Які сёння рэйтынг у Лукашэнкі і як беларусы адносяцца да яго малодшага сына?

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў – пра ядзерны электарат Лукашэнкі і стаўленне беларусаў да яго малодшага сына.

Былы кіраўнік Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук у інтэрв’ю каналу Ток выказаў меркаванне, што ядзерны электарат Лукашэнкі, які пры любых акалічнасцях будзе апраўдваць яго і галасаваць за яго, складае сёння 20-25%.

Генадзь Коршунаў

Сярод іх – дзяржслужбоўцы, сілавікі, добрая частка бюджэтнікаў – але не ўсе. Апошнюю групу складаюць вельмі розныя людзі і далёка не ўсе задаволеныя тым станам, у якім яны апынуліся.

Для часткі бюджэтнікаў логіка, што раз дзяржава выплачвае заробкі, то вы павінны быць ёй лаяльнымі, працуе. Аднак шмат для каго не: чалавек бачыць, які кавалак працы ён робіць, і хоча, каб дзяржава плаціла яму адпаведна, лічыць Коршунаў.

Сацыёлаг не верыць, што сённяшняя сітуацыя дэпалітазацыі ўнутры Беларусі прывядзе да росту ядзернага электарата Лукашэнкі:

– Цяжка задаваць людзям пытанні пра давер да начальніка канцлагера. Гэта не давер, гэта максімум – падпарадкаванне.  

Колькі ў Беларусі пасіянарных «ябацек»: тых, хто гатовы актыўна дзейнічаць, выступаць у абарону Лукашэнкі? На гэтае пытанне Коршунаў адказаў жартам: «Палову можна назваць па прозвішчах».

На яго думку, пра невялікі працэнт пасіянарных «ябацек» сведчаць падзеі 2020 году, калі ўлады нават з прымусам маглі сабраць на пралукашэнкаўскія мітынгі ў разы менш людзей, чым збіралася на пратэставыя маршы.

– Лукашэнка вынішчаў, вынішчае і будзе вынішчаць не толькі верагодных супернікаў, але і тых, хто гэтымі супернікамі патэнцыйна можа стаць. Як я разумею, добрая частка людзей галасуе за Лукашэнку па пранцыпе «А за каго ж яшчэ?», – лічыць Коршунаў.

Як беларусы адносяцца на Мікалая Лукашэнкі? Сацыёлаг адзначыў:

– З яго намагаюцца зрабіць варыянт сучаснага прынца с налётам глянца, але наколькі гэта будзе ўспрынята грамадствам – вялікае пытанне. Стаўленне да Мікалая па-ранейшаму як да дзіцёнка Лукашэнкі, якога ён з маленства цягаў за сабою куды заўгодна. І мне здаецца, яшчэ вельмі доўгі час Мікалай у вачах беларускага грамадства будзе проста дзіцём Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(39)