Комментарии

Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Як страціць незалежнасьць

Артыкул кіраўніка Рады па міжнародных адносінах «Менскі дыялёг» Яўгена Прэйгермана «Беларуская незалежнасьць перад пагрозай сур’ёзнага выкліку» спарадзіў гарачыя спрэчкі. Але паспрабую больш дакладна апісаць сцэнар, які Яўген меўся прадухіліць сваім заклікам.

Прадметам спрэчак наконт артыкула Прэйгермана былі пытаньні, хто першы павінен саступаць, заўвагі пра тое, што папярэднія 25 гадоў улада зусім не дэманстравала гатоўнасьць да дыялёгу, і г.д.

Калі не даміноўнай, то вельмі распаўсюджанай рэакцыяй прагрэсіўнай грамадзкасьці на заклікі Прэйгермана былі адказы адмоўныя з рознай ступеньню рэзкасьці — не, дзякуй, ня трэба.

Варта сказаць, што афіцыёз заклік палітоляга проста праігнараваў. Як лаялі апазыцыю, «панікёраў» і фэйкамётаў, так і працягвалі.

Тэкст Яўгена стаў пэўным тэстам, які паказаў, што як улада, гэтак і грамадзтва проста аддаюць перавагу цяперашняму становішчу перад рызыкоўнай і няпэўнай хаця б частковай кансалідацыяй. Цяпер так.

А як будзе далей — для гэтага варта расшыфраваць, разгарнуць акадэмічныя акуратныя формулы Яўгена пра крызісы. Слова гэтае вельмі дэвальвавалася: панізіліся заробкі — вось ужо і крызіс, не жывуць беларусы, як, скажам, палякі — вось і крызіс.

Усё крызіс, і таму па-сурʼёзнаму нішто ня крызіс.

Таму можна паспрабаваць штрыхпункцірна апісаць практычны сцэнар разьвіцьця суплёту крызісаў, пра які напісаў Яўген.

Сцэнар: Пуцін, уратуй!

Лукашэнка працягвае сваю палітыку барацьбы з каранавірусам (кодавая назва «псыхоз»). Беларусь накрывае вельмі сурʼёзная хваля хваробы, хаваць ахвяры, сьпісваць іх на «іншыя хранічныя захворваньні» ўжо не атрымліваецца. Не Італія, не Нью-Ёрк, але шмат, вельмі шмат. Больш адносна насельніцтва, чым у суседзяў, якія тыя ці іншыя меры прымалі, больш, чым у Расеі, якая іх прымала таксама. І беларусы параўноўваюць — як там, як у нас.

Падварыянт — Лукашэнка нарэшце ўводзіць карантын (сьмерцяў, можа, і адносна няшмат — хаця з чым параўноўваць), Лукашэнку пры гэтым па-любому народ крые за тое, што спазьніўся з карантынам, што так доўга вёў народ сваім унікальным шляхам. Пры гэтым карантынная эканоміка накрываецца «медным тазам». Накрываецца, магчыма, яшчэ больш катастрафічна, чым у першым варыянце.

«Медны таз» — таксама мэтафара, якая таксама абясцэнілася. І ў 1998-м ён быў, і ў 2009-м, і ў 2011-м, маўляў, бачылі, чулі мы гэтыя алярмічныя страшылкі.

Сапраўды, бачылі рознае. Але такога, якое будзе, якое можа быць сёлета — можа і ня бачылі. Прагнозы таго ж МВФ для сьвету вельмі несуцяшальныя, экспэрты параўноўваюць бліжэйшую будучыню зь «вялікай дэпрэсіяй» 1929 году. А гэта іншая якасьць, непараўнальная з усім, што беларусы зьведвалі за ўсю найноўшую гісторыю, акрамя хіба пачатку 90-х.

Што такое падзеньне ВУП, скажам, на 10% — у іх няма досьведу паводзінаў, што такое беспрацоўе, скажам, у 20% — вопыт тут ім нічога не падказвае. І нават назіральнікам складана прагназаваць, як беларусы павядуць сябе ў гэтых беспрэцэдэнтных умовах.

І ўсё гэта ўскладнена, абцяжарана вірусам, ацэнкамі той палітыкі, якую беларуская ўлада вяла ці не вяла. І, што вельмі важна, параўнаньнем з вынікамі гэтай барацьбы ў Расеі.

І выснова, да якой звычайны, шараговы беларус (зусім не апантаны фанатык «русского мира») — можа прыйсьці: Хай бы ўжо Пуцін прыйшоў, хай бы ўжо нас уратаваў ад сьмерці — ад вірусу і ад голаду.

Зразумела, гэтыя настроі ўзмацняла б і расейская прапаганда, на пэўным этапе справа магла б дайсьці і да «зялёных чалавечкаў». Але галоўнае — вось гэты магчымы масавы паварот грамадзкай думкі. Ну, а ўжо як і ў што гэта будзе аформлена — у банальную інкарпарацыю, у «дарожныя мапы», уключна з 31-й, з Лукашэнкам ці без Лукашэнкі — гэта насамрэч другаснае пытаньне.

Калі ёсьць урадлівая глеба — вырасьце амаль што заўгодна. Што пасадзяць, тое і вырасьце.

Ва ўсім вінаваты Лукашэнка

Сцэнар крайні, гіпатэтычны. Да таго ж, гэта той сцэнар, якім беларуская ўлада шмат гадоў палохала Захад — маўляў, ня будзеце нас падтрымліваць, вось што будзе. Так што «палюбіце нас чорненькімі».

І праўда страшылка, і праўда маніпуляцыя. Але ці ня можа яна стаць рэальнасьцю ва ўмовах беспрэцэдэнтнага крызісу? Як на мой погляд, імавернасьць рэалізацыі такога сцэнару ня нуль, і яна вышэйшая, чым была, скажам, год таму.

Пра тое гаворыць не адзін Прэйгерман, але і, скажам, банкір Бабарыка і філёзаф Шуман. Яны насамрэч гавораць менавіта пра такі ці такога кшталту сцэнар.

Расейскі палітоляг Леанід Радзіхоўскі ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што Лукашэнка «галавой ударыў Пуціна ў нос, разьбіў ягоны нос і крыштальную мару адным ударам». Меўся на ўвазе плян працягу паўнамоцтваў Пуціна пасьля 2024 году праз далучэньне Беларусі.

Можа і так. Пад гэтую мэту аб'яднаньне не атрымалася, палітычнымі сродкамі не атрымалася. А непалітычнымі таксама не атрымаецца, а праз суплёт крызісаў не атрымаецца? Для рэалізацыі вышэйапісанага сцэнара ад Расеі ніякіх палітычных рухаў, ніякіх новых інтэграцыйных захадаў не патрабуецца, патрабуецца толькі дачакацца рэалізацыі прымаўкі – пакуль тоўсты ссохне, худы здохне.

І вось калі гэта стане рэальнасьцю – што скажуць дэмакратычныя, прагрэсіўныя беларусы?

Дык гэта Лукашэнка давёў, давёў і сваёй шматгадовай палітыкай, і сваёй варʼяцкай палітыкай барацьбы з «псыхозам»-каранавірусам.

Выдатнае тлумачэньне. І вынікі выдатныя будуць. Праўда, Беларусі ўжо ня будзе. Затое Фэйсбук за надзвычайную прадбачлівасьць мэдалёк на грудзі павесіць.

Можна будзе Трампу (ці хто там будзе ў Белым доме) і ў Эўразьвяз напісаць скаргу: па віне Лукашэнкі Расея праглынула Беларусь. Мяркую, што Трамп і ЭЗ будуць узрушаныя. Ці зробяць нешта, акрамя адчуваньня гэтага ўзрушэньня — ня факт. Асабліва ў цяперашняй сытуацыі.

Можна будзе напісаць бліскучыя мэмуары «Як я папярэджваў, што Лукашэнка здасьць Беларусь Расеі». Цікавыя, напэўна, будуць мэмуары.

І ўсё? Так, гледзячы па рэакцыі на артыкул Прэйгермана — гэта і ўсё. Варта адзначыць, што тут нават звыклыя для грамадзянскай супольнасьці мэтады дэкляраваньня сваёй пазыцыі мала што дадуць. Антыінтэграцыйныя мітынгі (Як? У самаізаляцыі?), чарговая порцыя праклёнаў на адрас Лукашэнкі — яны менавіта апісаны мной сцэнар павароту грамадзкай думкі ніяк не прадухіляюць і яму не супрацьдзейнічаюць.

Ірацыянальны вынік рацыянальных дзеяньняў

Ці здольныя прадухіліць яго прапановы Яўгена? Невядома. Можа і не. Але ён прапануе нейкія новыя, беспрэцэдэнтныя паводзіны беларускай грамадзкай і палітычнай эліты ў адказ на новыя, беспрэцэдэнтныя пагрозы. Новыя адказы могуць аказацца адпаведнымі новым выклікам.

Ну, а не — дык не. Сапраўды, пакуль ніякай кардынальнай зьмены сытуацыі няма, навошта ж мяняць паводзіны? Гэтак жа, дарэчы, і Лукашэнка разважае наконт пандэміі — заладзіў пра «псыхоз», пра трактар, лазьню і гарэлку — дык пакуль лік сьмерцяў не на сотні, то з чаго нешта мяняць? Лягічна, рацыянальна.

Як і другі бок разважае таксама лягічна і рацыянальна: калі тактыка Лукашэнкі нейкім цудам спрацуе, дык менавіта тады можна будзе і пра згоду пагаварыць, давядзецца пагаварыць, бо пераможцаў ня судзяць. Ну, а калі лік сьмерцяў пойдзе на сотні ці тысячы, навошта будзе нават імітаваць гатоўнасьць да паразуменьня? І цяпер неахвота, а тады і пагатоў. Нашмат практычней будзе ляпіць на Лукашэнку цэтлік «забойцы беларусаў».

І так абсалютна рацыянальныя дзеяньні гульцоў прывядуць зь няўмольнасьцю да абсалютна ірацыянальнага выніку, да выніку, якога ніхто ня хоча і тады хацець ня будзе. Матрыца!

Як казаў герой аднайменнай стужкі — Сардэчна запрашаем у пустыню рэальнасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(18)