Скандалы
Анастасія Зелянкова

Якубовіч адмаўляецца даваць Міхалевічу грошы на вядро для бульбы

У судзе Савецкага раёна Мінска слухаецца справа па іску намесніка старшыні партыі БНФ Алеся Міхалевіча да газеты “Советская Белоруссия” і яе рэдактара Паўла Якубовіча. Усе абвінавачанні ў свой бок рэдактар і адначасова аўтар спрэчнага артыкулу “Крутой мираж” адмаўляе, сцвярджаючы, што фраза, якая абразіла Міхалевіча, з’яўляецца толькі вобразным літаратурным прыёмам і перадае асабістыя меркаванні аўтара.

Нагадаем, што падставай для іску стаў артыкул Арцёма Чалядзінскага (як пазней высветлілася, пад гэтым псеўданімам хаваўся Павел Якубовіч) "Крутой мираж", надрукаваны ў газеце "Советская Белоруссия" ад 11 студзеня 2008 года. Разважаючы пра праблемы прадпрымальнікаў, выкліканыя ўказам №760, аўтар сярод іншага адзначае: "Потому они (ІП — “С”) искренне полагают, что никогда в жизни не вырастившие и тем более не продавшие ведра картошки Михалевич — Милинкевич реально помогут им в специфических предпринимательских проблемах".

Алесь Міхалевіч палічыў, што дадзенае сцвярджэнне ганьбіць ягоны гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Ён патрабуе ад "Советской Белоруссии" абвергнуць на сваіх старонках “непраўдзівыя звесткі”, а таксама выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 6160 беларускіх рублёў.

— Менавіта столькі каштуе ў ГУМе новае вядро для бульбы, — адзначае палітык. — Я абавязкова прыдбаю яго для сельскагаспадарчых прац, якімі рэгульна займаюся на сядзібе сваёй цешчы. Для мяне, як для палітыка, сцвярджэнне пра тое, што я ніколі не вырошчваў бульбу — а іншымі словамі, не працаваў, — з’яўляецца абразай. Гэта не адпавядае рэальнасці. Цяпер я вымушаны тлумачыць людзям — прадпрымальнікам, чые інтарэсы я мушу адстойваць, — што я не гультай, што я разумею іх праблемы. Гэты артыкул сапраўды наносіць шкоду маёй рэпутацыі.

На суд 14 сакавіка Павел Якубовіч не з’явіўся, даручыўшы прадстаўляць свае інтарэсы юрысту Вользе Раманоўскай. У сваёй заяве ён адзначыў, што не згодны з іскам.

— У дадзенай фразе аўтар выкарыстаў літаратурны прыём, — патлумачыла на судзе пазіцыю адказчыка Вольга Раманоўская. — Гэта вобразны выраз, які адлюстроўвае ацэнку. Іншымі словамі, аўтар выказвае сумненні наконт магчымасці істца дапамагчы прадпрымальнікам ў рашэнні іх спецыфічных праблем. Замест вядра бульбы там магло быць напісана і “пучок укропу”, і “скрынка какао-бабоў”. У любым выпадку гэта меркаванне, а яно не можа быць абвергнута ў судзе. З ім можна толькі пагадзіцца ці не.

— Я не супраць асабістых ацэнак і літаратурных прыёмаў, — заявіў “Салідарнасці” пасля першага дня працэсу Алесь Міхалевіч. — Калі б у сваім артыкуле Якубовіч адзначаў, што, на яго думку, я не здольны дапамагчы прадпрымальнікам у вырашэнні іх праблем — гэта адно. А калі прамым тэкстам сцвярджаецца, што я за сваё жыццё не вырасцій і вядра бульбы — гэта ўжо іншая рэч. Юрыдычна для нас справа выйгрышная. Але нельга забываць, што заснавальнікам газеты “Советская Белоруссия” з’яўляецца Адміністрацыя прэзідэнта, а ўся наша судовая сісэма падпарадкоўваецца ўладзе. Таму мы ўжо з’яўляемся ў няроўных умовах. Аднак надзею на справядлівасць мы не губляем.

Чарговае паседжанне па справе адбудзецца ў панядзелак, 17 сакавіка, а 9-й гадзіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)