Общество
Алег Грузьдзіловіч, ”Радыё Свабода”

Якой будзе кампэнсацыя страчаных ільготаў для міліцыянтаў?

Праз месяц ўступіць у сілу закон, паводле якога страцяць ільготы шэраг катэгорый насельніцтва, ў тым ліку вэтэраны, інваліды і міліцыянты. Што да апошніх, для іх ўжо падрыхтаваная вельмі неблагая кампэнсацыя.

Урадавую пастанову, паводле якой міліцыянты атрымаюць кампэнсацыю за страчаную ільготу ў выглядзе бясплатнага праезду, ужо падпісаў прам’ер-міністра Сяргей Сідорскі. Выплаты будуць называцца кампэнсацыяй за выкарыстаньне службовага транспарту ў службовых мэтах. Кампэнсацыя прадугледжаная немалая: супрацоўнік міністэрства ўнутраных спраў, менскай гарадзкой ці абласной управы міліцыі можа разьлічваць на 150 даляраў штомесячнага дадатку да заробку, супрацоўнікі унутраных органаў раённага ўзроўню—на 130 даляраў дадатку, іншым выплацяць па 110 даляраў.

Назіральнікі ўжо падлічылі, што цяперашнія ільготы абыходзіліся бюджэту куды таньней. Пакуль міліцыянты езьдзяць ў грамадзкім транспарце бясплатна, паказваючы кантралёрам службовыя пасьведчаньні. Пры сярэдніх коштах на праязныя ў 40 тысяч гэта азначае, што штомесяц транспартная ільгота на кожнага міліцыянта складае 20 даляраў. Кампэнсацыя ж прапануе выплату як меней ста даляраў. “Плаціць жа будуць ня ўсім, а толькі тым, хто выконвае службовыя заданьні”, — заявілі мне ў прэсавай службе МУС. Але дакладны мэханізм кампэнсацыі не патлумачылі. Кіраўнік прэсавай службы Кацярына Самусенкава-Шэлегава сказала, што ёй патрэбен час на вывучэньне дакумэнта, але болей яе тэлефон маўчаў.

Праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе: чыноўнікі заўсёды знойдуць магчымасьць кампэнсаваць сябе пэўныя страты ад адмены ільгот. Што да простага насельніцтва, менавіта з яго кішэні будуць плаціць кампэнсацыю міліцыянтам:

(Паганяйла:) “Савет міністраў распараджаецца ўласнасьцю Беларусі, ў тым ліку і сабранымі падаткамі ў выглядзе бюджэту. З якіх меркаваньняў ён дасьць такую кампэнсацыю праваахоўным органам? Бо, як кажуць, на іх штыках трымаецца сёньняшні рэжым”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)