Общество
Павел Печанько, фота і відэа аўтара

Як выглядае Мінск з борта рачнога трамвая

«Салідарнасць» прапануе вашай увазе невялікае фотападарожжа па Чыжоўскім вадасховішчы.

Лета — час адпачынкаў і вакацыяў. Хтосьці свой адпачынак праводзіць на замежных курортах ці ў вандроўках, нехта (часьцей за ўсё гэта людзі сталага веку) ратуюцца ад летняй спёкі і вырошчваюць няхітры ўраджай садавіны і гародніны на сваіх лецішчах.

Рэшта шукае спосабаў бавіць свой летні адпачынак ў гарадскіх умовах. У парках і скверах, парках атракцыёнаў, на пляжах ў гэтыя дні сапраўдны ажыятаж.

Для сем’яў з дзецьмі сапраўднай знаходкай з’яўляюцца розныя забаўляльныя пляцоўкі. Зразумела, што некаторыя з пералічаных месцаў адпачынку працуюць круглы год — тыя ж гарадскія паркі, заапарк, дэльфінарыі і інш. Частка ж забавак даступная для наведнікаў толькі ў цёплую пару года. І, канешне, пакупацца ў вадаёмах можна толькі летам.

Але і тут ёсць свае спецыфічныя абмежаванні: не ўсе вадаёмы сталіцы і краіны прыгодныя для купання.

Тым не менш, бавіць час на возеры можна па-рознаму, не абавязкова рызыкуючы падхапіць якую-небудзь інфекцыю ў непрыдатнай для купання вадзе.

Можна днямі сядзець з вудай на беразе, выпрабоўваючы няпэўнае рыбацкае шчасце, а можна пракаціцца па возеры ці рацэ на катамаране ці кацеры. Не выключэнне тут і Чыжоўскае вадасховішча, на беразе якога размясціўся гарадскі парк імя 900-годдзя Мінска.

Калі вы ўжо паспелі наведаць папулярныя сярод гараджанаў заапарк, дэльфінарый і экзатарыум, а таксама навінку сезона — Дынапарк, то вам варта наведаць невялікі пляж на беразе вадасховішча.

Знаходзіцца ён акурат насупраць заапарка, праз дарогу. Пляжам гэтае месца назваць можна толькі ўмоўна, але менавіта тут большасць наведнікаў парку, нягледзячы на папераджальныя стэнды, купаюцца ў возеры.

Тут жа знаходзіцца невялікі пірс, да якога швартуецца рачны трамвай, а побач знаходзіцца з дзясятак катамаранаў. Пракат катамаранаў і рачнога трамвая ажыццяўляе прыватнае прадпрыемства «ГрандАліра».

Паездка на рачным трамваі займае ўсяго 25 хвілін. Але ўражанні прагулка пакідае толькі станоўчыя.

Найперш — гэта магчымасць убачыць парк і ваколіцы з нечаканага ракурсу. Можна, канешне, тое самае ўбачыць з супрацьлеглага берагу (з парку імя Грэкавай ў Серабранцы) ці ўзімку, выйшаўшы на замерзлае возера. Але летам гэта адзіная такая магчымасць.

Па-другое, паездка на рачным трамваі дазваляе ўзяць з сабой малых дзетак, якіх з меркаванняў бяспекі не варта браць з сабой ў паездку на катамаране ці лодцы. Кошт такой паездкі цалкам дэмакратычны – паездка на траіх (двое дарослых і дзіця да 3-х гадоў) абыйдзецца вам танней, чым адзін квіток у Дынапарк, які знаходзіцца праз дарогу.

Як расказаў супрацоўнік «ГрандАліра», рачны трамвай можна арэндаваць для правядзення невялікіх урачыстасцяў: у каюце ёсць крэслы і раскладны стол, дазваляецца прыносіць ежу і напоі. Такая паслуга будзе каштаваць ад 600 000 да 900 000 руб. за гадзіну ў залежнасці ад дня тыдня.

Гэтая паслуга карыстаецца няхай і не ажыятажным попытам, але ахвотных хапае. Таму дамаўляцца лепш загадзя. А вось жадаючых проста пракаціцца даволі шмат. Калі яшчэ пару тыдняў таму судна стаяла ля прычала гадзінамі, то цяпер даводзіцца пачакаць сваёй чаргі.

Таму спяшайцеся паспець ухапіць свае паўгадзіны задавальнення ад прагулкі па Чыжоўскі вадасховішчы — восень не за гарамі. І прыхапіце з сабой фотаапарат — час ужо засыпаць сацсеткі сэлфі з рачнога трамвая на тле «НЛА» — «Чыжоўкі-Арэны».

Карысная інфармацыя

Пракат катамаранаў і рачнога трамвая працуе штодзённа ад 11:00 да 22:00 (пн-пт), 10:00 - 22:00 (сб-ндз).

Кошт паездкі на рачным трамваі (працягласць прагулкі 25 хв.):

— для дарослых — 50 000 руб.

— для дзяцей да10 гадоў і пенсіянераў — 40 000 руб.

— для дзяцей да 3-х гадоў — бясплатна.

Арэнда рачнога трамвая для асобных груп (да 12 чалавек) каштуе ў працоўныя дні 600 000 рублёў за гадзіну, у выходныя — 900 000 руб.

Кошт пракату катамаранаў*:

на 2 месцы — 50 000 руб. за паўгадзіны, 100 000 руб. за гадзіну

на 4 месцы — 60 000 руб. за паўгадзіны, 120 000 руб. за гадзіну

*кошт пракату катамарана без уліку колькасці пасажыраў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)