Политика
Руслан Гарбачоў, фота аўтара і з архіву Яраслава Берніковіча

Яраслаў Берніковіч: «Мы не звяры»

Сябра Партыі БНФ і руху «За свабоду» з Глыбоцкага раёна Яраслаў Берніковіч расказаў «Салідарнасці», дзе знайшоў грошы для апазіцыі, з якой прычыны не любіць Мінск і чаму за яго ў асноўным галасуюць жанчыны.

Даведка «Салідарнасці»:

Яраслаў Берніковіч — 42 гады, нарадзіўся на Глыббочыне ў вёсцы Верхняе, дзе зараз і жыве. Па адукацыі тэхнік-будаўнік. 5 год адслужыў на Далёкім Усходзе. Пасля развалу Савецкага Саюза не захацеў прымаць прысягу Расіі і вярнуўся дадому. Працаваў будаўніком, у газеце «Вольнае Глыбокае», прыдпрымальнікам. Скончыў Расійскую акадэмію прадпрымальніцтва («мэнэджэр па сувязях з грамадскасцю»), вучыцца ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва.

Старшыня Глыбоцкай раённай арганізацыі Партыі БНФ, сябра руху «За свабоду». У 2008 годзе балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў НС РБ. Напісаў адкрыты ліст свайму канкурэнту па выбарчай акрузе старшыні Віцебскага аблвыканкама Андрэйчанку, дзе заклікаў яго добраахвотна зняцца з выбараў.

Жанаты, мае сына.

Яраслаў Берніковіч

— Спадар Яраслаў, вы адначасова і тут, і там: маю на ўвазе Партыю БНФ і рух «За свабоду». У вас не ўзнікае з гэтай нагоды супярэчнасцяў?

— Не, ніякіх супярэчнасцяў з-за гэтага ў мяне ў Глыбокім няма. Лічу адначасовае сяброўства ў партыі і руху нармальнай сітуацыяй. Я ўвогуле выступаю за адзіную правую сілу. У цяперашніх умовах на прэзідэнцкіх выбарах адзіны кандыдат ад апазіцыі наўрад ці пераможа. І на маю думку, чым больш будзе кандыдатаў — ад правых сіл, ад левых і г.д. — тым лепш. Тым большы будзе ахоп грамадства, тым большы будзе пратэстны настрой.

— Калі вы не верыце ў змену ўлады, для чаго тады займаецеся палітычнай дзейнасцю?

— Нам трэба працаваць на перспектыву.За 15 год Лукашэнкі ва ўладзе хто-небудзь сур’ёзна працаваў з моладзю? А між тым вырасла новае пакаленне, пра тры гады яно пойдзе галасаваць. Калі мы пачнем сёння працаваць з моладдзю, улада праз 5, 10, ну хай 15 год, але зменіцца. А калі не пачнем дзейнічаць зараз, гэтага не адбудзецца ніколі.

Мы вось у Глыбокім праводзім конкурсы для школьнікаў, абараняем беларускія класы, збіраем подпісы супраць пераводу навучання ў школах на рускую мову. Гэта атрымоўваецца ў нас не заўсёды паспяхова, але галоўнае, што людзі заўважылі праблему.

Яраслаў Берніковіч

Яраслаў Берніковіч на сходзе Партыі БНФ у Мінску

— Перашкод вам, як кіраўніку мясцовай філіі БНФ, ня чыняць?

— Не. Праблемы ў мяне і таварышаў узнікаюць толькі падчас выбараў, калі мясцовае начальства выконвае загады зверху. А так асабістыя адносіны ў нас нармалёвыя: горад жа невялікі, усе, хто на віду, адзін аднаго ведаюць. З выканкама са мною вітаюцца, начальнік КГБ ківае пры сустрэчы. Людзі бачаць, што мы не звяры.

— Чаму апазіцыя ў Беларусі сёння займае далёка не тое месца, што раней?

— Дзякуй богу, што яна ў гэтых умовах яшчэ захавалася. Шмат людзей адышло ад спраў, яны кажуць: «Я ўсё разумею, але ў мяне ёсць праца і я не магу ёю ахвяраваць». Калі ж у краіне будзе сапраўдная лібералізацыя, то апазіцыйныя партыі памацнеюць. Зараз у нас ёсць касцяк, які пры добрых умовах абрасце мясам.

— На мінулагодніх парламенцкіх выбарах пры вылучэнні сваёй кандыдатуры вы сабралі 3800 подпісаў — гэта калі не лепшы, то адзін з лепшых вынікаў сярод апазіцыйных кандыдатаў...

— Неабходную для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты 1 тыс. подпісаў мы сабралі за тры дні. Пасля я доўга не мог спыніць дзяўчат, казаў ім: хопіць, хопіць. Подпісы мы здалі за тыдзень да апошняй даты. Гэта было дужа крута.

Дарэчы, падчас выбараў заўважыў вельмі цікавы момант. У нашую выбарчую акругу ўваходзілі Глыбоцкі, Докшыцкі і Ушацкі раёны. Дык вось калі на Глыбочынне людзі без праблем падыходзілі да маёй ініцыятыўнай групы, размаўлялі, пыталі «Што нам ваш Берніковіч дасць?», то на Ушаччыне мінакі апускалі вочы долу і стараліся хутчэй прайсці.

Усё-ткі 20 год даваеннага падзелу аказалі моцны ўплыў на наступныя пакаленні. Ва Ўсходняй Беларусі бальшавікі прывілі людзям страх. А на Захадзе, на Глыбоччыне нават у цяперашніх умовах шмат прыватнай ініцыятывы (цырульні, крамы, грузаперавозкі, таксі і г.д.). Пакуль дзяржава не ініцыятавала массавы пераход у ЧУПы, у Глыбокім з насельніцтвам у 19600 чалавек было 1200 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Яраслаў Берніковіч

«Не беспрынцыповай акруговай камісіі!» акцыя Яраслава Берніковіча на прыступках райвыканкама падчас парламенцкіх выбараў

— Прадпрымальнікі — ваш асноўны электарат?

— Так, большая частка прадпрымальнікаў, а яшчэ настаўнікі, і я думаю, міліцыя.

— Міліцыя?!

— Ну мне так здаецца. Хаця, зразумела, што непрыемных момантаў у мяне з імі хапае. Але, калі яны мяне затрымоўваюць, то адводзяць вочы: маўляў, нічога зрабіць не можам.

А аднойчы здарыўся зусім кур’ёзны выпадак. 23 сакавіка пазамінулага года, напярэдадні акцыі на Дзень Волі ў Мінску, мне позна ўвечары патэлефанавалі з «Радыё Свабода». Спыталі: чым займаешся? Ну я жартам і адказаў: п’ю гарэлку.

А жыву ж я ў вёсцы, і калі раніцай сабраўся ў Мінск, то, натуральна, паехаў праз Глыбокае. Заязджаю ў горад, і мяне спыняе міліцэйская машына: «У нас ёсць падазрэнні, што вы ў нецвярозым выглядзе» (смяеццаР.Г.). Мой тэлефон яўна праслухоўвалі, а калі б я піў гарэлку, раніцай гэта было б заўважна! Падуў я ім двойчы ў трубачку — двойчы паказала нуль.

Завезлі пасля мяне да намесніка начальніка РАУС. «Яраслаў Тадэўшавіч, ізвініте, — звярнуўся ён. — Скажыце толькі на чым вы паедзеце на мітынг у Мінск і колькі чалавек будзе з вамі». Ну я і адказаў: нас будзе 10 чалавек, і паедзем мы на цягніку. Самі мы, канешне, селі ў машыну і паехалі іншай дарогай.

— У адным інтэрв’ю вы сказалі, што за вас у асноўным галасуюць жанчыны. Што сапраўды?

— Я думаю, так. Па маіх назіраннях, збольшага жанчыны не галасуюць за нейкую партыю, не робяць выгляд, што ўсё ведаюць у палітыцы. Яны галасуюць за фотаздымак, за чалавека, якога ведаюць ці з якім размаўлялі.

Мужчыны больш думаюць, што разбіраюцца ў палітыцы: «А, ён з БНФ, значыць я за яго галасаваць не буду». А жанчыны пасля парламенцкіх выбараў падыходзілі да мяне і казалі: «Мы не хацелі ісці на выбары, но вы ўчаствавалі, дык я мужа взяла, і мы прагаласавалі за вас».

— Як лічыце, што для мужчыны павінна быць на першым месцы: адказнасць за сям’ю, ці адказнасць на сітуацыю ў краіне?

— Думаю, усё ж за сям’ю. Усё пачынаецца з маленькага. Адзін чалавек краіну не зменіць. Пачынаць трэба з сям’і, сяброў. Павялічваючы такім чынам свой уплыў, можна змяніць краіну.

— Нядаўна размаўляў з маладым палітыкам з Луніннца Віталем Каратышом. Ён сказаў, што жыццё ў правінцыі зацягвае, як балота, і каб атрымаць імпульс да новай працы, яму неабходна на некалькі дзён з’ездзіць у Мінск. А вы імкнецеся ў сталіцу, каб вырвацца з балота?

— Я ўвогуле не люблю Мінск. Мне здаецца, што там акрамя офісу БНФ нічога няма. Калі нехта з кіраўнікоў апазіцыйных партый скажа, што яго ведае ўвесь Мінск, можна будзе толькі пасмяяцца. А мяне ведае ўсё Глыбокае, і поле для дзейнасці для мяне тут вялікае.

— Сёння (гутарка адбылася ў мінулы чацвер — Р.Г) выйшаў першы нумар вашай рэкламнай газеты «Прэфект-інфо»…

— Так, яна датуецца 17 верасня. У гонар нашай газеты ў Глыбокім ужо і плошча атрымала назву «17 верасня»… (падкалоў, падкалоўР.Г.) Гэта бізнес-праект, які дачынення да палітыкі не мае. Каляровая газета з накладам у 5 тысяч асобнікаў распаўсюджваецца бясплатна, канкурэнтамі нашаму выдатнаму незалежнаму выданню «Вольнае Глыбокае» мы быць не хочам.

Праект выконвае некалькі роляў. Самае галоўнае, што ён аб’яднае актывістаў, якія страцілі працу, і дасць ім магчымасць заробку. Калі раней мы бачыліся ад акцыі да акцыі, то са з’яўленнем штотыднёвай газеты, будзем сустракацца амаль штодня. А частку заробленых грошай магчыма будзе выкарыстоўвацца для правядзення культурных імпрэзаў.

Яраслаў Берніковіч

— Мяркую па вашай знешнасці — у вас раптам няма украінскіх каранёў?

— Украінскіх — не. Ёсць польскія. Майго прадзеда па маці выпісалі з Польшчы на будаўніцтва касцёла ў Мосары. Ён кіраваў кавалямі.

— Як не пагляджу, то выходзіць, што калі чалавек актыўны ў палітыцы, то вельмі часта ён не чысты беларус, які вылучаецца сваёй рахманасцю.

— Я гэта таксама заўважаў. З іншага боку: беларус, канешне, можа прамаўчаць, але ён злапамятны. Будзе паціху ўсё рабіць на свой лад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)