Общество
Алесь Пілецкі, «Еўрарадыё »

З 24 міністэрстваў сайты па-беларуску маюць… толькі 5

А паўнавартасны беларускамоўны сайт і зусім адзін — у Міністэрства культуры.

Канстытуцыя прадугледжвае роўныя правы для абедзвюх дзяржаўных моваў. На практыцы нават міністэрствы трымаюцца гэтага далёка не заўсёды. Напрыклад, на сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі па-беларуску няма ні слова.

“Ад пачатку былі англійская і руская версіі. Пра беларускую ніхто за апошнія гады два пытання не ўздымаў. Зараз актуальнае пытанне англійскай версіі. Яна не настолькі паўнавартасная, бо ў рускай версіі шмат нарматыўных дакументаў ёсць”.

Англійская версія сайта насамрэч кульгае. Апошняя навіна датаваная… 2010 годам. У Міністэрстве гавораць, што ў новым годзе пачне працаваць новая версія сайта, дзе навіны абнаўляцца будуць рэгулярна. Праўда, беларуская мова не запланаваная і там, хоць зрабіць версію сайта на першай дзяржаўнай мове можна без праблем.

“Сістэма кіравання сайтамі дазваляе любую версію дадаваць. Калі такое пытанне паставяць, то зрабіць беларускую не праблема”.

Англійскую мову можна знайсці на старонках 17 з 24 міністэрстваў. Праўда, абнаўляюцца англамоўныя сайты надзвычай нерэгулярна. Амаль паўсюль гэтаксама, як у Міністэрства сельскай гаспадаркі. Выключэнне хіба сайты Міністэрства замежных спраў (дзе ж, як не тут?), Мінспорту (апошняя навіна месячнай даўніны) ды Мінэканомікі. Але і тут прызнаюць, што англійская версія сайта мае больш сціплы змест, чым рускамоўная.

“Англійская версія ў нас складаецца з асноўных раздзелаў — інвестыцыі, знешнеэканамічная дзейнасць, коштавая палітыка”.

У Міністэрстве спорту і турызму, сайт якога, дарэчы, моцна адрозніваецца ад падобных адна да адной старонак іншых міністэрстваў, беларускай мовы таксама няма. Але кіраўнік прэс-службы Уладзімір Несцяровіч гаворыць, што недахоп трэба выпраўляць.

“Цалкам магчыма, што мы падыдзем да гэтага пытання. Я дзвюма рукамі за гэта. І нават за тое, каб беларуская была асноўнай, а дзве іншыя дадатковымі”.

Сярод 24 сайтаў міністэрстваў толькі 5 маюць беларускамоўныя версіі. І толькі ў адным выпадку яна з’яўляецца асноўнай – у Міністэрства культуры. Рускай і англійскай там я… не знаходжу зусім. У Міністэрстве кажуць, што гэта часова.

“Справа ў тым, што руская версія па тэхнічных прычынах закрытая. І зараз вядуцца работы па змене выгляду сайта, тэхнічныя работы таксама”.

А ўвогуле сайты міністэрстваў падобныя адзін да аднаго. Паводле суб’ектыўных ацэнак карэспандэнта Еўрарадыё, найлепшы дызайн у сайтаў Міністэрства замежных спраў, Міністэрства транспарту і Мінэканомікі. За яскравасць можна выдзеліць таксама сайт Мінспорту, за нацыянальныя арнаменты сайт Мінкультуры, а сайт Міністэрства лясной гаспадаркі — за моўную арыгінальнасць. Акрамя рускай і англійскай версій, там ёсць яшчэ нямецкая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)