Общество
Павел Печанько

Як выжываюць у крызіс маладыя сем’і

Эканамічныя складанасці прымушаюць многія сем’і мяняць лад жыцця. Асабліва цяжка даводзіцца жыхарам рэгіёнаў. Падрабязнасці — у эксперыменце «Салідарнасці».

Апошнім часам пытанне «Як вы выжываеце ў крызіс?» выклікае ў сярэднестатыстычнага беларуса хіба толькі крывую ўсмешку. Адразу згадваецца анекдот пра тры стадыі беднасці беларуса: няма грошай, зусім няма грошай, панёс здаваць валюту.

Валютная заначка — гэта своеасаблівая падушка бяспекі, якую выкарыстоўваюць толькі ў скрайніх выпадках. Большасць лічыць за лепшае банальна ашчаджаць кожную капейку, аптымізаваўшы свае выдаткі.

Вядома, гэтая аптымізацыя наўпрост залежыць ад даходаў кожнай асобна ўзятай сям’і. Для кагосьці крызіс — гэта адпачынак у Турцыі замест Гоа, а для некага гэта пераход з адносна таннай «Доктарскай» на ліверку ці кільку ў таматнай поліўцы.

Частка нашых суграмадзянаў жыве ў рэжыме жорсткай эканоміі ўвесь час. Таму чарговае зацягванне паясоў з нагоды, напрыклад, яшчэ адной дэвальвацыі робіцца для іх сапраўдным выпрабаваннем.

Гаворка ідзе найперш пра тых, хто яшчэ, альбо ўжо не зарабляе грошы, а атрымлівае іх ад ддзяржавы — пра студэнтаў і пенсіянераў.

Але наяўнасць працы не заўсёды гарантуе высокі заробак — калгаснікі, настаўнікі, работнікі культуры і прадстаўнікі шэрагу іншых прафесій таксама вельмі часта вымушаныя шмат на чым эканоміць.

Ці ўзяць тых жа маладых бацькоў: незалежна ад таго, кім працуюць сужэнцы, адзін з іх (часьцей гэта жонка) на тры гады сыходзіць у адпачынак па доглядзе за дзіцём. Гэта значыць, што сям’я павялічваецца, а сумарны даход змяншаецца. Калі, канешне, заробак маладой маці да дэкрэтнага адпачынку не быў меншы, чым так званыя «дэкрэтныя».

Падзялюся досьведам выжывання ва ўмовах чарговага эканамічнага крызісу нашай маладой сям’і з малым дзіцём да 3-х гадоў досьведам.

Я не буду даваць парады, як аптымізаваць выдаткі, на чым зэканоміць ці як зарабіць болей грошай. Спынюся на некаторых агульных момантах, з якімі сутыкаецца большая частка маладых бацькоў, незалежна ад іх фінансавых магчымасцяў.

Маладыя бацькі выдаткоўваюць грошы на тыя ж самыя рэчы, што і рэшта суграмадзянаў: на жыллё, харчаванне, вопратку, лекі, сродкі гігіены і бытавую хімію і г.д. Але ёсць тут і свае істотныя нюансы. Спынімся на некаторых артыкулах выдаткаў маладой сям’і падрабязьней.

Жыллё

Тут крызіс найбольш адчувальна закрануў тых, хто вымушаны жыць на здымных кватэрах. Пасьля апошняй напаўафіцыйнай дэвальвацыі некаторыя гаспадары здымных кватэр трошкі знізілі кошты за пражыванне, але далёка не ўсе.

За кватэру ж плаціць даводзіцца, як правіла, не рублямі. Вось і атрымліваецца, што для тых, хто атрымлівае заробак у рублях, плата за здымнае жыллё павялічылася прыблізна на 40%. Зразумела, што з падобнымі праблемамі сутыкнуліся не толькі маладыя сем’і. Толькі вось варыянтаў аптымізацыі выдаткаў на жыллё ў маладых бацькоў менш, чым, напрыклад, у іх пакуль нежанатых (незамужніх) аднагодкаў, ці ў тых жа студэнтаў.

Калі апошнія могуць здымаць кватэру на некалькі чалавек (альбо жыць з гаспадарамі), то для маладой сям’і гэта будзе істотным пагаршэннем умоваў пражывання.

Зрэшты, я ведаю некалькі выпадкаў, калі маладыя бацькі былі вымушаныя з’язджаць са здымнай кватэры да бацькоў, часам нават у іншы горад.

Шчасьлівыя ўладальнікі ўласнага жылля таксама адчулі наступствы крызісу — цэны на камунальныя паслугі за апошнія паўгады падымаліся некалькі разоў. Маладая сям’я, як правіла, выдаткоўвае на парадак болей вады і электрычнасці, таму і жыроўка атрымліваецца «цяжэйшая».

Харчаванне

Дзіцячае харчаванне заўсёды каштавала дастаткова дорага. І гэта не тыя выдаткі, на якіх можна нешта зэканоміць. Умоўна кажучы, дарослы чалавек у крызісныя часы неяк можа перабівацца з грэчкі на бульбу, а дзіця некаторы час неабходна карміць спецыяльнымі дзіцячымі прадуктамі.

Дзіцячае харчаванне — адна з асноўных крыніцаў сямейных выдаткаў

У некаторых выпадках, калі грудное кармленне немагчымае, рабіць гэта даводзіцца з першых дзён жыцця. Таму часцей за ўсё маладыя бацькі ашчаджаюць на ўласным харчаванні.

Шмат хто з нашых знаёмых ужо некалькі гадоў рэдка набывае свініну ці ялавічыну, аддаючы перавагу птушынаму мясу. Таксама радзей сталі набываць рыбу і садавіну.

На садавіне моцна не зэканоміш

Хтосьці мае сваякоў у вёсцы, што дазваляе часткова зэканоміць на мясе і гародніне. Дзякуючы жончыным сваякам мы таксама вельмі рэдка набываем свініну і бульбу ў краме. А вось на крамных прадуктах даводзіцца эканоміць — набываць таннейшую гарбату і каву, часьцей звяртаць увагу на розныя акцыі і зніжкі і г.д.

Вопратка і абутак

На вопратцы і абутку, у адрозненне ад харчавання, можна істотна ашчаджаць сямейны бюджэт. Асабліва, калі вы маеце сваякоў ці сяброў-знаёмых, у якіх ёсць дзеці, старэйшыя за вашых на год-два. Нам у гэтым плане пашанцавала: большую частку дзіцячых апранахаў нам аддалі родныя і сябры.

Дзіцячы абутак каштуе амаль як дарослы. Але дзеці растуць хутка і набываць абутак ім даводзіцца часцей. Добра, што выручаюць родныя, якія дзеляцца, тым, што не знасілі іх дзеці

Жончыны сяброўкі, якім не пашанцавала з «гуманітаркай» ад сваякоў, набываюць дзіцячы «сэканд хэнд» праз інтэрнэт. Там жа некаторыя з іх куплялі дзіцячую мэблю і вазкі.

Апошнім часам шмат хто набывае новую вопратку з Кітаю, замаўляючы тавар праз інтэрнэт.

Лекі, сродкі гігіены і бытавая хімія

Выдаткі на лекі, «памперсы» і пральны парашок у кожнай сям’і розныя. У кагосьці дзеткі хварэюць рэдка і не маюць алергіі на сродкі гігіены. Бацькам такіх дзяцей прасьцей не толькі ў фінансавым плане: ім няма патрэбы адмыслова шукаць «правільныя» падгузьнікі ці гіпаалергенныя пральныя парашкі.

Асабліва гэта актуальна для жыхароў невялікіх гарадоў і вёсак, дзе выбар сродкаў гігіены і без таго вельмі сціплы, а кошты часта вышэйшыя, чым у сталіцы.

Майму сябру даводзілася вазіць для сваёй дачкі падгузьнікі і пральныя парашкі з Польшчы і Літвы. Усё, што набывалася ў Беларусі, выклікала алергічную рэакцыю.

Часам гэта рабілася таму, што прывезенае з-за мяжы было банальна таннейшае.

З-за дарагавізны нам навялося адмовіцца ад спрэя Humer. У якасці замены прымяняем фізраствор — хоць і нязручна, але даволі эфектыўна і, галоўнае, танна

Ёсць і такі момант з коштамі на лекі і сродкі гігіены, непасрэдна звязаны менавіта з дэвальвацыяй: пасля таго, як чарговы абноўлены курс валют больш-менш усталёўваецца, кошты на гэтыя віды прадукцыі ў валютным эквіваленце застаюцца на парадак вышэйшымі, чым былі да дэвальвацыі.

Зразумела, што ў першыя дні і тыдні нестабільнасці на валютным рынку пастаўшчыкі закладвалі у кошты так званыя валютныя рызыкі. Але пасьля адноснай стабілізацыі ніхто не спяшаецца адкручваць кошты назад.

Натуральна, пасьля таго, як рублёвыя заробкі ў выніку дэвальвацыі зморшчваюцца, гэтае падаражанне істотна б’е па сямейным бюджэце.

З лекамі сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што апошнім часам беларусам настойліва прапануюць набываць лекавыя сродкі беларускай вытворчасці. У аптэках вельмі часта замежныя аналагі проста адсутнічаюць.

І калі са звычайнымі лекамі гэта турбуе не ўсіх (у кагосьці дзеці хварэюць рэдка), то з тымі ж прафілактычнымі прышчэпкамі, фармальна абавязковымі для ўсіх дзетак, усё куды складаней. Даводзілася ўжо не аднойчы чуць, што некаторыя прышчэпкі ёсць толькі кітайскай ці расійскай вытворчасці. Французскія прышчэпкі, якія шмат хто хваліць за адсутнасць пабочных уздзеянняў, зніклі у большасці паліклінік.

Гэтыя прышчэпкі і раней былі даступныя не ва ўсіх гарадзкіх паліклініках. Напрыклад, у абласных цэнтрах, не кажучы ўжо пра звычайныя райцэнтры, іх магло не быць і раней. Але той, хто вельмі хацеў, мог іх адмыслова набыць у сталіцы. Цяпер вось і такой магчымасці, са словаў нашых знаёмых, няма.

Тут крызіс закранае фактычна ўсіх — і тых, каму лекі проста не па кішэні, і тых, хто праз звужэнне асартыменту пазбаўляецца выбару.

Асаблівасці жыцця ў рэгіёнах

Напрыканцы адзначу яшчэ адзін істотны момант. Жыхары сталіцы і буйных гарадоў маюць шэраг перавагаў перад сваімі суайчынікамі з беларускіх вёсак і малых гарадоў.

Па-першае, у Мінску і абласных цэнтрах на пардак большыя заробкі і цэлым лепшая сітуацыя з працай.

Па-другое, наяўнасць у вялікіх гарадах наяўнасць буйных гандлёвых цэнтраў і сетак дазваляе сем’ям з невялікімі даходамі выжываць за кошт шматлікіх акцый, паўсюдных зніжак і элементарна большага асартыменту тавараў.

Нам давялося пажыць некаторы час у невялікім райцэнтры — кошты там тыя самыя, што і ў Мінску. Але асартымент у разы бяднейшы.

І тыя ж дзіцячыя тавары — харчаванне і сродкі гігіены — былі толькі дарагія. Бюджэтных варыянтаў было вобмаль. Нават дзіцячыя мясныя кансервы літаральна ва ўсіх крамах былі толькі двух відаў — самыя дарагія ва ўсёй лінейцы.

Тое, што я праз дарагавізну абыходзіў бокам у Мінску, у Капылі я мусіў набываць, бо не меў выбару. Не ведаю, як там мясцовыя жыхары канцы з канцамі сточваюць, калі майго сярэдняга сталічнага заробку там ледзьве на месяц хапіла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)