Общество
Алесь Сівы, «Народная воля», фота Віталя Гарбузава

Ёсць у Вільнюсе школа, у якую завітвае беларускі пасол (фота)

Карэспандэнты «Народнай Волі» наведалі ў Вільнюсе беларускамоўную сярэднюю школу імя Францішка Скарыны, якая не так даўно адзначыла сваё 15-годдзе. Што яны там убачылі і пачулі?

...Школу знаходзім даволі хутка, хоць яна і месціцца на ўскраіне літоўскай сталіцы. Месца проста цудоўнае! Як у курортнай зоне. Вакол прырода, школа не замуравана ў афсальт, як гэта звычайна ў горадзе. Зараз у навучальнай установе поўным ходам ідзе рамонт. Літоўскія і беларускія спецыялісты робяць усё, каб вучням было светла і ўтульна.

Пакуль дырэктара яшчэ няма, нашым гідам выступае выкладчыца музыкі Валянціна Кавальчук. Сама яна з Дзятлаўскага раёна, у школе працуе з 1997 года. Так ужо лёс вызначыў.

— Дзеці самі высаджваюць кветкі, — распавядае спадарыня Валянціна, паказваючы прыгожыя клумбы. — У нас тут наогул зона экалагічнага эксперыменту, бо школа з экалагічным ухілам. Дзеці ўдзельнічаюць у конкурсе маладых вучоных свету, не так даўно 12-класніцы Алена Базар і Наталля Буко занялі ў ім першае месца. Першая пасля адвучылася ў Англіі і зараз працуе ў швейцарскім банку. Наталля скончыла Міжнародны экалагічны універсітэт імя Сахарава.

— Паглядзіце сюды: ахоўваемая пляцоўка доўгатэрміновага біялагічнага эксперыменту, — з гонарам паказвае нам выкладчыца. — Тут нічога не прыбіраецца, а затым глеба бярэцца на пробу. Як кажуць: у гэтым месцы гаспадарыць сама прырода. Вось яблынька, якую падарыў мінскі Батанічны сад. Мы яе пасадзілі ў гонар нашай настаўніцы — яна памерла ад анкалагічнага захворвання.

Ёсць у школы і свая Чарнобыльская алея. У гадавіну трагедыі і дзеці, і настаўнікі прыходзяць сюды і саджаюць кветкі. Цуд, але ў некалькіх метрах ад алеі мы знаходзім грыбы!

— Масляты, — канстатуе выкладчыца, але яе гэта не здзіўляе. — У нас і падасінавікі пад вокнамі растуць, і падбярозавікі. Памідораў насаджалі, маліннік побач... На лужку гулянні праводзім, вогнішча палім.

З пытанняў прыроднага хараства паступова пераходзім да школьнай тэматыкі, і спадарыня Валянціна расказвае:

— У школе дзеці з пачатковых класаў вывучаюць чатыры мовы — беларускую, англійскую, літоўскую і рускую. З сёмага — французскую альбо нямецкую, хоць зараз, магчыма, такое правіла будзе ўведзена ўжо з 5-га класа. Школьныя праграмы ў нас літоўскія, але ў пачатковых класах абавязковае выкладанне ўсіх прадметаў ідзе толькі на беларускай мове. Але ў старэйшых фізіка, напрыклад, — на літоўскай. Не ўсе настаўнікі валодаюць беларускай мовай. У нас працуюць каля 30 выкладчыкаў, на пастаяннай аснове — 15—16. Астатнія — па сумяшчальніцтве. Дарэчы, англійскую мову ў школе выкладае армянін Армен Барсамян. У яго жонка літоўка.

Унутры будынка — таксама рамонт. Сустракаем зямлячку Кацярыну Пратасевіч. Выкладчыца Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва спрытна тынкуе сцены.

— Сюды мы накіраваны ў камандзіроўку ад камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, — распавядае яна. — Прыехала чалавек 25. Тут жывём, тут працуем. Хутка камандзіроўка заканчваецца...

Тым часам Валянціна Кавальчук працягвае:

— Пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын да нас прыязджаў. І 1 верасня, і ў Дзень гімназіі. Дарэчы, вучацца тут і дзеткі некаторых работнікаў беларускага пасольства ў Вільнюсе — Вікторыя Васільева, Аня Лохач...

Наш экскурсавод распавядае, што ў школе ёсць урокі танцаў, якія вядзе выпускнік, экс-чэмпіён свету па бальных танцах Артур Баёр. На ўроках працы хлопчыкі і дзяўчаты вучацца не толькі майстраваць, але і гатаваць. Для гэтага ёсць спецыяльная кухня. І, як высветлілася, хлопчыкі да кулінарнай справы адносяцца з большым захапленнем, чым дзяўчаты. У жыцці ўсё гэта, безумоўна, спатрэбіцца...

Дырэктар школы Галіна Сівалава — яе заснавальніца — сустракае нас ветліва. У свой час яна працавала ў Гальшанах у спецінтэрнаце, пасля — у Альшанскай сярэдняй школе.

— Паглядзела я тады на свае беларускія заробкі і паехала ў Вільню, — шчыра прызнаецца Галіна Канстанцінаўна. — Каму належыць ідэя стварэння беларускамоўнай школы? Тады Таварыства беларускай культуры тут пакуль не было, а існаваў клуб “Сябрына”, якім кіраваў Валянцін Стэх. Жылі яшчэ Лявон Луцкевіч, Янка Багдановіч... Вось так супольна і нарадзілася ідэя. Пачалі збіраць заявы на першы клас. Тады цэлы год колькасць дзяцей была няроўная. Дзеці то з’яўляліся, то знікалі — лічба вар’іравалася ад 7 да 12 чалавек у класе. І, натуральна, першы год псіхалагічна было вельмі складана. Нам аддалі пад школу дзіцячы садок, фінансаў практычна не мелі... Зрэшты, гэта тэма для асобнай размовы. А сёння мы можам ганарыцца. Шаснаццаты год існуе школа, падрыхтавалі ўжо каля 300 выпускнікоў. Чыстых беларусаў у нас навучаецца недзе каля 45 працэнтаў. Чвэрць — змешаныя беларусы, астатнія — грамадзяне іншых краін.

Галіна Канстанцінаўна расказвае цікавы выпадак. У школу прыехала здымачная група тэлебачання. Журналісты пытаюцца ў дзяцей, кім яны хочуць стаць, калі вырастуць. Сын дырэктара аэрапорта ў Дубаі, што ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, шчыра прызнаецца, што няблага было б заняць крэсла дырэктара аэрапорта “Мінск-2”. Яшчэ ў аднаго запыталіся, у адказ пачулі: “Прэзідэнтам”. У трэцяга, чацвёртага — прэзідэнтам, прэзідэнтам... І раптам адзін хлопчык на традыцыйнае пытанне тэлевізіёншчыкаў задумваецца, а затым выпальвае: “Ведаеце, я яшчэ дакладна не вызначыўся. Хачу альбо зайцоў разводзіць альбо стаць прэзідэнтам”. Усе пакаціліся ад смеху.

— У гэтым годзе колькі будзе навучэнцаў у школе? — працягваем гутарку.

— Думаю, што не менш за 170. Самы цяжкі час у нас быў, калі ў Беларусі прайшоў рэферэндум па дзвюхмоўі, і дзяржаўнай мовай прызналі яшчэ і рускую. Тры месяцы ў школе быццам жалоба была. Не ведалі ж, як бацькі дзяцей адрэагуюць на гэта. Пасля гэтага да мяне прыехаў журналіст з нейкага рускага выдання і пытаецца: “А что вы будете делать, если вообще будет единое Союзное государство?” Я яму тады адказала так: “Кожны настаўнік і вучань купяць па вянку з жалобнай стужкай і напішуць: “На магілу беларускай незалежнасці”. Пойдзем да беларускага пасольства і павесім гэтыя вянкі на жалезны плот”. Гляджу, чалавека аж перакасіла ад жаху. Напэўна, уявіў, як гэта ўсё будзе выглядаць. А мне тады нават на душы палягчэла.

— Хто сёння фінансуе школу?

— Поўнасцю літоўскі бок. Беларускі раней даваў нам падручнікі, але зараз яны нам практычна не патрэбны — розныя праграмы. Бяром толькі падручнікі па беларускай мове і літаратуры для пачатковых класаў. На розныя курсы ў Беларусь выкладчыкі ездзяць бясплатна, Мінск дапамагае. Два аўтобусы горад школе падарыў. Праўда, за другі аўтобус давялося заплаціць больш за 20 тысяч долараў падатку — так патрабуюць законы Еўрасаюза. Праўда, мытнікі нам сказалі, што камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама мог нам здаць гэты аўтобус за 1 літ у год, і не трэба было б плаціць аніякага падатку. Мы яшчэ 14 тысяч літаў уклалі ў рамонт (каля 6 тысяч долараў). Такі вось падарунак.

— Якую яшчэ дапамогу хацелі б атрымаць ад беларускіх улад?

— Добра было б, каб у гэтым годзе дапамаглі наладзіць сур’ёзную міжнародную экалагічную канферэнцыю. Не толькі для школьнікаў, але і на вышэйшым узроўні. Бо гэтай праблематыцы мы надаём вялікае значэнне. Чыноўніку, можа, гэта не трэба, але не варта забываць, што чыноўнік — гэта звычайны бюракрат. Мая методыка заключаецца ў тым, што палова выхавання дзяцей павінна праходзіць па-за ўрокамі і па-за школай. Яны павінны ўдзельнічаць у розных праектах, сустрэчах, акцыях... У гэтым плане мы за месяц праводзім столькі мерапрыемстваў, колькі ў звычайнай школе — за год.

“Я вельмі люблю Беларусь, — кажа на развітанне Галіна Канстанцінаўна. — І Беларусь для мяне — гэта не толькі прэзідэнт альбо нейкі міністр. Беларусь — гэта Бацькаўшчына. І я ўсё зраблю для таго, каб гэтая беларускамоўная школа і надалей жыла, квітнела і развівалася...”

Мне тады падумалася — усё ж такі як цудоўна, што такія беларускамоўныя школкі ёсць па-за межамі Беларусі...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)