоўныя здымкі. На іх адлюстравана, як доктар вядзе прыём і ходзіць па візітах.
Акрамя лячэбніцы свайго дзядулі, Яніна Гелерт з Польшчы і Марыя Заха з Даніі наведалі яшчэ адну браслаўскую дастапомнасць — дом, які пабудавалі для ўдавы доктара і ягоных дзяцей удзячныя пацыенты.
Графіня Эмілія Плятэр ахвяравала некалькі кубоў лесу. Местачкоўцы сабралі грошы на работу майстроў, але многія з іх адмовіліся атрымліваць заробак.
— Цяпер у доме Нарбута, дзе жыву і я, месцяцца дзве кватэры, таварыства інвалідаў, атэлье, касметычны кабінет, цырульня, — расказвае гісторык Валерый Бука. — Яніна ўсё намагалася знайсці месца, дзе стаяў калісьці яе ложак, узгадвала, што бабуля любіла раскладваць пасьянс, седзячы пад дрэвам у двары. Абе-дзве дамы вельмі ўзрадваліся, калі пачулі, што мая жонка таксама доктар.
Дом добра відаць з Замкавай гары, дзе пахаваны Станіслаў Нарбут. Там стаіць высокі белы абеліск з ліхтаром у тысячу ват на самым версе. Раней у цёмны час, у непагадзь, помнік служыў яшчэ і маяком.
...Тры гады таму будынак бальніцы перадалі Полацкай епархіі. У хуткім часе тут адкрыецца жаночы манаскі скіт. Былую аперацыйную залу ўжо пераабсталявалі пад невялікую цэркаўку, палаты — пад келлі. Дзякуй доктару Нарбуту!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)