Общество
Сяргей Навумчык, «Наша Ніва»

Які гімн прапаноўвалі прыняць Адамовіч, Барадулін і Быкаў

Васіль Быкаў падзяляў сымпатыі паміж «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» і «Магутны Божа».

У зьвязку з дыскусіяй вакол будучага дзяржаўнага гімну Беларусі, якая ідзе на старонках «Нашай Нівы», падаецца, будзе своечасовым прывесьці ліст, які ў сярэдзіне лютага 1991 году Васіль Уладзімеравіч Быкаў папрасіў мяне перадаць у Вярхоўны Савет.

За некалькі тыдняў да гэтага, 19 верасьня, у якасьці дзяржаўных сымбаляў былі прынятыя Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і Герб «Пагоня», БССР зьмяніла назву на Рэспубліка Беларусь (мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, прапаноўвалі — «Беларусь»). Правесьці гэтыя рашэньні было вельмі цяжка. Да камуністаў-рэтраградаў дадаліся і галасы тых, хто раіў «не сьпяшацца» («Паколькі гэта сур’езнае пытаньне — давайце яго ня будзем вырашаць наскокам, не адразу, не на пазачарговай сэсіі. Давайце яго вырашаць прадумана, узважана і граматна», — дырэктар саўгасу «Гарадзец» А.Лукашэнка), таксама гучалі прапановы правесьці конкурс і вынесьці пытаньне на рэфэрэндум.

Зразумела, што калі б Вярхоўны Савет пайшоў гэтым шляхам (конкурс і рэфэрэндум) — мы б засталіся з БССРаўскай сымволікай, бо і нацыянальныя сымбалі ўдалося зацьвердзіць ня з першага разу, «голас у голас», а праз некалькі тыдняў «парляменцкая большасьць» адышла ад пасьляпутчаўскага шоку і вярнулася ў свой звычайны стан.

Вось у гэтыя дні і перадаў Васіль Уладзімеравіч такі ліст:

«Агульнавядома, што без нацыянальнай сымболікі немагчыма пасьпяховае ажыцьцяўленьне высакароднай ідэі самавызначэньня народу. Выдатна, што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь нарэшце зразумеў важнасьць у гэтай справе нацыянальна-гістарычнага падыходу, і народу вернуты ягоны гістарычны сьцяг і старажытны герб. Застаецца гімн. Цяпер аб’яўлены конкурс на тэкст гімну і ягоную музыку. Але ці трэба нам новы, сьвежаствораны, не ахрышчаны часам і гісторыяй каньюнктурны гімн? Ці хутка ен стане адной з важнейшых сьвятыняў нацыі? Асабліва калі ў гістарычнай народнай памяці яшчэ велічна гучыць колішні, ахрышчаны нешчасьлівым лесам (дарэчы, тым, які хрысьціў беларускі народ і саму Рэспубліку Беларусь) гімн на словы Макара Краўцова. А між тым, гэта велічная мэледыя і выдатны тэкст. І ня так важна, што некаторыя моманты яго не адэкватныя сучаснай палітыцы Беларусі, што яны, можа, палітычна састарэлыя. Гэта зусім ня той выпадак, калі патрэбна злабадзеннасьць. Тэксты гімнаў цывілізаваных краін звычайна архаічныя, але яны нязьменна кананічныя, ахрышчаны крывавай гісторыяй, і ў гэтым іх мастацкая і духоўная сіла.

Мы прапануем узаконіць гімн на словы М.Краўцова, ажыцьцявіўшы тым важнейшы дзяржаўны акт на шляху да сапраўднай сувэрэннасьці Рэспублікі Беларусь.

Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, 13 лістапада 1991 г.».

Ліст я перадаў у парлямэнцкую «Народную газэту» і ў сакратарыят Вярхоўнага Савету. Нягледзячы на істотную зьмену настрояў дэпутатаў, думаю, што шанец прыняць новы гімн усе ж быў, хаця і невялікі — але менавіта ў пытаньні гімну перамагла прапанова зрабіць конкурс. Конкурс той зацягнуўся не на адзін год, вынік яго вядомы.

Прыгадваючы ліст трох выбітных беларусаў, павінен сказаць, што сам Быкаў падзяляў сымпатыі паміж «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...» і «Магутны Божа». У апошнія месяцы свайго жыцьця ен набраў на кампутары тэкст вершу Арсеньевай і ў сакавіку 2003-га ўзяў яго ў Клімэнцінум, на пасяджэньне з нагоды гадавіны БНР (гэты аркуш паперы з ягонымі праўкам ў мяне захаваўся).

Думаю, што пры выбары гімну варта кіравацца менавіта гэтымі словамі з вышэйпрыведзенага ліста — «Тэксты гімнаў цывілізаваных краін звычайна архаічныя, але яны нязьменна кананічныя, ахрышчаны крывавай гісторыяй, і ў гэтым іх мастацкая і духоўная сіла». Словы ў роўнай ступені адносяцца да абодвух — вось хацеў напісаць «песьняў», але ні «Магутны Божа», ні «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...» ужо не назавеш песьнямі — у нашым успрыняцьці яны, канечне, гімны.

Што да мяне, дык гэты выбар паміж двума быў бы вельмі складаным. Але ўсе ж схіляюся ў бок гімну «Магутны Божа» — у варыянце больш энэргічнай аранжыроўкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)