Скандалы
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

За час сьледзтва Данькоў схуднеў на 30 кіляграмаў

У Маскоўскім судзе Менску пачаўся працэс над бізнэсоўцам Юрыем Даньковым.

Журналіст Радыё Свабода змог трапіць на пачатак працэсу. Судзьдзя Натальля Кузьняцова абвясьціла, што працэс будзе закрытым.

Юры Данькоў выглядае худым і стомленым. Аднак ён усьміхаўся прысутным у залі.

Справа налічвае 45 тамоў. Данькоў не прызнае сябе вінаватым па ніводным з пунктаў.

Жонка Данькова Натальля заявіла Радыё Свабода, што пакуль ня будзе камэнтаваць справу. Аднак паабяцала зрабіць гэта пазьней.

Натальля кажа, што за той год, пакуль доўжылася сьледзтва, яна бачыла свайго мужа толькі адзін раз, у жніўні 2013-га.

Натальля кажа, што муж схуднеў на 30 кіляграмаў.

Яна заявіла Радыё Свабода, што калі мужа арыштавалі, то яна ўзяла сямейны бізнэс у свае рукі. Натальля Данькова не выключае, што «Данькоў-клюб» бліжэйшым часам давядзецца закрыць. Час працы начнога клюбу абмежавалі да 22:00.

Юрый Данькоў быў затрыманы ў верасьні 2012 году і з таго часу застаецца пад вартай. Паводле Сьледчага камітэту, Данькову інкрымінавана некалькі злачынстваў, у тым ліку ўтрыманьне пры клюбе прытону, уцягваньне ў прастытуцыю, падробка дакумэнтаў, ухіленьне ад падаткаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)