Коктейль
Сямён Печанко, фота Алесь Пілецкі

«Як трапіш на Балканы, то або застанешся там назаўсёды, або будзеш вяртацца туды штораз» (фота)

Журналіст «Еўрарадыё» Алесь Пілецкі тройчы падарожнічаў па балканскіх краінах. Ён расказаў «Салідарнасці» пра тое, з чаго пачалося ягонае захапленне Балканамі, а таксама падзяліўся досведам самастойных вандровак у тых краях.

Чарнагорыя

— Я вучыўся на гістфаку. Потым займаўся гісторыяй міжнародных адносінаў у Еўропе ў 19-20 стагоддзях. Калі жыў і вучыўся ў Варшаве — з’явіліся знаёмыя з балканскіх краін, сябры, якія туды час ад часу ездзілі. Усё гэта было вельмі цікава.

Першы раз быў такой выведкай — ездзіў у Белград у 2012 годзе. А потым панеслася — Сербія, Чарнагорыя, Албанія, Македонія.

Літаральна месяц таму вярнуўся з паездкі ў Харватыю і Боснію. Але гэта ўсё дзяржавы — палітычныя ўтварэнні. На Балканах усё складаней насамрэч — там варта падзяляць гістарычныя і культурныя рэгіёны.

У складзе адной толькі Босніі тры зусім непадобныя паміж сабой тэрыторыі — харвацкая Герцагавіна, мусульманская Боснія і Рэспубліка Сербская.

Албанія таксама падзеленая на Поўнач і Поўдзень. Сербія мае Ваяводзіну, якая нават не адносіцца да Балкан.

Харватыя дзеліцца на непасрэдна Харватыю і Далмацыю, каторая большую частку сваёй гісторыі больш была звязаная з Рымам, а пазней з Італіяй, і нагадвае хутчэй апошнюю, чым балканскія краіны.

Уяўляеце, што там робіцца? Кожную гадзіну нейкая мяжа. То касцёлы вакол, то мячэці, то цэрквы, то яшчэ што. Галава кругам ідзе.

Віза: проста і адначасова складана

З візамі для беларусаў на Балканах і ўсё проста, і складана адначасова. Яны нам не патрэбныя для Сербіі і Чарнагорыі. Зараз вось на лета Албанія таксама адмяніла.

З іншымі краінам бяда. Туды візы трэба, і амбасадаў у нас такіх няма. Трэба альбо ў Маскву ехаць, альбо ў Варшаву. А з іншага боку ва ўсе краіны пускаюць з мульцішэнгенам. І гэта добрае рашэнне, бо за 60 еўра атрымліваеш магчымасць падарожнічаць там без праблем.

Рабіць асобна албанскую, македонскую і баснійскую візы для вялікай паездкі будзе і даражэй, і даўжэй, і складаней. А «шэнген» беларусу потым спатрэбіцца і для больш практычных рэчаў, чым балканскія падарожжы.

Варта, праўда, памятаць пра нюанс з Косавам. Туды нас пусцяць з мульцішэнгенам, але ехаць можна толькі з Албаніі, Чарнагорыі, альбо Македоніі. Сербская мяжа для нас закрытая — там трэба спецыяльны дазвол, які складана простаму чалавеку атрымаць.

Куды найперш паехаць

Гэта залежыць ад таго, што вы хочаце — мора, гораў, піва смачнага, музеяў, альбо прыгодаў з мясцовымі — ёсць любыя варыянты.

У маім асабістым «топе» цяпер знаходзіцца Боснія. Такой культурнай мяшанкі ў Еўропе больш няма нідзе. Ты толькі падумай — баснійцы, гэта адзіны ў свеце славянскі народ, які прыняў іслам. І жыве паміж каталікамі-харватамі і праваслаўнымі-сербамі, каторыя адзін аднаго, мякка кажучы, не любяць.

У дадатак у Босніі шалёна прыгожая прырода. Горы, паміж імі шырокія рэкі з неверагоднага колеру вадой, адносна слаба развітая інфраструктура і праз гэта некранутасць той самай прыроды.

Калі хочацца мора — найлепшы варыянт Далмацыя ў Харватыі. Адзін ці некалькі астравоў на ўзбярэжжы. Я быў на Хвары — незабыўныя ўражанні, такіх прыгожых заходаў сонца больш нідзе не бачыў. Спакой, ціша, мясцовае віно, аліўкі, сыр. Усё проста і выдатна.

Горнае возера ў горадзе Охрыд

З асобных мясцовасцяў яшчэ назаву Охрыд на мяжы Македоніі і Албаніі. Гэта горад на беразе самага старажытнага возера Еўропы. Яму столькі ж гадоў, колькі Байкалу. Аграмадная маса вады на вышыні ў гарах.

Мостар, Герцагавіна

Уразіў Мостар у Герцагавіне, Котар у Чарнагорыі, Шкодэр у Албаніі. Там увогуле на нейкі час можна забыцца, што ты ў Еўропе. Настолькі Албанія адрозніваецца ад рэшты кантыненту.

Што з сабой узяць — спіс абавязковых рэчаў

Самае галоўнае ў самастойных падарожжах па Балканах, ды і не толькі па іх, доступ у інтэрнэт. Гэта дазваляе хутка знайсці начлег, патрэбны транспарт, атрымаць даведку. Таму з майго вопыта скажу — трэба мець надзейны тэлефон, ці планшэт.

З усіх краін, дзе быў, цяжкасці з інтэрнэтам былі толькі ў Албаніі. Крыху ў Македоніі. У сучасных тэлефонах таксама ёсць магчымасць карыстацца навігацыяй GPS — гэта мегакарысная функцыя. Існуе некалькі сэрвісаў афлайн-мапаў. Уключыў у тэлефоне сувязь са спадарожнікам, адкрыў мапу і ўжо бачыш дзе ты знаходзішся і куды ісці. Без інтэрнэту. Вельмі карысная штука.

Трэба браць з сабой па магчымасці знешні акумулятар для падзарадкі тэлефона.

Цірана, Албанія

Яшчэ неабходны зручны заплечнік, абутак — гэта асабліва важна. На Балканах прыдзецца шмат хадзіць. Можна і на таксі, вядома. Але тады нашмат менш пабачыш. У іншым усё стандартна. Лёгкая спартыўная вопратка, фотаапарат. З майго досведу вынікае, што 6-7 кілаграмаў рэчаў у заплечніку — ідэальны варыянт.

Грошы: якія і колькі

Балканы — не самы дарагі рэгіён Еўропы. Нават думаю, што адзін з самых танных. Ва ўсякім разе амаль паўсюль на Балканах кошты значна ніжэйшыя за мінскія.

Я разлічваю выдаткі сыходзячы з сумы прыкладна 20 еўра на суткі. Гэтага хапае на ежу, напоі ды іншыя дробязі. Выключэнне, хіба, адрыятычнае ўзбярэжжа Харватыі. Але таксама некрытычна.

20 еўра — гэта без уліку начлегаў і пераездаў. Начлег у сярэднім каштуе 15 еўра на чалавека — за 30 еўра дакладна знойдзеце выдатны нумар на дваіх. Аўтобус ці цягнік паміж сталіцамі каштуе ў сярэднім 25 еўра.

Дарога з Белграда ў Падгорыцу пралягае праз горы

Лепш браць еўра — імі нават можна разлічвацца ў гатэлях, з кіроўцамі аўтобусаў. А ў Чарнагорыі і Косава гэта афіцыйная валюта.

З далярамі крыху больш праблем, але памяняць можна паўсюль. Курсы ў большасці выпадкаў нармальныя. Асабліва ў Босніі, дзе ён адзін для ўсіх банкаў.

З адкрытым махлярствам у часе абмену не сутыкаўся. Думаю, не без гэтага, але калі мяняць грошы у банках ці нармальных абменніках — праблем не будзе.

Крыху складана з аплатай карткамі. Раю мець з сабой наяўныя, бо карткамі без праблем карыстацца не атрымаецца нават у Белградзе і Заграбе.

Мабільная сувязь і Wi-Fi

Мясцовых сімак ніколі не набываў. Для тэрміновай сувязі карыстаюся роумінгам — гэта адносна танна, калі не злоўжываць. Для ўсяго іншага хапае інтэрнэту.

Горад Охрыд, Македонія

Wi-Fi ёсць паўсюль у Харватыі, Босніі, Чарнагорыі, Сербіі. Думаю, што ён лепш развіты, чым у Беларусі. Праблемаў з сувяззю ніколі не меў. Хіба толькі ў Албаніі. Але гэта іншы свет, там сваё жыццё.

У Заграбе ўвогуле бясплатны беспарольны інтэрнэт у парках у цэнтры горада. У Белградзе на галоўнай пешаходнай вуліцы тое самае.

Кухня

О, тут можна шмат расказваць. Балканская кухня — гэта як сама гісторыя рэгіёну. Сумесь усходу і захаду.

У большасці краін сустрэнеце стравы з аднолькавымі назвамі, але выглядаюць яны ў кожнай мясцовасці па-свойму, і смак таксама маюць розны.

Чэвап, чэвапчычы, буркі, разнастайныя салаты, супы. У аснове большасці страваў — запечанае на грылі мяса розных гатункаў і гародніна.

У мусульманскіх рэгіёнах, зразумела, не будзе свініны.

Але калі пра балканскую кухню гаварыць у двух словах, то будзе так — шмат мяса. Вегетарыянцам дакладна тут будзе няпроста.

Раю абавязкова набываць свежы хлеб у так званых «пекарах». Гэта такія невялікія крамкі, дзе пекары прадаюць свае вырабы. Прычым там можна набыць шмат чаго з мясным ці салодкім начыннем. Гэта самы танны варыянт харчавання на Балканах і пры гэтым вельмі смачны.

З напояў раю каштаваць мясцовае віно — у вінных рэгіёнах асабліва. Таннае, смачнае. Гэта тое, чаго больш нідзе не набудзеш. Піва у большасці краін мала адрозніваецца ад нашага. Але ў Сараева моцна раю схадзіць у рэстаран пры мясцовым бровары. Там адносна нядорага, смачныя стравы і вельмі смачнае свежае піва.

Кава — асобная тэма. Для мясцовых гэта сапраўдны рытуал. Кубачак эспрэса з шклянкай халоднай вады — гэта тое, без чаго не пачынаецца дзень. Кава вельмі якасная і з ёй варта быць асцярожным. Неяк у сербскай частцы Сараева я хаваўся ад дажджу па кавярнях, выпіў тры кубачкі, а потым палову дня сэрца ледзьве не выскоквала з грудзей.

У Босніі і Македоніі, а таксама Албаніі часта можна сустрэць традыцыйную каву ў невялічкіх турках. На мой густ яна не такая смачная, але сам працэс спажывання, пералівання ў маленечкі парцалянавы кубачак, прыносіць шмат асалоды.

Дадому варта набыць мясцовай ракіі — такая самагонка з садавіны ці вінаграда. Са слодычаў — балканскія варыянты ўсходніх, вельмі смачна да кавы. Выбар вельмі вялікі насамрэч. У мяне заплечнік па дарозе назад у апошні раз быў амаль удвая цяжэйшы, чым туды. Добра, што мытнікі не спынілі па прылёце.

Бяспека

За ўсе свае падарожжы вялікіх непрыемнасцяў я не меў нават нягледзячы на тое, што езджу самастойна і адзін. Бывалі дробныя гісторыі, якія відаць могуць здарыцца ў любой краіне, нават самай цывілізаванай.

Напрыклад, прыехаўшы ў Сараева быў амаль адразу схоплены паліцыяй — фатаграфаваў палестынскую амбасаду. А яна размешчаная амаль насупраць амерыканскай, якую нельга здымаць. Падыйшоў адзін паліцэйскі, потым яшчэ машына патрульная, потым яшчэ адзін — весела было. Але меў міжнароднае пасведчанне журналіста, гэта хутка зняло пытанні.

Усё ж Балканы застаюцца напружаным рэгіёнам і аб гэтым варта памятаць.

Сяброўка расказвала, што мела праблемы з амерыканскімі вайскоўцамі ў Косава — выпадкова зайшла на тэрыторыю іх базы. Але таксама адпусцілі пасля гадзіны высвятленняў.

Боснія. Платы абгароджаныя калючым дротам, што застаўся ад апошняй вайны

Яшчэ на тэрыторыі Босніі варта сачыць за пазнакамі на палях і ў гарах — тут засталіся неразмініраваныя тэрыторыі пасля вайны.

У іншым — усё як усюды. Варта пільнаваць свае рэчы, мець копію пашпарта, грошы ў розных кішэнях, некалькі пластыкавых картак. Гэтага будзе дастакова. Яшчэ варта ведаць, што некаторыя раёны гарадоў, таго ж Скоп’е ці Ціраны, населеныя схільнымі да крыміналу цыганамі. Але ў сваёй масе мясцовыя людзі хутчэй пазітыўна настроеныя, нягледзячы на беднасць балканскіх краін. Хмуры твар — рэдкасць. Вам заўсёды дапамогуць і ўсё патлумачаць.

Як пераадолець моўны бар’ер

Мовы ва ўсіх балканскіх народаў, акрамя албанцаў, падобныя. І для нас, славян, у прынцыпе зразумелыя. Гэта не венгерская ці нават румынская, дзе нічога не ясна. Праз 2-3 дні ўжо можна прыкладна арыентавацца.

У Чарнагорыі

Звычайна я маю размоўнік з сабой, у тэлефон гружу перакладчык. З веданнем англійскай мовы таксама прабем ніякіх. Хаця старэйшыя людзі, здаецца, лепш валодаюць нямецкай, а на ўзбярэжжы — італьянскай.

У Сербіі і Чарнагорыі можна спрабаваць па-руску гаварыць. Я дык увогуле па-беларуску спрабаваў некалькі разоў. Нармальна ўсё разумелі.

«Балканы зацягваюць»

— Балканы — гэта такая невялічкая Еўропа на асобна ўзятым паўвостраве. Калі ў Еўропе ёсць, скажам, Масква з аднаго боку, Стамбул з іншага, а Лондан яшчэ з аднаго, і паміж імі тысячы кіламетраў і з дзесятак культурных і гістарычных межаў, то на Балканах усё гэта часта можна сустрэць у адным невялікім горадзе. Я сур’ёзна. Гэта зусім не перабольшванне і гэта шалёна цікава. Асабліва, калі ты вучыўся на гістфаку.

Туды калі паедзеш адзін раз, то ўжо альбо больш не вернешся, альбо будзеш увечь час вяртацца. Я нават блог пачаў весці пра Балканы. Зацягваюць яны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)