Комментарии
Сямён Печанко

Як я быў чарнобыльцам

Некалькі гісторый з асабістага жыцця, што здарыліся ў першыя гады пасля Чарнобылю.

Фото Сергея Балая

Я вырас у Карэліцкім раёне, у школу пайшоў праз год пасля аварыі на ЧАЭС. Натуральна, у той час праз свой узрост я не мог уявіць маштаб гэтай падзеі. Думаю, многія дарослыя, у тым ліку і мае бацькі, таксама колькі год жылі ў невядомасці. Але ўжо праз год-два пытанне экалоіі загучала на поўную моц.

Калі ў 1988-м ад раку памерла бабуля, мы з братам ведалі: гэта здарылася з-за выкідаў з трубы навагрудскага маслазавода, побач з якім жылі нашы дзед з бабуляй. Прынамсі, такая версія ў нашых дзіцячых галовах з’явілся ад бясконцых размоваў дарослых пра шкодныя выкіды, парушаную экалогію, меліярацыю.

***

Наш раён, а таксама суседні Навагрудскі, зачапіла радыяцыя з Чарнобылю. Гэта мы ведалі з першых класаў школы. Першыя гады жыцця пад радыяцыяй запомніліся таблеткамі ёду, якія завезлі ў школы і выдавалі ў сталоўцы перад абедам. Паўпразрыстыя капсулы з чырванаватай сярэдзінай. Потым ёд стаў з’яўляцца ў вясковай краме ў выглядзе кансерваванай марской капусты. Яе тваністы прысмак разам з рыпеннем марскога пяску на зубах я памятаю дагэтуль.

У калгасе пачалі сеяць грэчку — казалі, што яна добра выводзіць радыёнукліды. Шмат пазней, у часы студэнцтва, я прапанаваў суседзям па пакоі згатаваць грэчневую кашу. Сябар, перасяленец з чарнобыльскай зоны, скрывіўся, як ад кіслага. А потым патлумачыў, што выганяў грэчкай радыяцыю з арганізма некалькі год запар.

***

У 1990 годзе ад аднаго з чарнобыльскіх фондаў з нашай вёскі паехала група бацькоў з дзецьмі на адпачынак у Грузію.

У курортным Цхалтуба мы сустрэліся з групай з Гомельшчыны. Нас раскідалі па санаторыях і сем’ях, на абед мы сустракаліся ў адной з санаторскіх сталовак. Наша афіцыянтка чамусьці незалюбіла нас ад самага пачатку: дэманстратыўна не спяшалася падносіць стравы, а калі мы пачыналі есці, стаяла над намі, нецярпліва прытопваючы, каб хутчэй забраць посуд.

Аднойчы яна шэптам расказала беларусам і ўкраінцам, што на ЧАЭС выбухнуў чарговы рэактар. Спраўдзіць тую «навіну» можна было толькі адным спосабам: патэлефанаваць дамоў. Але ў некалькіх сем’яў нервы здалі і яны з’ехалі дамоў, не чакаючы канца адпачынка.

***

На мяжы 1980-х і 1990-х у нашу вёску пачалі завозіць гуманітарную дапамогу. Аднойчы наша класная кіраўніца схапіла некалькі вучняў, пераважна дзяцей з шматдзетных семя’ў, і хуценька павяла ў калгасную сталоўку.

Пасярод залы проста на сталах і падлозе ляжалі разарваныя мяхі з рэчамі. Настаўніца падганяла нас нездарма: калгаснае начальства з суседняй канторы ўжо дабегла сюды і паспела пацікавіцца «гуманітаркай».

Найбольш тады мяне ўразіў сам факт першага кантакту з заходнім светам, няхай і праз паношаную вопратку. Вось гэтую куртку насіў мой аднагодак аднекуль з Захаду, які вырашыў дапамагчы невядомаму хлопчыку недзе там, у Беларусі...

На выхадзе са сталоўкі нас запынілі старшакласнікі. У брата адабралі замежную жавальную гумку — каб смела курыць за вуглом, а потым маскіраваць тытунёвы дух мятай.

***

Многія мае аднакласнікі на лета ехалі ў суседнія вёскі да бабуляў і дзядуляў. Тыя вёскі, як стала вядома пазней, былі забруджаныя. Многія з тых дзяцей неўзабаве займелі праблемы са здароўем, найперш са шчытападобнай залозай. У нейкі момант, напэўна, гэтая праблема пачала набываць пагрозлівыя формы. І тады хворых дзяцей пачалі вазіць за мяжу.

Ці не чвэрць майго класа ездзіла ў Вялікабрытанію на лячэнне і адпачынак. Некаторыя траплялі туды ледзь не ўсёй сям’ёй. Вучні з іншых класаў ехалі ў Іспанію, Галандыю. Мне з братам акрамя Грузіі пашчасціла трапіць у Крым.

***

У пачатку 1990-х у суседняй вёсцы зачынілі школу — радыяцыйны фон на яе тэрыторыі зашкальваў. Будынак разабралі, са стадыёна знялі грунт і звезлі на адмысловы палігон.

У той школе працавалі мае бацькі, там давучваўся адзін са старэшых братоў.

Калі ў 1994-м у маёй мамы выявілі анкалогію, бацькі пачалі прыгадваць апошнія гады працы ў той школе. З жахам успаміналі пра тое, што да апошняга збіралі ў школьным садзе вішні ды парэчкі. Пра спартыўныя спабоніцтвы на стадыёне, якія ладілі колькі год пасля аварыі. Пра тое, як некалькі кіламетраў шляху з працы дамоў даваліся пасля 1986-га з неверагоднай цяжкасцю.

Калі зносілі школу, мой бацька працаваў разам з іншымі настаўнікамі на разборы завалаў і капанні грунту. Як і мама, ён пажыў на пенсіі ўсяго тры гады.

***

Нас ніколі не называлі чарнобыльцамі. Мы думалі, што так можна казаць толькі пра перасяленцаў, пра тых, хто жыў у зоне. І нават калі стала дакладна вядома пра радыяцыйныя плямы, знойдзеныя ў суседніх вёсках, нікому ў галаву не прыходзіла назвацца чарнобыльцамі. Нават пасля таго, як гаспадарам забруджаных дамоў і падворкаў пачалі плаціць так званыя «грабавыя».

Але цяпер, азіраючыся назад, і згадваючы тыя выправы за мяжу, гуманітарную дапамогу і ўспышку захворванняў «шчытавідкі», мушу прызнаць, што і мы былі чарнобыльцамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)