Общество

«Як я правёў 27 сакавіка». Салiгорск: «Забралі ўсе тэлефоны. У тым ліку старыя і не працуючыя»

Салiгорскi актывiст, якога затрымлiвалi 25 сакавiка, распавядае, што рабiлася з iм у суботу.

– Прачнуўся ад паведамленьня знаёмых, што да іх у кватэру ломяцця міліцыянты і пагражаюць вынесьці дзьверы, калі ім не адчыняць. Апрануўся, ды пайшоў пазырыць, што там робіцца, – пiша ў ноч на нядзелю Павел Батуеў. – Літаральна праз пару хвілінаў атрымаў паведамленьне пра вобшук ад жонкі. Прыйшоў і сустрэў старых знаёмых з крымінальнага вышуку і ОМОН'аўцаў.  Вобшук па крымінальнай справе за абразу Галаватага (дзірык Белкалія). Забралі ўсе тэлефоны. У тым ліку старыя і не працуючыя.

Пасьля паказалі пастанову на вобшук па іншай адрэсе і павезьлі мяне туды. Прыйшлі панятыя, адчыніў кватэру, запытаў што будзем шукаць. Сяродкі сувязі. Ну, ок. Як законапаслухмяны грамадзянін сабраў усе сродкі сувязі ў хаце і аддаў міліцыянтам хатні тэлефон і нокію на сімбіане (утапіў яе ў 2013 годзе, думаў высахне і пачне працаваць. Высахла, цяпер праверыў – не працуе). Ад хатняга тэлефона чамусьці адмовіліся, нокію забралі і пачалі шукаць што-небудзь яшчэ.

Перад гасьцямі было трохі няёмка, бо напярэдадні з сябрам дзяцінства злоўжывалі і пакінулі пасьля сябе не зусім парадак.

Знайшлі яшчэ старажытны нататнік, аформілі ўсе паперы і я ўжо нават пачаў разьвітацца з гасьцямі каб у цішыні й самоце выпіць кавы, але тыя прапанавалі піць каву не ў самоце і не ў хаце. Запрасілі ў РАУС.

Удакладніў у супрацоўніка, ці не зьбіраюся я па дарозе ці непасрэдна ў будынку «выражаться нецензурной бранью, размахивать руками» і не рэагаваць на іхныя заўвагі. Супрацоўнік запэўніў, што я гэтага рабіць не зьбіраюся й мы разам паехалі ў РАУС.

Там мяне дапыталі па крымінальнай справе па абразе Галаватага:

– У вас ёсьць акаўнт у тэлеграме?

– Ёсьць.

– Якія каналы чытаеце?

– Я больш з сябрамі перапісваюся, дэструктыўных каналаў не чытаю.

– Вы ведаеце хто зьяўляецца адміністратарам каналу Стачкаму?

– Не, не ведаю.

– Вы ведаеце, хто такі Галаваты?

– Вы думаеце – гэта ён адмін!?

Пасьля допыту дахаты не адпусьцілі. Кавай пачаставалі. Зноў прапаноўвалі сьнікерс. Пратрымалі да 14:00 і параілі ісьці дахаты, а не туды адкуль мяне могуць зноў прывезьці да іх. ХЗ што за рэбус, я не разгадаў, але пайшоў такі дахаты.

За 27 сакавіка ў Салігорску адбылося ня меней за 5 вобшукаў (хутчэй за ўсё болей), дакладная лічба затрыманых пакуль невядома, мінімум адзін чалавек затрыманы да суда.