Политика
Анастасія Зелянкова

Ён матэрыяльна не падтрымліваў партыю

На мінулым тыдні сябры Партыі БНФ атрымалі ліст, падпісаны старшынёй Партыі БНФ Лявонам Баршчэўскім. У ім Баршчэўскі тлумачыць, за што быў выключаны з партыі намеснік старшыні Алесь Міхалевіч. Прычыны, выкладзеныя ў звароце, зусім не адпавядаюць тым, што былі агучаны старшынёй на Сойме і ў прэсе.

Так у інтэрв’ю “Салідарнасці” адразу пасля пасяджэння Сойма, Лявон Баршчэўскі наступным чынам пакаментаваў прычыны выключэння Алеся Міхалевіча:

— Фактычна Міхалевіч ствараў групоўку ўнутры партыі. Калі ў сацыял-дэмакратаў дазволена фракцыйная дзейнасць, то нашымі дакументамі гэта забаронена. Але чашу цярпення перапоўніла тое, што Міхалевіч абразліва выказаўся ў СМІ пра некаторых кіраўнікоў партыі, у тым ліку і старых. Ён да таго ж разаслаў свой бюлетэнь па сябрах фронту – я таксама атрымаў яго у канверце. Міхалевіч мае права выдаваць такі бюлетэнь, але тое, што ён там напісаў, абразіла многіх. Яго б не выгналі з партыі, калі б не гэтыя ўчынкі.

Між тым у лісце, які старшыня старшыня накіраваў сябрам партыі (за выключэннем тых, хто актыўна падтрымлівае Міхалевіча), названы зусім іншыя матывы. Прынамсі, сцвярджаецца, што Міхалевіч самаўхiлiўся “ад удзелу ў матэрыяльнай падтрымцы агульнай партыйнай дзейнасцi”, спрабаваў “фінансавымі падачкамі перакупіць актывістаў Фронту” і ўказваў, “каму пэуныя фундатары павiнны даваць падтрымку”.

"На апошнім, чэрвеньскiм паседжаньнi Сойму Партыі БНФ давялося прыняць няпростае, але абсалютна неабходнае рашэньне — выключыць з шэрагау партыi аднаго з намесьнікаў старшынi — сп. Аляксея Мiхалевiча, -- адзначаецца ў звароце. — Такое рашэньне насьпявала даўно. Сп. Мiхалевiч адмовiўся выконваць шэраг партыйных рашэньняў, заняушы сваю асобную пазыцыю й самаўхiлiўшыся ад удзелу ў матэрыяльнай падтрымцы агульнай партыйнай дзейнасьцi. Разам з тым, ён прадоўжыў сваю кампанію, якую вёў перад мiнулым Зьездам партыі БНФ, спрабуючы невялiкімі й большымi фінансавымі падачкамi перакупiць актывiстаў Фронту, у першую чаргу рэгіянальных. Менавіта паводле яго ўказаньняў вызначалася, каму пэўныя фундатары павiнны даваць падтрымку, а каму — не.

Усе гэта мне было няпроста даказваць, бо рабілася, вядома ж, паціху. Я, як старшыня партыi, запатрабаваў яшчэ на пачатку свайго знаходжаньня на пасадзе, каб усе намесьнікi iнфармавалi мяне аб атрыманьнi фiнансавай падтрымкi зь любых крыніцаў i аб яе разьмеркаваньнi. Сп. Мiхалевiч гэтага не зрабiў ні разу, нягледзячы на тое, што яму пра гэта неаднаразова мною нагадвалася. Пры гэтым я атрымлiваў вычарпальную iнфармацыю ад iншых сваiх намесьнiкаў — спсп. В.Вячоркi, В.Івашкевiча, А.Янукевiча”.

Таксама Міхалевічу ставілася ў віну крытыка і невыкананне рашэнняў Сойму, “што таксама ня можа лiчыцца дапушчальным”.

Далей Лявон Баршчэўскі ўзгадвае пра “абразлівыя выказванні” свайго былога намесніка ў непартыйнай прэсе.

“Але ўсяго гэтага сп.Мiхалевiчу паказалася мала. Ён перайшоў да публікацый абразьлiвых, часта скiраваных на асобу выказваньняў пад адрасам іншых кіраўнікоў Партыi БНФ, якiя ня раз публiкавала непартыйная прэса (сайт "Салідарнасьць", "Наша нiва", "БелГазета" i iнш.). Я меў некалькi гутарак зь iм, дзе спрабаваў па-добраму пераканаць яго гэтак не рабіць. Мае ўгаворы, спробы заключыць "мiравое пагадненьне" вынiку ня мелi. Для партыi такія зьявы недапушчальныя: мы можам i павiнны крытыкаваць адно аднаго на партыйных паседжаньнях, у "Навiнах БНФ", але ня ў той прэсе, якая толькi й чакае сэнсацыяў, каб паведамiць пра рознагалосьсi у найстарэйшай палiтычнай арганізацыi Беларусi”, -- адзначаецца ў лісце.

У сваім звароце Лявон Баршчэўскі просіць сяброў Фронту зразумець матывы, якімі ён і Сойм кіраваўся, “прымаючы нялёгкiя, але патрэбныя рашэньнi (маецца на ўвазе выключэнне Міхалевіча – “С”); адкiнуць залiшнiя эмоцыi” і працаваць далей на вырашэнне партыйных задач.

Узяць тлумачэнні ў старшыні партыі наконт ягонага ліста, пакуль не выпадае магчымасці: зараз Лявон Баршчэўскі знаходзіцца ў ад’ездзе. Алесь Міхалевіч ад каментароў устрымаўся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)