Общество

Зміцер Панкавец, фота Надзеі Бужан, Наша Нiва

Як судзілі пісьменніка Уладзіміра Арлова

У Мінску працягваюцца судовыя працэсы над удзельнікамі антыінтэграцыйных акцый, якія адбываліся ў Мінску 7-8 снежня. На адной з акцый з прамовай выступіў вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Ён зачытаў у мегафон сваё эсэ «Незалежнасць — гэта…», якое было напісанае яшчэ за савецкім часам, але, на думку аўтара, працягвае заставацца актуальным па сёння. Гэтага хапіла для таго, каб пачаць адміністрацыйны працэс. Ён праходзіў у Ленінскім судзе сталіцы.

На судзе прысутнічалі калегі-пісьменнікі Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Наталка Харытанюк, Таццяна Нядбай, праваабаронцы Таццяна Равяка і Алена Танкачова, рэжысёр Алег Дашкевіч.

— Дзякуй усім. У мяне з сабой ёсць сушкі. Пасля суда, калі ўсё добра скончыцца, кожны атрымае па сушцы, — першае, што сказаў у судовай зале Арлоў. Вядома, на такія словы пачуўся рогат.

Спадар Арлоў адразу заявіў хадайніцтва, каб працэс адбываўся на беларускай мове. Суддзя Аляксей Кісляк задаволіў гэтае хадайніцтва і імгненна перайшоў на беларускую. Праўда, у яго з гэтым узніклі значныя праблемы. Напрыклад, казаў «Акцябрская плошча», з «з 12 да 15 часоў» і г.д.

Другім хадайніцтвам было заяўленне ў якасці сведкі перакладчыка Лявона Баршчэўскага, якога судзілі ўчора таксама за ўдзел у антыінтэграцыйнай акцыі 8 снежня. Маўляў, Баршчэўскі мог бы паведаміць, што ні сцяга ў руках у Арлова не было, ні лозунгаў ён не выкрыкваў. Суддзя адмовіў. У зале пачуўся смех і параўнанні працэсу з цыркам.

Алесь Бяляцкі, Уладзімір Арлоў і Андрэй Хадановіч

— Як пісьменнік, я павінен быць сведкам тых падзей, якія адбываюцца ў абарону нашай незалежнасці, — сказаў Уладзімір Арлоў.

— Але віну вы прызнаеце? — працягваў настойваць на сваім Кісляк.

— Не прызнаю, — адказаў пісьменнік.

Тым не менш, Арлоў прызнаў, што знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы ў той дзень, але быў без сцяга і нічога не выкрыкваў: «Я зачытаў свой літаратурны твор у падтрымку незалежнасці».

— Ці ведалі вы, што акцыя несанкцыянаваная? — пытаецца суддзя.

— Ведаў. Дакладней, даведаўся на плошчы. Я прачытаў там эсэ «Незалежнасць — гэта…».

— Ці ёсць у эсэ нейкія лозунгі?

— Няма ніякіх лозунгаў і заклікаў, там адлюстраваныя мары майго і не толькі майго пакалення пра незалежнасць, — сказаў пісьменнік.

Пасля гэтага Уладзімір Арлоў стаў зачытваць сваё эсэ. Зала сустрэла прачытанне апладысментамі.Першым паказанні стаў даваць амапавец Герасімовіч. Цікава, што суддзя пры гэтым не перайшоў на рускую мову.

— Ну так, напрыканцы ён крыкнуў «Жыве Беларусь. Вы чыталі з паперкі, што такое незалежнасць па-вашаму, — адказаў Герасімовіч Арлову.

Паказанні другога сведкі Андрэя Штопа не адрозніваліся ад Герасімовіча. Агулам працэс заняў хвілін 25. У выніку пісьменнік быў аштрафаваны на 20 базавых велічыняў (540 рублёў).

Пасля абвяшчэння прысуду Уладзімір Арлоў, як і абяцаў, раздаваў сушкі. Сведкі-міліцыянты ад іх адмовіліся.

Журналистку судят за акцию, на которой она не была: «Диана — известная в оппозиции личность»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(37)