Як хлопчык сiстэму перамог
Дзевяцігадовы Янка Лапіцкі з Жодзіна — адзіны на ўвесь 60-тысячны горад хлопчык, які адстаяў сваё права вучыцца на роднай мове. 10 кастрычніка Жодзінскі гарвыканкам прыняў рашэнне пра беларускамоўную адукацыю Янкі Лапіцкага па індывідуальнай праграме.
— А куды падзеліся іншыя дзеці, яны ж таксама былі пазбаўленыя магчымасці вучыцца па-беларуску?
— На той час разам з Янкам у класе вучыўся толькі адзін хлопчык, — распавяла маці Янкі Святлана Лапіцкая. — Ён цяпер вучыцца па-руску. На ўсіх — і бацькоў, і дзяцей — тады вельмі моцна ціснулі.
— Нам у гэтым сэнсе прасцей, — падхапіў размову Янкаў бацька Аляксей. — Дзяржаўная праца нас не трымала: я займаюся грамадскай дзейнасцю, Святлана ў той час збіралася быць прадпрымальнікам. А вось дзецям прыйшлося складана. Да іх прычапілі ярлык — “бэнээфаўскія акцябраты”. Калі ў класе дзяцей было яшчэ трое — Янка, той хлопчык і дзяўчынка, — адміністрацыя школы пачала “апрацоўваць” бацькоў дзяўчынкі: маўляў, уявіце, як ёй вучыцца сярод хлопчыкаў?! Потым ужо нам пачалі ўводзіць у вушы, што гэта ненармальна, калі ў класе толькі адны хлопцы…
Аляксей Лапіцкі некалькі гадзін запар расказваў мне пра безвыніковае змаганне з чыноўнікамі за права атрымліваць адукацыю на дзяржаўнай мове, паказваў стосы папер, дасланых з розных устаноў. Мясцовы аддзел адукацыі, напрыклад, прапанаваў Лапіцкім вазіць сына ў пасялковую школу ў Плісе, што за 10 кіламетраў ад Жодзіна. Прычым Янка, які зусім не па сваёй волі вымушаны быў вучыцца дома, мусіў для залічэння туды яшчэ і здаваць за прапушчаны год экзамены экстэрнам ці, як варыянт, ісці на клас ніжэй. Да таго ж пліская школа, у адрозненне ад былой Янкавай, не мела ні музычнага ўхілу, ні статусу ліцэя.
— Мы не разумеем, чаму не можам вучыць Янку па-беларуску? І нам яшчэ выгаворваюць, што гэта мы парушаем Канстытуцыю, пазбаўляючы сына права на адукацыю! — абураецца Святлана.
Не дачакаўшыся вырашэння пытання ад мясцовых улад, Лапіцкія накіравалі ліст на імя міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Неўзабаве прыйшоў адказ, у адпаведнасці з якім аддзелу адукацыі Жодзінскага гарвыканкама было даручана да 15 кастрычніка “прыняць неабходныя меры па стварэнні ўмоў для працягу навучання Янкі Лапіцкага на беларускай мове”.
— Я вельмі задаволены, што пайшоў у школу, — кажа Янка. — Надакучыла сядзець дома.
Увесь гэты час Янкавым навучаннем займаліся выключна бацькі, прычым не маючы на тое ні адпаведнай адукацыі, ні школьных праграм. Але, здаецца, ад сваіх аднагодкаў Янка не адстаў.
— А цябе не палохае, што ты адзін будзеш вучыцца? — пытаюся Янку.
— Мне не прывыкаць. Да таго ж некаторыя прадметы я буду вучыць з іншым класам — спевы, фізкультуру, прадмет “Мая Радзіма — Беларусь”.
— Не думаеш, што астатнія вучні да цябе будуць ставіцца насцярожана?
— Ды не, — адказала за сына Святлана. — Ён з дзецьмі хутка знаходзіць паразуменне. І сяброў у Янкі хапае. Аднаго ён нават па-беларуску размаўляць навучыў. Мы некалі зрабілі памылку, калі згадзіліся старэйшага сына Алеся, пасля таго як быў расфармаваны ягоны беларускамоўны клас, вучыць па-руску. Тады мы былі менш юрыдычна падкаваныя.
— І ўсё ж такі, чаму такая прынцыповая пазіцыя?
— Калі б Янка не жадаў сам, мы б нічога гэтага не рабілі. Колькі кабінетаў прайшлі, колькі лістоў напісалі, колькі абразаў выслухалі!.. Але тым не менш мы перамаглі.
Читайте еще
Избранное