Общество
Алесь Пілецкі, «Еўрарадыё»

Як журналісты заяўку на бойку снежкамі падавалі

«Еўрарадыё» паспрабавала падаць заяўку на бойку снежкамі паводле новага Закону «Аб масавых мерапрыемствах», а заадно высветліла, як чыноўнікі ставяцца да новаўвядзенняў.

— Практыкі такой, па-першае, няма. Другое — са зменамі закона мы не бачылі самі, шчыра кажучы. Трэба пачытаць, ці патрабуе ён, — расказваюць «Еўрарадыё» ў аддзеле ідэалогіі Мінгарвыканкама.

Пасля кароткага замяшання і кансультацый з калегамі чыноўнік увогуле прызнаецца, што аддзел ідэалогіі не ведае нават, ці набылі моц папраўкі.

— А калі ўваходзіць у сілу, не ведаеце? Я ведаю, што нібыта падпісаны, але не ведаю тэрмін, калі ён будзе апублікаваны і калі ўваходзіць у дзеянне. Вы зразумейце правільна, мы выканаўча-распарадчы орган. Будуць змены закона — і зможам вам канкрэтна адказаць.

Нягледзячы на тое, што новая рэдакцыя закона да сталічных ідэолагаў пакуль не дайшла, ад бойкі снежкамі яны нас ўсё ж засцерагаюць. Чыноўнік раіць пачакаць тыдзень. На ўсякі выпадак — каб засцерагчыся непажаданых наступстваў.

— Вы ж казалі, што нешта бачылі там... Набярыце, магчыма, праз тыдзень. Можа, тут з’явіцца гэтая рэдакцыя. Будзе зразумела, што там трэба, што не трэба.

Пацярпеўшы паразу ў сталіцы, спрабуем падаць заяўку на бойку снежкамі ў Гродне. Вынік яшчэ больш ашаламляльны. Мясцовы ідэолаг прапануе звярнуцца да… прафсаюза, бо там ўмеюць мерапрыемствы рабіць прафесійна.

— Трэба ж думаць аб наступствах заўсёды. Снежкамі… Камусьці ў галаву трапіць — што далей? Камусьці трапляла ў галаву, у вока. Мая прапанова — паспрабуйце праз свой прафсаюз. Надайце гэтаму, каб не проста пабіцца снежкамі, а здаровы лад жыцця. Зрабіце яшчэ катанне на санках. Зрабіце такую сустрэчу зімы… Вы не здольны арганізаваць — у вас няма вопыту, правільна? Звяртайцеся туды, хто мае вопыт арганізацыі. Вы ж хацелі б, каб людзі ад гэтага атрымалі асалоду, правільна? Звярніцеся да таго, хто гэта ўмее арганізоўваць, як гэта лепш зрабіць.

Як даведалася «Еўрарадыё», папраўкі да Закона «Аб масавых мерапрыемствах» набываюць моц пасля публікацыі ў дзяржаўных газетах. Аб гэтым нам расказваюць у прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

— Уваходзяць у сілу пасля публікацыі. На працягу, па-мойму, дзесяці дзён павінны быць апублікаваныя.

Так што пакуль на старонках «Рэспублікі» і «Народнай газеты» не з’явілася новая рэдакцыя закона, гуляць у снежкі з сябрамі можна спакойна.